Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 1150-годдзю Полацку, пройдуць з 25 мая па 5 чэрвеня, паведаміў старшыня Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Пазняк 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, урачыстасці распачнуцца 25 мая канцэртам «Шэдэўры опернага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі». Афіцыйнае адкрыццё святкаванняў «Полацк — мая памяць і гонар» пройдзе на наступны дзень. У яго межах адбудзецца ўшаноўванне найлепшых людзей Полацка, у тым ліку ўдастоеных звання «Ганаровы грамадзянін», а таксама канцэрт. Завершацца ўрачыстыя мерапрыемствы 5 чэрвеня — у дзень памяці найпадобнай Ефрасінні Полацкай — хрэсным ходам ад Сафійскага сабора да Спаса-Праабражэнскай царквы.

«Полацк будзе пазіцыянавацца як горад духоўнасці, гэта значыць будзе адбывацца спалучэнне свецкіх і духоўных мерапрыемстваў», — сказаў Пазняк. Ён не сумняваецца, што ўсё задуманае атрымаецца, у тым ліку за кошт таго, што «адчуваецца падтрымка міністэрстваў і ведамстваў».

Пазняк паведаміў, што ўлады гатовы забяспечыць пражыванне ўсім гасцям Полацка на час святочных мерапрыемстваў.
«У Полацку, Наваполацку і пры неабходнасці найбліжэйшых раённых цэнтрах можна будзе размясціць прыкладна тры тысячы чалавек», — адзначыў ён. Пры гэтым старшыня гарвыканкама паведаміў, што ў самім Полацку ёсць толькі адна гасцініца амаль на 200 месцаў, яшчэ пяць гасцініц працуе ў Наваполацку, пры неабходнасці прыезджых абяцаюць размяшчаць у інтэрнатах навучальных устаноў.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі паведаміў, што мерапрыемствы, прысвечаныя 1150-годдзю Полацка, пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі. «У Мінску, абласных цэнтрах будуць арганізаваныя выставы, тэатралізаваныя прадстаўленні. Пройдуць навукова-практычныя канферэнцыі, у школах запланаваны тэматычныя ўрокі», — сказаў ён. Акрамя таго, святочныя мерапрыемствы будуць праводзіць дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой для «папулярызацыі Полацка як важнага турыстычнага цэнтра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?