Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ўказам ад 3 сакавіка зацьвердзіў плян мерапрыемстваў па падрыхтоўцы рабочага візыту прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну.

Першапачаткова гэты візыт кіраўнікі дзяржаваў плянавалі на люты, але потым яго перанесьлі на сакавік.

Юшчанка, між іншага, даручыў падрыхтаваць для падпісаньня падчас візыту Лукашэнкі пяць дакумэнтаў: пагадненьне аб спрошчаным парадку перасячэньня беларускай тэрыторыі работнікамі і транспартнымі сродкамі Чарнобыльскай АЭС; пратакол аб зьмяненьнях пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне дзяржаўных выпрабаваньняў і аховы гатункаў расьлінаў; дагавор аб перадачы асобаў, прыгавораных да пазбаўленьня волі; мэмарандум аб супрацоўніцтве ў энэргетычнай сфэры й консульскую канвэнцыю.

Рабочы візыт Лукашэнкі ва Украіну, хутчэй за ўсё, у сакавіку адбудзецца, бо Юшчанка даручыў міністэрству замежных справаў Украіны падрыхтаваць да 30 сакавіка справаздачу аб гэтым візыце.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0