За 2011 год у Мінску паменшылася доля хатніх гаспадарак, якія маюць сярэднедушавыя рэсурсы да 1 млн. рублёў. Такія даныя паводле вынікаў выбарачнага абследавання публікуе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінска.

Так, калі ў 2010 годзе такія даходы мелі 56,3% хатніх гаспадарак, то ў 2011 годзе — 28,5%.
Доля хатніх гаспадарак, якія маюць сярэднедушавыя рэсурсы ад 1 да 1,5 млн. рублёў, павялічылася з 29,3 да 30,8%.
Больш за 1,5 млн. рублёў у 2010 годзе мелі 14,4% хатніх гаспадарак, у 2011 годзе — 40,7%.

Наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку ў 2011 годзе склалі 3 млн. 606 тыс. рублёў за месяц і ў рэальным выражэнні ў параўнанні з 2010 годам паменшыліся на 2,6%.

Пад наяўнымі рэсурсамі разумеюцца грашовыя сродкі хатніх гаспадарак плюс кошт спажытых прадуктаў харчавання, якія паступілі з асабістай падсобнай гаспадаркі (за вылічэннем матэрыяльных расходаў на іх вытворчасць). Сюды ж уваходзіць кошт прадстаўленых у натуральным выражэнні льгот і датацый.

Узровень рэсурсаў, што маюцца ў наяўнасці хатніх гаспадарак Мінска, на 31,3% перавышаў сярэднерэспубліканскі (у 2010 годзе — на 32,6%).

Наяўныя даходы ў разліку на члена хатняй гаспадаркі склалі 1 млн. 476,1 тыс. рублёў за месяц
і перавысілі бюджэт пражытачнага мінімуму ў 3,1 разу, мінімальны спажывецкі бюджэт — у 2 разу (у 2010 годзе — адпаведна ў 3,6 і 2,2 разу).

У структуры даходаў хатніх гаспадарак аплата працы, даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці склалі 69,9% (у 2010 годзе — 69,2%), пенсіі, дапамогі, стыпендыі — 18,3% (17,3%), матэрыяльная дапамога сваякоў і знаёмых — 5,2% (5,8%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?