Калі чытала пра судовы працэс над Сяргеем Каваленкам, успомніла пра іншы судовы працэс, які таксама праходзіў у Віцебскай, сучаснай мовай кажучы, вобласці.

У вёсцы Магуны Пастаўскага раёна. Судзілі ведзьмакоў — Зафею Сульянову, яе сына Гасюля і суседа Тумэля. Чатырыста гадоў таму справа адбывалася, у 1615 годзе.

У маі таго года здарыўся ў вёсцы Магуны паморак — падохла многа быдла. Войт Урбан западозрыў, што вінаватыя ў гэтым чараўнікі, а менавіта Зафея Юргелёва Сульянова і сын яе Гасюль. Стараста выклікаў вознага (следчага, нашай мовай) Начкоўскага з Браслава. А той, прыехаўшы, агледзеўшыся і зразумеўшы, што справа будзе няпростай, у той жа дзень выклікаў у Магуны «людзей зацных» (то бок паважаных): дрысвяцкага старасту, дзісенскага падстарасту, браслаўскага ўрадніка, навакольных паноў і «іншых нямала людзей добрых», каб дапамаглі ўчыніць справядлівасць...

Сабралася вёска, прывялі «чараўнікоў». Бедакі-абвінавачаныя спачатку ўсё адмаўлялі, а каб адвесці ад сябе падазрэнні, нагадалі: а вось у нашага суседа, Тумэля Паўлавіча Дарадундэнаса, род здаўна чараўніцтвам займаўся і трыццаць ягоных родзічаў пакараныя за чараўніцтва. Пачалася сварка. Тумэль гэты бедны Паўлавіч з натоўпу спрабаваў бараніцца, але безвынікова.

Вяскоўцы вырашылі ўсіх траіх падазраваных у чараўніцтве праверыць дасканалым спосабам, які ў той час часта практыкаваўся: кінуць звязанымі ў возера.

Калі патонуць — чэсныя людзі, калі не — звязаныя, значыць, з д’яблам. Сказана — зроблена: вяскоўцы сабралі чаўны, выплылі на сярэдзіну возера і «на вадзе ўсіх траіх (падсудных) павязаўшы, па адным пушчалі (у ваду) па два разы». Тыя «тануць не хацелі», і такім чынам вяскоўцы даведаліся, што ўсе трое вінныя.
«Годныя спалення на агні, не мілаваць ніводнага!» — закрычалі вяскоўцы. Так пісаў следчы Начкоўскі.

Але, пэўна, знайшліся ўсё ж людзі, якія сумняваліся ў правільнасці выраку. І было вырашана яшчэ раз праверыць. Але цяпер ужо не так «чараўнікоў», як метад іх выяўлення. Вяскоўцы выбралі сярод сябе чалавека, сумленнасць якога не выклікала пытанняў, — некага Януша Пашкена. Яго звязалі, як падсудных, кінулі ў возера, і той адразу ж пайшоў на дно. Прычым, як піша возны Начкоўскі, «быў доўга ў вадзе на дне, аж ледзь уратавалі». Пасля такога красамоўнага доказу ўсе ўпэўніліся, што тыя трое сапраўды вінаватыя ў чарадзействе. Тут жа выбралі чалавека, якога паслалі па «містра ката».

Абвінавачаных пасадзілі ў астрог. Што там у тым астрозе было, Начкоўскі не піша, толькі піша, што Зафея пасля адседкі дабравольна прызналася, што труціла суседскае быдла і пасылала труціць быдла на дальняе пасавіска сына Гасюля, а чары для гэтага ў выглядзе канаплянага семені атрымала ад суседа Тумэля…

А сын Гасюль не стаў чакаць, што будзе далей, і збег з астрога. Толькі праз два дні яго злавілі, калі спаў на полі, і зноў вярнулі «на ланцуг».

Тут прыбыў кат. І вяскоўцы аднагалосна — не забывае падкрэсліваць следчы Начкоўскі — «голасам вялікім закрычалі», што трэба паганых чараўнікоў спаліць.

На вясковым пляцы запалілі вогнішча. І спалілі ўсіх «чараўнікоў» па чарзе.
Спачатку — Зафею. Потым прывязалі да драбіны рукамі і нагамі Гасюля, і ён, пакуль не ахапіў яго агонь, усё крычаў, што той Тумэль — вялікі чараўнік, а яны з маткай з-за яго невінаватыя гінуць. Полымя агарнула хлопца, а ён усё крычаў пра сваю з маткай невінаватасць і «Тумэлія таго так і не апраўдаў».

Потым гэтак жа прывязалі да драбінаў трэцяга «чарадзея». «А той Тумэль, — заўважае возны, — нікога не вінаваціў і не апраўдваў, усё толькі маўчаў»…

І цяпер стаіць тая вёска Магуны. У 2001 там было 103 двары, 272 жыхары. У Магунах знаходзіцца цэнтр сельсавета, калгас імя Кірава, базавая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

І жывуць у вёсцы людзі з прозвішчамі Урбанойць (утвораным ад імені Урбан, магчыма, таго самага войта), Тумуль і Тумель, Гасюль…

І стаіць непадалёк горад Віцебск, і жывуць там Каваленкі, Жукі, Лутавы…
І судовыя працэсы сталі не менш цікавымі. Чытаючы пра працэс Каваленкі, падумала: як прагрэс, так і рэгрэс за гэтыя 400 гадоў, як кажуць, навідавоку. Прагрэс: сучасных «ведзьмакоў» у возера не кідаюць, на вогнішчы не паляць. Рэгрэс: не народ, вёска, судзяць, а судзіць адзін чалавек, наняты не народам, а пэўнай уладнай групоўкай. Ну і вынік: тады суддзі былі невукамі, сёння яны выконваюць устаноўкі выканаўчай улады.
Дык чым магу я дапамагчы несправядліва асуджанаму Сяргею Каваленку?
Вывешу наш сцяг, які і я паважаю і шаную. Мне, канечне, ужо 45 гадоў, спрыт не той, але калі магла залезці на воданапорную вежу, каб зняць дурнога ката, то змагу залезці, і каб сцяг вывесіць. Толькі, калі ласка, дарагія возныя і іншыя зацныя людзі, не кідайце мяне потым у цярновыя кусты — вы ж памятаеце з дзяцінства, цярновыя кусты — родны дом для трусікаў, ведзьмакоў, а таксама ўсіх былых і будучых партызанаў.

* * *

Наталка Бабіна. Пісьменніца. Аўтар рамана «Рыбін горад». Жыве ў Ждановічах каля Менска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0