Эксперт уплывовага польскага аналітычнага Цэнтра міжнародных адносін апублікаваў артыкул з аналізам сітуацыі ў Беларусі. І беларуска-еўрапейскіх адносін у святле апошняга дыпламатычнага канфлікту.

Бародзіч-Смалінскі адным з першых прызнае рэаліі, на якія раней у Еўропе імкнуліся заплюшчваць вочы.
Заплюшчвалі, бо яны малапрыемныя.
Пасля ўваходжання ў Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору Беларусь развіталася з часткай суверэнітэту.
І гэтыя змены носяць незваротны характар, мяркуе Бародзіч-Смалінскі. Крок за крокам Расія ўзмацніць кантроль.
У Беларусі застануцца толькі фармальныя прыкметы суверэнітэту.
Трэба ўспрымаць гэта як дадзенасць і з гэтага сыходзіць, і пры гэтым працягваць падтрымку незалежніцкага руху, мяркуе аналітык.
«Еўрасаюзу разумней было б заплюшчыць вочы на далучэнне Беларусі Расіяй, — так можна коратка сфармуляваць правакатыўную думку Бародзіча-Смалінскага.
 — Гэта хутчэй прывядзе да зменаў у Беларусі, чым адваротны падыход». Праўда, сам аналітык прызнае рызыкоўнасць такога падыходу.
Прыводзім тут ніжэй тэкст ягонага артыкула з нязначнымі скаротамі.

Паслы краін Еўрасаюза выехалі з Мінска.

Двухбаковыя адносіны небяспечна наблізіліся да крытычнага пункту, за якім можа адбыцца поўная страта ўплыву Брусэля на Беларусь, але які можа таксама стаць пачаткам новай палітыкі ЕС да гэтай краіны.

Праблемы з увядзеннем новых санкцыяў да Беларусі (казус з вета Славеніі) паказалі, што Беларусь добра засвоіла ранейшыя ўрокі і навучыліся весці дыпламатыю паводле расійскіх правілаў, то бок працаваць ціха, але настойліва.

Беларусь рашуча адрэагавала на пашырэнне санкцый ЕС:
адазвала сваіх амбасадараў з Брусэля і Варшавы. У той жа час прадстаўнікоў Еўрасаюза папрасілі адправіцца на кансультацыі ў іх сталіцы.

Дыпламатычна выказаныя прапановы, якія былі вынесеныя на кансультацыі, не раўнаважныя высылцы паслоў з краіны або прызнанню іх персонамі нон грата. Беларускі бок, абіраючы такую стратэгію паводзінаў, пакінуў дзверы адчыненымі для вяртання паслоў.

Падобныя сітуацыі здараюцца нячаста і не абяцаюць нічога добрага — яны сведчаць аб правале двухбаковых адносін.

Адносіны з Беларуссю два дзясяткі гадоў ходзяць па адным коле: з росту напружанасці ў крызіс, потым супакаенне — і так да паўторнага ахаладжэння адносінаў. Беларусь выкарыстоўвае сваё выдатнае размяшчэнне паміж Усходам і Захадам, рыторыку і слабасць дзяржаваў-сябраў ЕС і ў той жа час не ідзе на доўгатэрміновыя саступкі.

Еўрапейская адкрытасць да дыялогу ўспрымаецца ў Мінску як непаслядоўнасць.
Яшчэ адной праблемай з’яўляецца фактычная адсутнасць сур’ёзных прапановаў з Брусэля для краіны, якая не выяўляе імкнення да інтэграцыі або аб’яднання са структурамі ЕС, але штораз ахвотней збліжаецца з Расіяй.

Кэтрын Эштан і Радаслаў Сікорскі мусілі знайсці адказ. Рашэнне знайшлося: праявіць салідарнасць і адклікаць паслоў на кансультацыі.

На жаль, сродкі масавай інфармацыі і палітыкі зайшлі задалёка, і няма ніякіх падставаў лічыць, што сітуацыя хутка палепшае.

Меры, прынятыя Захадам, маглі б быць дзейснымі толькі пры ўмове, што следам за імі будуць канкрэтныя дзеянні, якія прадэманструюць, што Брусель гатовы ўзяць на сябе ініцыятыву і пазбавіцца ілюзій у дачыненні да Мінска.
У адваротным выпадку, праз некалькі месяцаў паслы вернуцца на свае месцы і зноў пачнецца дыпламатычная «гульня мускуламі».
Нягледзячы на шматлікія «але», падаецца ўсё ж, што хуткае вяртанне да паўнавартаснага функцыянавання дыпламатычных місій з’яўляецца найважнейшым.
Можна выказаць здагадку, што якраз у беларускім выпадку, калі рэгулярныя кантакты паміж Мінскам і іншымі сталіцамі абмежаваныя, праца амбасадараў надзвычай важная. На жаль, вяртанне паслоў у Мінск не вырашыць праблему невыніковасці еўрапейскай палітыкі.
Адкліканне паслоў і недахоп персаналу ў дыпламатычных прадстаўніцтвах у доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да небяспечнага для Беларусі перафармулявання еўрапейскай палітыкі.

ЕС можа выбраць, да прыкладу, рэалістычны і прагматычны курс, што адкрые поле для адступлення ад аўтаноміі / незалежнасці Беларусі.

Калі гэта адбудзецца, можна меркаваць, што новая палітыка ў дачыненні да Мінска будзе сфармавана на аснове наступных ацэнак:

а) Еўрапейскі саюз не будзе мець патрэбы ў поўным складзе сваіх дыпламатычны прадстаўніцтваў у Беларусі, для таго каб эфектыўна абараняць свае інтарэсы.

