Прачытаў на сайце радыё «Свабода» аб тым, што ў Жлобіне моладзевыя актывісты пачалі збіраць подпісы за аднаўленне працы мясцовага гістарычна‑краязнаўчага музея. У паведамленні гаворыцца пра тое, што будынак музея – гэта былы дзіцячы садок, але нічога не сказана аб тым, чым з’яўляўся будынак да размяшчэння ў ім дзіцячага садка. Справа ў тым, што жлобінскі гісторыка‑краязнаўчы музей знаходзіцца ў будынку касцёла св. Казіміра, які быў пабудаваны ў 1911 г. На сёння гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны будынак касцёла, які захаваўся на беларускіх землях былога Гомельскага дэканату Магілёўскай архідыяцэзіі.

Гісторыя пабудовы жлобінскага касцёла такая: у пачатку ХХ ст. Жлобін ужо з’яўляўся важным чыгунаным вузлом, яго насельніцтва пастаянна расло і да 1905 г. дасягнула 4,5 тысяч чалавек. Сярод гараджан, асабліва чыгуначнікаў налічвалася шмат католікаў, якія вымушаны былі адпраўляць свае рэлігійныя патрэбы ў невялікім малітоўным доме. 24 мая 1909 г. вернікі паставілі пытанне аб пабудове ў Жлобіне сапраўднага касцёла. На чале з пробашчам Антушаўскага касцёла ксяндзом Аляксандрам Болтуцем быў арганізаваны камітэт, які займаўся вырашэннем гэтай праблемы, пачалі збірацца грошы. У гэты час у суседнім Рагачове пачыналася будаўніцтва новага касцёла і жлобінцы за 900 руб. выкупілі стары рагачоўскі касцёл. Зямлю пад пабудову касцёла ахвяраваў князь Друцкі‑Сакалінскі. Дзякуючы намаганням ксяндза Аляксандра Болтуця драўляны касцёл св. Казіміра (які да пачатку 20‑х называлі капліцай) паўстаў у Жлобіне ў 1911 г. і існаваў да 1934 г., калі ён быў зачынены савецкай уладай.

Варта прыгадаць, што з 5 мая 1920 г. да ліпеня 1921 г. капеланам Жлобінскага касцёла быў вядомы беларускі рэлігійны дзеяч Карл Лупіновіч, які з’яўляўся прыхільнікам беларусізацыі касцёла. Думаю, што не зашкодзіла б з часам павесіць на будынку былога касцёла мемарыяльную дошку ў гонар К.Лупіновіча.

Жлобінскі касцёл на кароткі тэрмін узнавіў сваю дзейнасць толькі ў часе Другой Сусветнай вайны, калі нямецкія ўлады дазволілі вернікам адчыняць забраныя касцёлы і ўладкоўваць капліцы. Жлобінскія вернікі ў гады вайны час ад часу карысталіся з паслуг вайсковых капеланаў акупацыйных войскаў. Пасля вайны ўлады другі раз адабралі святыню і перарабілі яе на дзіцячы садок. У пачатку 80‑х гг. тут пасля капітальнага рамонту адкрыўся гісторыка‑краязнаўчы музей.

Пачатак 1990‑х гг. стаў часам адраджэння каталіцкага жыцця ў Жлобіне. На Вербную нядзелю 1991 г. на працу ў горад прыехаў ксёндз Ян Саламон (цяпер з’яўляецца рэктарам духоўнай семінарыі ў Пінску). У 1992 г. 12 красавіка каля трохсот прыхажан разам з ксяндзом Янам Саламонам маліліся каля сцен музея, выказваючы тым самым жаданне вяруць сабе касцёл. Аб гэтых падзеях пісала мясцовая газета «Новы дзень». Просьбы аб вяртанні святыні вернікі накіроўвалі ў Вярхоўны Савет на імя старшыні С..Шушкевіа. Але ўлады вырашылі па‑свойму і насуперак пажаданням вернікаў вырашылі аддаць католікам замест гістарычнага будынка касцёла будынак крамы № 23.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?