Фота belsat.eu

Фота belsat.eu

А 18-й гадзіне з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, што па завулку Акрэсціна ў Мінску, меўся выйсці на свабоду актывіст кампаніі «Гавары праўду», лідар яе моладзевага крыла Zмена Павел Вінаградаў.

Яго сваякі і сябры сабраліся каля турмы сустрэць яго.
Яны падрыхтавалі Паўлу невялікія падарункі ў выглядзе плюшавых цацак — ён атрымаў адміністрацыйны арышт за арганізацыю жартаўлівага пратэсту плюшавых цацак 10 лютага на плошчы Незалежнасці ў Мінску

Аднак Павел на ганку Акрэсціна сёння так і не з’явіўся. Амаль тры гадзіны пра яго не было нічога чуваць, і толькі пасля 21-й гадзіны яго жонцы Святлане патэлефанаваў адзін з міліцыянераў і сказаў, што Павел затрыманы супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС «за правапарушэнне») і вернуты ў Цэнтр ізаляцыі праварушальнікаў. У панядзелак — чарговы суд у судзе Маскоўскага раёна сталіцы.

Святлана Вінаградава мяркуе, што гэта затрыманне было зроблена спецыяльна, каб у яе мужа было трэцяе парушэнне, што прывядзе да больш жорсткага рэжыму.

Таксама сябры Паўла давелаліся сёння, што асуджаны на 10 сутак за арганізацыі цацачнага пратэсту грамадскі актывіст Аляксандр Арцыбашаў таксама на волю не выйдзе, яму дадалі 7 сутак.

Павел Вінаградаў — былы палітвязень. Ён быў асуджаны за акцыю пратэсту 19 снежня на 4 гады турмы. Вызвалілі яго ў верасні, хоць прашэнне аб памілаванні ён не пісаў.

Павел мае дачыненне да арганізацыі трох незвычайных акцый пратэсту, што прайшлі ў Мінску ў лютым: 10 лютага на плошчы Незалежнасці пратэставалі плюшавыя цацкі, 17-га «невядомыя ў масках Лукашэнкі» раздавалі ля Камароўскага рынка сталіцы слоікі «Хрэн вам ад Лукашэнкі», а 20 лютага каля Дома ўрада трое маладых людзей выйшлі з літарамі ШОС.

Вечарам гэтага ж дня, 20 лютага, Вінаградаў знік.
А 17-й хлопец выйшаў з офіса грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Пасля гэтага мабільны стаў недаступным. У 18:30 у яго была запланаваная сустрэча ў кавярні «Містраль» на Валадарскага, да якой ён так і не дайшоў. Затое стала вядома, што туды прыходзілі двое ў цывільным і кагосьці шукалі.

Святлана Вінаградава абтэлефанавала вечарам таго дня ўсе РУУСы сталіцы, а таксама ізалятар на Акрэсціна,

але паўсюль казалі, што яе мужа нідзе няма.
Яна нават звярнулася ў Цэнтр рэгістрацыі няшчасных выпадкаў. І толькі, а 4-й раніцы Святлане паведамілі, што муж знаходзіцца на Акрэсціна.

21 лютага Павел быў асуджаны судом Маскоўскага раёна на 10 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?