Падзеі апошніх дзён паказваюць, што беларускі рэжым працягвае рухацца ў напрамку рэпрэсій, самаізаляцыі і пагаршэння адносінаў з Еўрасаюзам.
Аб гэтым заявіў пасол ЗША пры АБСЕ ў Вене Іэн Келі 2 сакавіка ў ходзе відэабрыфінгу, арганізаванага амерыканскім пасольствам для беларускіх журналістаў.

Ён падкрэсліў, што ЗША занепакоены і шкадуюць аб дзеяннях беларускага рэжыму ў дачыненні да еўрапейскіх паслоў. Акрамя таго, ЗША па-ранейшаму «глыбока занепакоены парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, а таксама апошнімі палітычна матываванымі прыгаворамі актывістам апазіцыі Сяргею Каваленку, Паўлу Вінаградаву і Аляксандру Арцыбашаву».

«Мы заклікаем неадкладна і безагаворачна вызваліць і поўнасцю рэабілітаваць усіх палітзняволеных у Беларусі, — сказаў Келі. — Мы таксама заклікаем дазволіць зноў адкрыць офіс АБСЕ ў Мінску. Гэта будзе важным крокам на шляху вяртання Беларусі да міжнароднай супольнасці».

Келі паведаміў, што адказаў на просьбы аб вяртанні офіса АБСЕ з Мінска не паступала. Паводле яго слоў, над гэтым пытаннем з МЗС Беларусі цесна працавала Літва падчас свайго старшынства ў АБСЕ.

«Але, на жаль, агульнай мовы не знайшлі.
Беларускія ўлады зацікаўлены ў эканамічным і ваенным супрацоўніцтве, гэта значыць у першых двух вымярэннях у рамках АБСЕ, але не хочуць больш цеснага супрацоўніцтва з трэцім, у галіне чалавечага вымярэння. Але мы не можам сканцэнтравацца на супрацоўніцтве ў нейкім адным вымярэнні, толькі ва ўсіх трох», — падкрэсліў дыпламат.

Ён таксама паведаміў, што цяпер прадоўжыць дыялог з Беларуссю спрабуе старшыня АБСЕ Ірландыя.

На пытанне, ці магчыма ў якасці меры ўздзеяння на Беларусь яе выключэнне з АБСЕ, пасол адказаў: «Наўрад ці ёсць сур’ёзныя размовы наконт гэтага». Паводле слоў Келі, апошні раз краіна выключалася з АБСЕ падчас вайны ў Югаславіі. «Тады мы выкінулі з АБСЕ Сербію за ваенныя дзеянні ў Косаве і Босніі», — адзначыў амерыканскі дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?