Выступаючы перад журналістамі ў Раўбічах на мерапрыемстве «Мінская лыжня-2012», Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся пра сітуацыю вакол санкцый ЕС.

Гаворачы пра польскіх і нямецкіх палітыкаў Лукашэнка не выбіраў выразаў. Польшчу звінаваціў у намерах падзяліць Беларусь, Нямеччыне нагадаў пра ахвяраў Другой сусветнай вайны.

«Гэта абсалютная істэрыка, і, як вы бачыце, у авангардзе два тыпы палітыкаў ці ўвогуле два тыпы ад палітыкі: адзін жыве ў Варшаве, другі у Берліне», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«Я ж кажу, што там карты ўжо прамаляваныя да Мінска, там ужо тэрыторыя Польшчы. Зразумела, трэба неяк гэтыя малюнкі падтрымліваць, падмацоўваць, апраўдваць.
Таму і ідуць такія заявы. Я толькі не ведаю, якое дачыненне гэтыя палітыкі маюць да польскага народу або польскі народ да гэтых палітыкаў. Гэта наогул чужыя людзі для Польшчы. Ясна, чыю палітыку яны сёння праводзяць. Гэтыя людзі — не палякі, яны чужыя польскаму народу».

Наступныя выказванні Лукашэнка прысвяціў немцам.

«Што тычыцца другога, не то ружовага, не то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў ... Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чым блакітным. Але бог з ім, пытанне ў іншым — мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагоддзя, і што свет атрымаў ад іх дыктатуры.
Наш народ яшчэ не апамятаўся да гэтага часу. Таму не ім нас папракаць з нагоды нейкай дыктатуры. Я на гэтую тэму ўвогуле разважаць не хачу».

Лукашэнка нагадаў, што ў апошні спіс ЕС трапілі суддзі і міліцыянты. Ён адзначыў:

«Яны пачалі ціск на суддзяў, і гэта не выпадкова. Гэта сігнал суддзям: глядзіце, будзеце не так судзіць, як хочуць у Брусэлі ці Вашынгтоне, значыць, мы вам візу не дамо . Але суддзя залежны толькі ад аднаго — артыкула закона, ён не мае права на іншае. За што ж судзіць суддзю? (...)

Ці ж патрапілі там два міліцыянта. Гэта таксама сігнал: глядзіце, будзеце змагацца за стабільнасць Беларусі, будзеце гэтую «пятую калону» ў пачуцці прыводзіць, мы вам таксама візу не дамо.
Гэта ўсё сігналы ў адным кірунку. Ім карціць разбурыць нашу стабільнасць і знішчыць нашу дзяржаву, зрабіць яе падручнай ва ўсіх адносінах».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?