Галоўны трэнер мінскага Дынама Марэк Сікора, які аб’явіў пра звальненне з пасады адразу пасля паражэння ў першым раўндзе Кубка Гагарына ад маскоўскага «Дынама», вечарам 12 сакавіка на сустрэчы каманды з заўзятарамі прызнаўся, што гады работы ў Мінску сталі для яго аднымі з лепшых у кар’еры.

Нягледзячы на невыкананне задачы па выхаду ў другі раўнд плэй-оф, 63-гадовы чэшскі спецыяліст, які вырашыў завяршыць трэнерскую кар’еру, пачуў у свой адрас нямала цёплых слоў як ад заўзятараў, якіх прыйшло на сустрэчу амаль 3,5 тыс., так і ад кіраўніцтва клуба.

Напрыклад, старшыня назіральнага савета клуба Юрый Бародзіч, падкрэсліўшы прафесіяналізм Марака Сікоры, выказаў надзею, што супрацоўніцтва са спецыялістам прадоўжыцца ў некалькі іншай якасці, і запрасіў чэха ў будучым сезоне наведаць матчы «Дынама» ў ролі гледача: «Мы вельмі ўдзячныя гэтаму прафесіянальнаму трэнеру, бо два апошнія сезоны каманда ўваходзіць у зону плэй-оф. Мы ўдзячныя яму за работу, якую ён зрабіў, і спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва прадоўжыцца. Заўсёды будзем рады бачыць Марэка тут на гульнях каманды і заўсёды будзем памятаць тыя добрыя адносіны, якія склаліся паміж намі — гэта назаўсёды».

«Паважаныя сябры, хочу сказаць, што трэнер — гэта каманда, таму добрыя словы, якія прагучалі, не толькі для мяне. Яны датычацца і каманды. Дзякуй маёй камандзе. Дзякуй усім, хто прыйшоў на гэту сустрэчу. Два сезоны, якія я адпрацаваў у Мінску, — адны з самых лепшых у маім спартыўным жыцці. Выдатны горад, выдатная „Мінск-Арэна“, самыя-самыя лепшыя заўзятары з усіх, якіх мне давялося бачыць. Яшчэ раз ўсім паклоннікам вялікі дзякуй. Спадзяюся, мы яшчэ ўбачымся на матчах мінскага „Дынама“, я, напэўна, прыеду паглядзець на каманду», — сказаў Марэк Сікора.

Пад кіраўніцтвам чэшскага настаўніка мінскае «Дынама» ў мінулым годзе ўпершыню выйшла ў плей-оф чэмпіянату КХЛ, дзе ў першым раўндзе дастойна змагалася з пераможцам Заходняй канферэнцыі яраслаўскім «Лакаматывам», уступіўшы толькі ў серыі з 7 матчаў. У гэтым сезоне мінскае «Дынама» паказала лепшы ў чатырохгадовай гісторыі выступлення ў Кантынентальнай хакейнай лізе вынік у рэгулярным чэмпіянаце — 83 ачкі ў 54 матчах. Каманда заняла 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі і 13-е — у зводнай табліцы сярод усіх 23 клубаў лігі. Праўда, у плей-оф мінчане ў гэтым годзе выступілі горш, чым год таму, выбыўшы з барацьбы ў першым раўндзе пасля чатырох матчаў, прайграўшы маскоўскаму «Дынама» — 1:2 у авертайме і 0:2 у Маскве, а таксама 2:4 і 1:3 у Бабруйску.

Яшчэ адным дасягненнем «Дынама» стаў новы рэкорд сярэдняй наведвальнасці чэмпіянатаў КХЛ, устаноўлены дынамаўскімі балельшчыкамі на «Мінск-Арэне». Амаль на ўсіх дамашніх матчах трыбуны былі запоўнены. Дамашнія матчы каманды наведалі 395 тыс.672 гледачы. Сярэдняя наведвальнасць паядынкаў «Дынама» на трыбунах «Мінск-Арэны» склала 14 тыс. 197 чалавек, што больш чым на 3,6 тыс. перасягнула дасягненне мінулага сезона (10 тыс.538).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?