Аляксандр Лукашэнка выступае за актывізацыю ваенна-палітычнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў АДКБ. Такую заяву ён зрабіў 1 сакавіка на сустрэчы з сакратаром Савета бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Мы стварылі Адзіную эканамічную прастору. Сёння як ніколі ў нашым ваенна-палітычным саюзе АДКБ высвеціліся і станоўчыя, і адмоўныя моманты, якія, тым не менш, дазваляюць нам гаварыць пра тое, што ўсе члены АДКБ згодныя: арганізацыя развіваецца ў патрэбным кірунку. Апошнім часам яна набыла яшчэ большы дынамізм», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Патрушава.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, таксама абсалютна відавочныя значэнне і роля СНД і яе структур. «Мы таксама тут практычна ўсе пытанні разумеем і бачым гэту ролю, яе значэнне, бачым тое поле, на якім дзейнічае гэта арганізацыя. Гэта тычыцца і іншых арганізацый, але асабліва нашага саюза Беларусі і Расіі», — зазначыў Лукашэнка. «Тут вырашаны ўсе праблемы», — падкрэсліў беларускі кіраўнік, нагадаўшы, што адным з апошніх крокаў было зацвярджэнне ўсіх нарматыўна-прававых актаў па стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА дзвюх краін.

«Нам неабходна рабіць чарговыя крокі, — заявіў Лукашэнка. — Я не хачу сказаць, што ўсё будзе проста, але камусьці і з чагосьці трэба пачынаць.

А вось з чаго пачынаць больш радыкальнае прасоўванне наперад — у гэтым плане нам трэба вызначыцца. Ёсць сэнс абмеркаваць тыя пытанні, па якіх мы можам значна прасунуцца».

«Думаю, што і Казахстан не будзе ўбаку. А значыць, і іншыя дзяржавы, як мінімум АДКБ. Я не кажу ўжо пра АЭП — тут у нас цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, і, вядома, ваенна-палітычныя пытанні не могуць адставаць», — зазначыў Лукашэнка.

У сваю чаргу Патрушаў заявіў, што паміж саветамі бяспекі дзвюх краін былі праведзены вельмі цікавыя і змястоўныя кансультацыі, у тым ліку па такіх тэмах, як міжнародная і рэгіянальная бяспека, а таксама бяспека ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. «Думаю, што мы адзін аднаго пачулі, і гэтыя ацэнкі будуць карысныя для далейшай сумеснай працы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?