7.05.
Выбары ў Маскве пачаліся. Карэспандэнт «НН» дзяжурыць на выбарчым участку ў маскоўскім спальным раёне Тушына. Яшчэ да адкрыцця каля ўваходу на ўчастак сабраліся некалькі пенсіянераў, якія чакалі, каб прагаласаваць як найхутчэй. Агулам жа ў першыя хвіліны свой выбар зрабілі 9 чалавек, адзін з іх па адмацавальным дакуменце.

Назіральнікаў восем, ёсць і ад КПРФ, і ад Пуціна, і ад «Справядлівай Расіі». Але, паколькі знаходзіцца ўвесь час на ўчастку неабавязкова, першыя назіральнікі ўжо папрасіліся збегаць дамоў.

7.20.

Як і астатнія выбарчыя ўчасткі, участак № 3015 абсталяваны празрыстымі ўрнамі і дзвюма веб-камерамі. Відэа з участка можна глядзець тут , але яно, відаць, даступна толькі наведвальнікам сайта, зарэгістраваным загадзя.

7.50.

Першая абураная выбарца. Скардзіцца, што няма гучнай музыкі, а таму і няма адчування свята.

Масквічы працягваюць галасаваць, але без асаблівага імпэту. Члены камісіі кажуць, што аншлаг будзе, а 12-й па маскоўскім часе.

8.25.

Буфет, адкрыты ў школе, працуе зусім не з тым размахам, што на выбарах у Беларусі. Ніякага алкаголю, некалькі відаў бутэрбродаў, сокаў і шакаладу. Дый цэны рынкавыя, без зніжак.

8.35.

Для каментатара Мікола ўдакладняем: тым, хто галасуе ўпершыню, ніякіх падарункаў не робяць. Зрэшты, пакуль на ўчастак прыходзяць адныя пенсіянеры.

8.40.

Мяркуючы па запісах у Твітары, самыя распаўсюджаныя парушэнні — «каруселі» выбарцаў, якія едуць ад участка да ўчастка з адмацаваннямі, а таксама… ілжэ-назіральнікі ад кандыдатаў у прэзідэнты. Паколькі на ўчастку можа прысутнічаць толькі па двое назіральнікаў ад кожнага кандыдата, сапраўдных назіральнікаў не рэгіструюць.

9.00.

Інфармацыя пра «каруселі» прыходзіць з суседніх участкаў. Можа, завітаюць і да нас? Зрэшты, камісія выглядае сумленнай. На апошніх парламенцкіх выбарах «Адзіная Расія» атрымала на ўчастку менш за 25%.

9.30.

На нашым участку № 3015 зарэгістравана каля 2000 выбарцаў. Пакуль што прагаласавалі 150 чалавек, прычым аж 18 з іх — па адмацаванні. З хвіліны на хвіліну група сяброў камісіі выправіцца абыходзіць тых выбарцаў, якія не могуць прыйсці на ўчастак самі. У гэтым спісе пакуль 56 чалавек.

9.40.

Па просьбах выбарцаў, на ўчастак прынеслі прайгравальнік, у які ўставілі дыск з караоке. Гучаць савецкія песні без словаў.

9.55.

На ўваходзе ў школу дзяжурыць з дзясятак паліцэйскіх з металашукальнікамі. Яны правяраюць усіх, хто ідзе з вялікімі сумкамі.

10.30.

Адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі адбываюцца і муніцыпальныя. Кандыдатаў было дзевяць, але адзін з іх зняўся. Людзі стараюцца не афішаваць сваю партыйную прыналежнасць, ёсць толькі адзін камуніст і адзін ЛДПРавец. Астатнія праходзяць як самавылучэнцы.

10.35.

Памяшканне, у якім знаходзіцца ўчастак, надзвычай маленькае. Пастаянна збіраюцца чэргі і на атрыманне бюлетэняў, і на ўваход у кабінкі для галасавання.

11.30.

