Ад расейскага рубля Менск адбіваецца як можа. Лукашэнка патлумачыў пераканаўча: па заробкі у Крэмль езьдзіць не зьбіраецца.

Зь іншага боку, зразумела, у Маскве не такія дурні ці ідэалісты, каб згаджацца на другі эмісійны цэнтар, як прапаноўваў беларускі бок.

Хаця б таму, што гэта ўжо праходзілі.

Мусіць, ня ўсе памятаюць, што савецкі рубель пратрываў пасьля распаду СССР ледзь ці ня два гады. І нейкі час у старой рублёвай зоне знаходзіліся нават краіны Балтыі. Ілюзіі яе захаваньня паддаўся тады нават МВФ (!).

Але гэтая схема была асуджаная. Бо банкі ўсіх постсавецкіх рэспублік атрымалі магчымасьць выпускаць "безнаяўныя рублі". Навукова кажучы, рабіць крэдытную эмісію. І пайшло-паехала. Бо, ведама ж, кожны на сваю руку цягне!

На бюджэтны дэфіцыт ніхто не зважаў. У Грузіі, напрыклад, цягам 1992—93 гадоў навыдавалі крэдытаў на суму, што ў 25 разоў перавышала нацыянальны прадукт :)

У межах СНД пачаўся экспарт-імпарт інфляцыі. У выніку гэта бумэрангам ударыла па самой Расеі.

Зрэшты, паслухаем дыктафонны запіс. Вось як падаў мне той сюжэт для этэру "Свабоды" Станіслаў Багданкевіч, які ў 1991 годзе ачоліў наш Нацбанк.

* * *

"...Мала хто памятае, што ў белавежскіх пагадненьнях было запісана: у СНД захоўваецца агульная грашовая адзінка.

І было б натуральна скарыстаць у гэтай якасці менавіта савецкія грошы. Нашто вынаходзіць ровар?

Але ў постсавецкіх краінах спакусіліся, як у народзе кажуць, на дурніцу. Ці, калі мовіць навукова, пачалі нястрымную эмісію. Кожная рэспубліка, карыстаючыся фінансавай анархіяй, імкнулася напладзіць як мага болей так званых "безнаяўных рублёў". Гэта дазваляла вырашыць свае праблемы за кошт іншых.

Я паспрабаваў спыніць той тупіковы працэс. Зразумела ж было, што рана ці позна гэта вылезе бокам.

Дык вось, я здолеў сабраць у Менску кіраўнікоў нацбанкаў усіх краінаў СНД. Уключна з самім Гераклам (такая мянушка была ў кіраўніка расейскага Цэнтрабанку Герашчанкі).

Я тады горача пераконваў, што належыць жорстка кантраляваць эмісію наяўных і безнаяўных грошай. Што нельга займацца дзяржаўным фальшываманетніцтвам. Трэба, каб кожная краіна СНД рабіла эмісію строга ў межах пэўнай квоты. Іначай кажучы, у памерах вызначанага адсотку ад валавога нацыянальнага прадукту.

Здавалася, калегі ўсё разумеюць. Мы нават падпісалі тады адмысловае пагадненьне. Але ж рэй вялі не банкіры, а палітыкі. А палітычнай волі да цывілізаванае грашовай палітыкі акурат і бракавала. Надта ж спакушальна было абвесьці суседзяў вакол пальца.

Неўзабаве пад ціскам сваіх урадаў нацбанкі Ўкраіны, Казахстану дый самой Расеі разгарнулі зусім бескантрольную эмісію.

Я цэлы год трываў. А калі зразумеў, што ўсе пагадненьні ўжо кату пад хвост, дык таксама трохі паспрыяў роднай беларускай эканоміцы. Мы зрабілі такую эмісію, што пераплюнулі астатнія краіны СНД.

Сёння магу прызнацца, што таксама саграшыў. Але ж у апошнюю чаргу. Проста падумаў, як на вёсцы кажуць: ці ж мы самыя дурныя?

У выніку і мы ў даўгу не засталіся. У літаральным сэнсе. Бо дзякуючы той эмісіі скасавалі немалыя запазычанасьці за газ ды нафту. Спадзяюся, гісторыя мне даруе".

* * *

Аляксандар Лукашэнка раз-пораз згадвае, як Расея беспардонна выпіхнула нас з рублёвае зоны.

Маецца на ўвазе ашаламляльнае рашэньне Масквы вывесьці з абарачэньня купюры, выпушчаныя да 1993 году. Мяняць старыя рублі на новыя дазвалялася толькі расейскім грамадзянам ды прадпрыемствам. Рэшта СНД заставалася з пустымі паперкамі на рукох.

Насамрэч, як бачым, гэта было толькі разьвязкай.

Расея колькі магла трымалася за тую рублёвую зону, марачы захаваць фінансавы (чытай: палітычны) кантроль над постсавецкім абсягам. Але сувэрэнізацыя былых "малодшых сёстраў" паклала гэты праект на лапаткі.

І наш Нацбанк, скажам дыпляматычна, таксама ня спаў у шапку.

А мараль тут простая. Марная справа — уліваць новае віно ў старыя мяхі.

Не атрымалася тады і тым болей наўрад ці атрымаецца сёньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?