Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў просіць Генеральную пракуратуру даць прававую ацэнку выказванням старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава аб увядзенні ў Беларусі расійскага рубля.

Адпаведны ліст у Генпракуратуру накіраваны 13 сакавіка. У ім паведамляецца, што на старонках друкаванага органа Адміністрацыі прэзідэнта, газеты «Советская Белоруссия» ад 2 сакавіка 2012 года ў артыкуле «Грамадства. Улада. Час» Рубінаў выступіў за найхутчэйшае ўвядзенне ў Беларусі расійскага рубля як адзінай валюты Саюзнай дзяржавы.

«Падобнае выказванне адной з вышэйшых службовых асоб краіны, сама меней, здзіўляе, бо носіць адкрыта антыканстытуцыйны характар і скіраванае на пазбаўленне найважнейшай часткі суверэнітэту Беларусі»,
 — піша Някляеў. Ён спасылаецца на артыкул 136 Канстытуцыі, паводле якой толькі Нацбанк Беларусі мае выключнае права на эмісію грошай, і на артыкул 28 Банкаўскага кодэкса, згодна з якім выпуск у абарачэнне іншых грашовых адзінак, за выключэннем беларускага рубля, на тэрыторыі Беларусі забаронены.

У каментары БелаПАН Уладзімір Някляеў паведаміў, што не чакае ад Генпракуратуры адэкватнай рэакцыі на свой зварот.

«Гэта, хутчэй, зварот да беларускага народа і беларускага грамадства.
Беларускае грамадства заспакоена, што страта незалежнасці Беларусі — гэта нейкае абстрактнае паняцце, да якога яшчэ далёка. Не, мяркуючы па выказваннях Рубінава, гэта сапраўды рэальная пагроза, якую трэба прадухіліць», — заявіў палітык.

«Заявы такога плана, якія робіць не апошні дзяржаўны чыноўнік, выпадковымі не бываюць, — лічыць Някляеў. — Гэта пробны шар з мэтай выявіць настроі грамадства: „праглыне“ яно варыянт увядзення ў Беларусі расійскага рубля ці будзе абурацца. Таму я лічу, што нам трэба заявіць уладзе, што мы не будзем спакойна чакаць страты незалежнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?