б) дзяржавы Саюза могуць дазволіць сабе цвёрды курс у дачыненні да Мінска і зніжэнне рангу дыпламатычных місій, бо гэта не паўплывае на дынаміку развіцця эканамічных адносін. Палітычныя адносіны будуць фармавацца з улікам пазіцыі Расіі як боку, які мае ўплыў на палітычныя падзеі ў Беларусі.

в) ступень інтэграцыі Беларусі з Расіяй у рамках інтэграцыйных структур: Саюз Беларусі і Расіі, Адзіная эканамічная прастора, Зона свабоднага гандлю і Мытнага саюза спрыяюць таму, каб галоўны цэнтр прыняцця эканамічных рашэнняў быў перанесены ў Маскву, а Мінск толькі фармальна захаваў атрыбуты суверэнітэту: пасаду прэзідэнта, парламент, войска, сцяг, гімн, пашпарты і г.д.

г) Еўрапейскі саюз згодны з тым, што Беларусь можа часова страціць сваю незалежнасць. Дэмакратычныя перамены ў гэтай краіне немагчымыя без глыбокіх палітычных і дэмакратычных зменаў у Расіі.

д) грамадзянам Рэспублікі Беларусь прасцей знайсці працу ў Расіі, чым легальна працаваць у краінах Еўрапейскага саюза, якія не маюць намер спрашчаць працэдуру выдачы віз у Шэнгенскую зону і зніжаць выдаткі на іх атрыманне.

Рызыкоўная новая палітыка ЕС у дачыненні да Мінска, сфармаваная на аснове прыведзенай вышэй гіпатэтычнай ацэнкі сітуацыі можа прыняць наступны выгляд:

1. Прысутнасць супрацоўнікаў амбасады зведзеная да мінімуму. Саюз падтрымлівае пасольства ў рэшткавай форме (без амбасадара, самая высокая пасада — дарадца). Поўны склад штатаў дыпламатычных прадстаўніцтваў можна разглядаць як прыкмету рэспектабельнасці, але Брусель не залежыць ад гэтых сувязяў цалкам. Падтрыманне прадстаўніцтваў у такой форме дазваляе хутка аднавіць поўную структуру і вярнуцца да дыпламатычнага дыялогу ў надзвычайных сітуацыях, і адначасова прымушае кіраўніцтва Беларусі да аналагічнага скарачэння штату і зніжэння рангаў сваіх уласных прадстаўніцтваў.

2. Саюз рэарганізуе распарадак консульстваў: калі краіны Шэнгенскага дагавору уніфікуюць парадак выдачы віз, можа стацца, што менавіта ў Беларусі Брусэль зможа яго апробаваць. Магчыма, будуць сфармаваныя адзіныя консульствы ЕС у кожным абласным горадзе.

3. Гандлёвыя прадстаўніцтвы ўзмоцняць пазіцыі за кошт дыпламатычных прадстаўніцтваў. Умацаванне сярэдняга класу і эканомікі Беларусі ў эканамічных інтарэсах усіх краін садружнасці. Урад Беларусі заяўляе аб сваёй адкрытасці для інвестыцый, а таксама аб жаданні прыцягнуць заходні капітал.

4. Беларускія аддзелы, якія адказваюць за маніторынг сітуацыі, могуць быць пераведзеныя ў амбасады адпаведных краін ЕС у Маскве.

5. Падтрымка грамадзянскай супольнасці ў Беларусі будзе ажыццяўляцца і надалей: ніякіх сур’ёзных зменаў тут не чакаецца. Фінансаванне грамадзянскай супольнасці і НДА сёння ажыццяўляецца з парушэннем нормаў мясцовага заканадаўства, і краіны ЕС не маюць інструментаў для абароны сваіх партнёраў.

6. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму гатовы сістэмна і імгненна падтрымаць змены ў Беларусі ў выпадку, калі іх даб’ецца мясцовае насельніцтва, як гэта было ў выпадках Егіпта, Туніса і Лівіі.

Якімі б фантастычнымі і неймавернымі ні здаваліся гэтыя тэзісы, трэба зыходзіць з таго, што Беларусь губляе сваю незалежнасць.
Беларускі бок таксама павінны зразумець, што спроба гуляць з уласнай незалежнасцю, шантажуючы Еўрасаюз (з якім трэба было б супрацоўнічаць, бо інакш беларускі бок штурхае краіну ў абдымкі Расіі), нікуды не вядзе. Ёсць шмат адценняў шэрага, і прыведзеныя вышэй развагі паказваюць, што ў Брусэля ўсё ж ёсць выбар.
Страта суверэнітэту Беларусі не адбудзецца аднамомантава.
Мы сочым за працэсам, і нам здаецца, што ён зваротны: магчыма, марудлівасць працэсу прытупляе пільнасць Еўропы.
Грамадзянская супольнасць у Беларусі не існуе: мы бачым толькі яе зародкі, але яна можа гэтак жа развівацца ў сітуацыі, калі Беларусь не будзе афіцыйна незалежнай дзяржавай.

Захад можа працягваць інвеставаць у Беларусь, каб дбаць аб сваіх інтарэсах і выбудоўваць добрыя адносіны, але Аляксандр Лукашэнка і яго асяроддзе мусяць разумець, што без сур’ёзных структурных рэформаў Беларусь становіцца ўсё менш прывабнай у эканамічным плане. Інвестыцыі ў гэтай краіне разлічаныя на больш доўгі час, каб, магчыма, перажыць Лукашэнку —

для бізнэсу няма розніцы, развівацца ім у межах Рэспублікі Беларусь ці ў Беларускай Губерні.
У абодвух выпадках яны прынясуць сваю выгаду.

* * *

Войцех Бародзіч-Смалінскі, аналітык польскага Цэнтра міжнародных адносін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?