Аляксандар Мілінкевіч даслаў каля двухсот запрашэньняў эўрапейскім палітыкам і грамадзкім дзеячам прыехаць у сталіцу Беларусі на Дзень Волі. Такія запрашэньні накіраваны Леху Валэнсу, Вацлаву Гаўлу, кіраўнікам фракцый Эўрапарлямэнту, кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

“Гэта ідзе ў працягу звароту да спадара Ван дэр Ліндэна, калі спадар Мілінкевіч прапанаваў яму прыехаць у Беларусь і самому пераканацца наколькі ўлада хоча дыялёгу ўнутры грамадзтва. Учора, дарэчы, ужо быў адказ віцэ-старшыні Эўрапейскага парлямэнту Марыё Маўра, які выказаў сваё жаданьне завітаць у Беларусь”.

Ва ўлётках да 25 Сакавіка зьмешчана патрабаваньне да кіраўніцтва Беларусі выканаць умовы Эўрапейскага зьвязу. Сярод іх найпершыя – вызваленьне палітычных вязьняў, забесьпячэньне свабоды слова і маніфэстацый.

У сеціве адчынены адмысловы сайт 25.svaboda.info. Акрамя ўлётак, тут заклік да менчукоў пасяліць у сябе грамадзянаў, якія прыедуць на сьвяткаваньне з рэгіёнаў. Паводле сябра аргкамітэту, намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, праз Інтэрнэт ужо выказалася аб удзеле ў мітынгу каля 8 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?