12 гадзін па мясцовым часе — пік галасавання. Людзі ідуць суцэльнай плынню. Усё адбываецца па правілах, ніхто не агітуе ні за Пуціна, ні за яго канкурэнтаў. Толькі адна жанчына, якая галасавала па адмацавальнаму, дэманстратыўна паказала, што яна за Зюганава.

11.45.

Першая скарга. Мужчына наракае, што у выбарчыя спісы ў кватэры, у якой зарэгістраваныя толькі ён з жонкай, запісаны невядомы яму трэці чалавек. Ён падазрае, што камісія можа пасля ўкінуць бюлетэнь ад яго імя.

12.40.

Участак можна заносіць у спіс узорных — не бачна ніводнага парушэння.

16.05.

Галасаванне працягваецца, да закрыцця ўчастку яшчэ тры гадзіны, але выбарцаў ужо амаль няма.

16.20.

У 19.00 па беларускім часе пачнецца самае цікавае — падлік галасоў. Сярод назіральнікаў на ўчастку № 3015 ёсць адзін прадстаўнік КПРФ з правам дарадчага голаса. Ён спадзяецца, што ніводнай памылкі ў выніку не будзе.
16.50.
Як і ў Беларусі, выбарчыя камісіі складаюцца перадусім з работнікаў школы. Таму на працягу цэлага дня адбываюцца «сустрэчы» настаўнікаў з былымі вучнямі.
17.30.
Камісія з жахам чакае падліку галасоў. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў будзе падлічыць лёгка, але адначасова з імі праводзяцца яшчэ і муніцыпальныя. Згодна з законам, выбарцы могуць прагаласаваць больш чым за аднаго муніцыпальнага кандыдата. У нашым выпадку — за чатырох. Але некаторыя выбарцы галасуюць за аднаго, некаторыя — за двух. Карацей, блытаніна.
17.40.
Назіральнікі на ўчастках, дзе галасаванне ўжо скончылася, выстаўляюць у Твітэр пратаколы са сваіх участкаў. Напрыклад, у Бураціі Пуцін ледзь-ледзь, але ўсё ж перадолеў патрэбную мяжу, у яго каля 53%. У Зюганава, які на другім месцы, каля 15%. Прохараў — трэці.
17.50.
Для каментатара Арцёмкі тлумачым, што такое «каруселі». Сотні рабочых/бюджэтнікаў/пуцінскай моладзі незаконна атрымліваюць адмацавальныя пасведчанні, якія даюць права галасаваць у любым месцы краіны. Арганізаванымі групамі яны пераязджаюць ад участка да ўчастка, дзе галасуюць за Пуціна. Такім самым метадам фальсіфікацый актыўна карысталіся ва Украіне, калі па краіне раз’язджалі аўтобусы з шахцёрамі.
18.10.
Яшчэ адзін скандал. Прыбегла пакрыўджаная бабуля. Яна жыве з інвалідам, але да кватэры якой выязная камісія не дайшла, бо не працавалі ні тэлефон, ні дамафон. Цяпер бабуля патрабуе, каб камісія «ўважыла чалавека, які чакаў цэлы дзень». Пасля інструкцыі зверху да інваліда ўсё ж адпраўляецца камісія.
18.20.
Тым часам уся Расія любуецца, як на участку ў Дагестане невядомыя асобы «скармліваюць» дзясяткі бюлетэняў электроннай урне. Відэа можна паспець убачыць тут.
18.30.
Да закрыцця ўчастку засталося паўгадзіны, але большасць назіральнікаў ужо пайшло дадому.
18.45.
У апошнія хвіліны падцягнулася шмат моладзі, не такой адказнай, як пенсіянеры, што галасавалі ўраніцы.
18.55.
Пару хвілін да канца галасавання. Усе гатовыя да падліку бюлетэняў.
21.35.
Падлік галасоў скончыўся.
Згодна з яго вынікамі, перамогу святкаваў прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін. Але паловы галасоў ён не набраў, у яго 46,6%.
Калі б такія вынікі былі ў цэлым па краіне, Расію чакаў бы другі тур.

