Суддзя Маскоўскага раённага суда сталіцы Яўген Хадкевіч вынес пастанову па адміністрацыйнай справе актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава.
Вінаградаў адседзіць сем сутак адміністрацыйнага арышту.

Сёння было трэцяе судовае паседжанне па справе Вінаградава.

5 сакавіка суддзя Хадкевіч вярнуў дакументы і пратаколы ў Маскоўскі РУУС на дапрацоўку.
А 12 сакавіка запрасіў новага сведку — супрацоўніка Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, што на Акрэсціна, спадара Гасперчыка.

Паводле сведкаў-міліцыянтаў, Паўла Вінаградава вызвалілі з Акрэсціна 2 сакавіка пасля 10-дзённага арышту ў 18.35. А крыху пазьней яго затрымалі на ганку крамы «Базар», што ў Малінаўцы. Ён быццам крычаў там: «Я на свабодзе!» і нецэнзурна лаяўся.

Паводле самога Паўла Вінаградава, яго і не выпускалі 2 сакавіка з Акрэсьціна, а пасадзілі ў «варанок» і прывезлі ў пастарунак па вуліцы Ясеніна. З акна яму паказалі краму, дзе быццам бы ён лаяўся.
Сёння на судзе дапыталі ў якасці сведкі міліцыянта з Акрэсьціна Гасперчыка. Ён сцвярджаў, што асабіста вызваліў Вінаградава ў 18.35. Камеры назірання на будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у гэты час чамусьці не працавалі.
Сябры Паўла, блізу 15 чалавек, бацька і жонка ў гэты час чакалі яго каля будынка. Аднак Павал не выйшаў.

І толькі, а палове на дзясятую вечара з міліцыі патэлефанавалі жонцы і сказалі, што Паўла зноў затрымалі.

13 сакавіка Паўлу вынеслі 7 сутак адміністрацыйнага арышту. З улікам таго, што трое сутак ён ужо адседзеў, Вінаградаву трэба яшчэ адбыць на Акрэсціна чацвёра сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?