З былым кандыдатам у прэзідэнты, лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым 7 сакавіка сустрэўся адвакат, паведаміла жонка палітыка Ірына Халіп.

Паводле яе слоў, адвакат і Саннікаў абмяркоўвалі «выключна юрыдычныя пытанні».

«Андрэй не можа нічога сказаць ні пра ўмовы ўтрымання, ні пра стан яго здароўя, бо сустрэча з адвакатам праходзіць пры ўмовах жорсткай мадэрацыі з боку супрацоўнікаў калоніі.
Таму пра яго становішча я пакуль не ведаю», — сказала Халіп.

Яна адзначыла, што атрымала ліст ад Саннікава. «Ліст кароткі, але большы за папярэдні.

Саннікаў просіць павіншаваць ад яго імя жанчын з 8 Сакавіка і адзначае, што ў турме яшчэ раз пераканаўся ў тым, што беларускія жанчыны — самыя прыгожыя, самыя адданыя. І самыя лепшыя»,
— паведаміла Халіп.

***

Нагадаем, у маі 2011 года Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне ён павінен быў у калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), аднак палітыка некалькі разоў пераводзілі ў іншыя калоніі.

У канцы студзеня стала вядома, што Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні. Паводле слоў Халіп, яно было напісана яшчэ 20 лістапада мінулага года пад уздзеяннем катаванняў. У МУС сцвярджаюць, што прашэнне Саннікаў напісаў 23 снежня, і праз месяц, 23 студзеня, адміністрацыя калоніі «Віцьба-3» перадала яго ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта. Прадстаўнікі адміністрацыі сітуацыю з прашэннем Саннікава не каментуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?