Другім на ўчастку № 3015 стаў мільянер Міхаіл Прохараваў (21,1%), які ненашмат абышоў Генадзя Зюганава (17,4%). Аутсайдэрамі сталі Сяргей Міронаў (6,3%) і Уладзімір Жырыноўскі (5,9%).

Падчас падліку назіралася поўная свабода — назіральнікам (карэспандэнту «НН» і двум актывістам КПРФ) дазвалялася стаяць каля самага стала падлікаў і нават пераправяраць бюлетэні, падлічаныя членамі камісіі.

* * *

Расійскія выбаршчыкі ў нядзелю галасуюць на выбарах прэзідэнта краіны.

Першыя выбарчыя ўчасткі адкрыліся на Калыме і Камчатцы. У Магаданскай вобласці адчыніліся 110 участкаў, у Камчацкім краі — 127, паведамляе Бі-Бі-Сі.

У Маскве ў ЦВК запрацаваў гэтак званы «відэамур» — экран, на які цягам дня будзе выводзіцца трансляцыя з вэб-камер на выбарчых участках.

Галасаванне завершыцца ў 20:00 па мінскім часе ў нядзелю з закрыццём участкаў у Калінінградскай вобласці.
Удзел у выбарах бяруць: прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін, лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, старшыня ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, кіраўнік «Справядлівай Расіі» Сяргей Міронаў і незалежны кандыдат, бізнесмен Міхаіл Прохараў.
Ніводнага кандыдата ад праўдзівай апазіцыі ў бюлетэнях няма.
Расійская палітычная сістэма адсейвае сілы, якія рэальна адкідаюць пуцінскі палітычны лад.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» адправіліся ў Маскву асвятляць гэтыя выбары і паслявыбарчыя пратэсты — апазіцыя абяцае, што яны будуць.

Ні ў кога няма сумневаў, што Пуцін здабудзе сваіх 50 працэнтаў галасоў.
У краіне, дзе тэле- і радыёканалы цалкам кантралююцца ўладай, гэтага лёгка дабіцца.
Аднак гэтыя выбары, у адрозненне ад галасавання 2008 ці 2004 гадоў, маюць сваю інтрыгу.
Выбарам папярэднічалі 100-тысячныя акцыі пратэсту апазіцыі. Яны адновяцца ў панядзелак і будуць доўжыцца цэлы тыдзень.
Які маштаб набудуць паслявыбарныя пратэсты? Як яны будуць развівацца? Які сцэнар на іх падрыхтавалі пуцінскія сілавікі?
Ці паўтораць яны мінскі снежань-2010, ці дазволяць людзям свабоду выказвання?
Менавіта ад гэтага тыдня будзе залежаць траекторыя развіцця Расіі наступныя 6 гадоў.

Шэсць, бо змененая канстытуцыя падоўжыла прэзідэнцкі тэрмін у Расіі.

Паводле ацэнак расійскага сацыёлага Ігара Клямкіна, папулярнасць Пуціна падае і можа цалкам развеяцца ў наступныя гады.

Усё большую вядомасць набывае палітычны лідар новага пакалення — расійскі нацыяналіст Аляксей Навальны.
Гэты блогер з’яднаў вакол сябе правых і левых. Ён вылучыў некалькі тэм, якія аб’ядноўваюць расійскае грамадства: барацьба з карупцыяй, дэмакратызацыя палітычнай сістэмы, еўрапеізацыя дзяржаўных органаў.
Навальны заклікае да маніфестацый з палітычнымі патрабаваннямі. Ён прапануе разбіць у цэнтры Масквы намётавае мястэчка
і пратэставаць да таго часу, пакуль улады не задаволяць патрабаванняў апазіцыі. У прыватнасці, патрабуюць правядзення перавыбараў у Думу і адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркама.

Такім чынам, наша ўвага будзе скіравана на Маскву не толькі сёння, 4 сакавіка, але і наступныя дні.

Заставайцеся з «Нашай Нівай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?