З прапановай абвесьціць 25 Сакавіка нацыянальным сьвятам зьвярнуліся да Савету Міністраў прадстаўнікі інтэлігенцыі.

«Сёлета спаўняецца 16 гадоў аднаўленьня яе дзяржаўнай незалежнасьці. Аднак на парозе паўналецьця Рэспублікі Беларусь нацыя застаецца расколатай, — пішуць яны. — Палітычнае супрацьстаяньне грамадзянаў закладае міну запаволенага дзеяньня пад дзяржаватворчыя высілкі».

Яны заклікаюць да дэмакратызацыі: «Захаваньне сувэрэнітэту, устойлівае развіцьцё эканомікі будзе гарантаванае толькі тады, калі краіна паўнапраўна вернецца ў сям’ю эўрапейскіх нацый – як роўная між роўнымі. А гэта немагчыма без нацыянальнага адзінства і ўсталяваньня дэмакратычнага дзяржаўнага ладу».

Зварот заклікае да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй: «Узгадненьне падыходаў улады і апазыцыі неабходныя для разьвіцьця грамадзтва».

У якасьці кроку да нацыянальнага адзінства яны заклікаюць урад «абвесьціць 25 Сакавіка – Дзень Волі – нацыянальным сьвятам. Будзе справядліва, калі гэта здарыцца ў год 125-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа».

«У гэты дзень штогод дзясяткі тысяч беларусаў выходзяць на вуліцы гарадоў. Сотні тысяч грамадзян Беларусі і нашых суайчыньнікаў за мяжой адзначаюць гэтую дату. Адсутнасьць яе ў дзяржаўным календары сьвятаў – перажытак савецкага часу», — гаворыцца ў звароце.

Зварот падпісалі некалькі дзясяткаў вядомых дзеячоў навукі, культуры і мастацтва. Сярод падпісантаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, былы старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч, філёзафы Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка і Валер Булгакаў, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі, паэты Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, Андрэй Хадановіч, рэжысёр Валеры Мазынскі, кінакрытык Максім Жбанкоў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, мастак Артур Клінаў, палітоляг Віталь Сіліцкі ды іншыя.

Прапануем поўны тэкст Звароту:

«Беларусь перажывае пераломны этап свайго развіцця. Сёлета спаўняецца 16 гадоў аднаўлення яе дзяржаўнай незалежнасці. Аднак на парозе паўналецця Рэспублікі Беларусь нацыя застаецца расколатай. Мільёны суайчыннікаў па-ранейшаму не адчуваюць духоўнай сувязі з беларускай дзяржаўнасцю. Палітычнае супрацьстаянне грамадзянаў закладае міну запаволенага дзеяння пад дзяржаватворчыя высілкі.

Незалежнасці не можа быць без трывалай эканамічнай базы. Яе не будзе, пакуль эканоміка Беларусі будзе залежыць толькі ад усходняга суседа. Захаванне суверэнітэту, устойлівае развіццё эканомікі будзе гарантаванае толькі тады, калі краіна паўнапраўна вернецца ў сям’ю еўрапейскіх нацый – як роўная між роўнымі. А гэта немагчыма без нацыянальнага адзінства і ўсталявання дэмакратычнага дзяржаўнага ладу.

Выклікі сучаснага свету – энергетычныя, дэмаграфічныя, экалагічныя, гуманітарныя – наўпрост тычацца і Беларусі. І даць годны адказ гэтым выклікам можа толькі адзіная нацыя. Дзеля рэальнай ацэнкі сітуацыі і далейшых крокаў па шляху ўмацавання дзяржаўнасці варта прызнаць, што таксама, як два вектары – еўрапейскі і расійскі – абавязковыя для нашага эканамічнага развіцця, так і ўзгадненне падыходаў улады і апазіцыі неабходныя для развіцця грамадства.

Мы павінны спрыяць усталяванню канструктыўнага дыялогу паміж уладаю і грамадзянскай супольнасцю. Важная роля ў сённяшніх умовах тут можа належыць ураду, які ўсведамляе неабходнасць новага этапу развіцця дзяржавы. Менавіта такія дзеянні ўрадаў ўваходзяць у гісторыю як прыклады патрыятызму, дальнабачнасці і прафесіяналізму.

Набліжаецца дзень 25 Сакавіка, дарагі для ўсіх патрыётаў Беларусі.

25 сакавіка 1918 года была прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвяшчала нашу краіну незалежнай дзяржавай. Пасля гэтага і Захаду, і Усходу стала немагчыма далей ігнараваць дзяржаўныя памкненні беларускага народу. З таго часу ўсе беларускія патрыёты адзначаюць дзень 25 Сакавіка як найвялікшае нацыянальнае свята – Дзень Волі.

У гэты дзень штогод дзесяткі тысяч беларусаў выходзяць на вуліцы гарадоў. Сотні тысяч грамадзян Беларусі і нашых суайчыннікаў за мяжой адзначаюць гэтую дату. Адсутнасць яе ў дзяржаўным календары святаў – перажытак савецкага часу.

Абвяшчэнне дня 25 Сакавіка дзяржаўным святам непазбежнае, бо яно адновіць нацыянальную пераемнасць. Непазбежнае і пераадоленне існуючага ў краіне культурна-гістарычнага расколу беларусаў. Аднак, чым пазней гэта здарыцца, тым слабейшаю будзе Беларусь у гістарычнай перспектыве.

Кіруючыся адказнасцю за лёс беларускай дзяржаўнасці, заклікаючы да нацыянальнага яднання, мы звяртаемся да Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановай абвесціць 25 Сакавіка – Дзень Волі – нацыянальным святам. Упэўненыя, што такое рашэнне ўзмоцніць адзінства беларускае нацыі. Будзе справядліва, калі гэта здарыцца ў год 125-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія ўсёй сваёй дзейнасцю рыхтавалі дзень 25 сакавіка 1918 года і шчыра яго віталі.

Заклікаем таксама кіраўніцтва Савету Міністраў узяць чынны ўдзел у падрыхтоўцы святочных мерапрыемстваў Дня Волі 2007».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0