Апоўначы 2 сакавіка ў Расіі сканчваецца перадвыбарчы агітацыйны перыяд. Дзякуючы яму кандыдаты ў прэзідэнты атрымалі магчымасць у чарговы раз засвяціцца на экранах тэлевізараў і прадэманстраваць плюралізм меркаванняў у расійскім грамадстве.

Субота, згодна з расійскім заканадаўствам, будзе днём цішыні, але знайсці хоць нейкую палітычную актыўнасць аказалася складаным ужо ў пятніцу.

На фоне Прохарава фатаграфаваліся многія наведвальнікі канцэрту

На фоне Прохарава фатаграфаваліся многія наведвальнікі канцэрту

Прохараў сярод прыхільнікаў

Прохараў сярод прыхільнікаў

Плошчы Масквы на ўсялякі выпадак перакрытыя

Плошчы Масквы на ўсялякі выпадак перакрытыя

З дзясятак білбордаў уздоўж трасаў, з якіх лідар камуністаў Генадзь Зюганаў называўся «нашым прэзідэнтам», — вось і ўсё, што мог убачыць сярэднестатыстычны турыст, які апынуўся ў пятніцу ў Маскве. Перакрытыя турнікетамі цэнтральныя плошчы, патрулюемыя паліцыяй, наводзілі на падазрэнні, што ўлады ўсё ж чагосьці асцерагаюцца, але

ні пікетаў, ні раздачы агітацыйных матэрыялаў ужо не было відаць.

На рэдкіх інфармацыйных плакатах на сценах дамоў расіянам чарговы раз нагадвалі, што выбары адбудуцца менавіта 4 сакавіка. Дарэчы, такая ж інфармацыя дублюецца на магнітных праязных картках у метро.

Сацыяльныя агітацыйныя сеткі

Галоўным мерапрыемствам апошняга дня быў канцэрт у спарткомплексе «Алімпійскі» ў падтрымку Міхаіла Прохарава. Уладзімір Пуцін некалькі дзён таму «збіраў» стадыён «Лужнікі», яго ж апанент абраў менш змяншальную пляцоўку. Сярод заяўленых «зорак» былі гурты «Бі-2», «Машина времени» і папсовае «Серебро».

Ці можна ўявіць мерапрыемства такога кшталту — шматтысячны канцэрт у падтрымку кандыдата ад беларускай апазіцыі — на «Мінск-Арэне»? Ніколі.

Для арганізацыі канцэрту штаб Прохарава выкарыстаў вопыт замежных паліттэхнолагаў. Як высветлілася, каб сабраць паўнюткі зал, неабавязкова ў прымусовым парадку звазіць дзясяткі аўтобусаў з работнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Атрымаць запрашальны білет мог кожны, зто пагаджаўся прапіярыць канцэрт у сацыяльных сетках і даслаць спасылку на сваю «рэкламу» ў выбарчы штаб.
Ахвотных налічылася больш за дзесяць тысяч чалавек. Зрэшты, білеты ў апошні дзень маглі атрымаць і ўсе астатнія.

Панібрацкі кандыдат

Афармленне зала яшчэ раз нагадала, на якую аўдыторыю арыентуецца «кандыдат ад алігархаў».

Старонкі ў Твітэры і ў Фэйсбуку, выявы якіх пастаянна ўзнікалі на гіганцкіх экранах, змяняліся з панібрацкім тэкстам «Міша, мы за цябе!»
. Таму і сярод гледачоў пенсіянераў было мала, ўсё больш моладзь і тыя, каго прынамсі па знешнім выглядзе можна аднесці да сярэдняга класа.

Выхад двухметровага Прохарава на сцэну нагадаў амерыканскія традыцыі кантакту з аўдыторыяй. Пасля невялікай прамовы, у якой ён паабяцаў з Расіі еўрапейскую краіну, мільянер спусціўся на танцпол, каб адплясваць разам з сябрамі свайго выбарчага штабу, каб нібыта падкрэсліць сваю роўнасць з імі.

Такая стратэгія дала свой плён.

Паводле дадзеных прапуцінскіх сацыялагічных службаў, Прохараў выйшаў на трэцяе месца, саступаючы Пуціну і Зюганаву, але апярэджаючы і блазна Уладзіміра Жырыноўскага, і лідара «Справядлівай Расіі» Сяргея Міронава.
Зрэшты, ніхто з іх, як мяркуецца, не складзе сапраўднай канкурэнцыі Пуціну.
Надзеяй прыхільнікаў пераменаў застаюцца паслявыбарчыя акцыі пратэсту, першая з якіх прызначаная на панядзелак, 5 сакавіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?