Чытаю размову з адной шматпішучай і звышпапулярнай у маскоўскіх ліберальных колах журналісткай. Разважаючы аб тым, як Расія пагражае Еўропе, Украіне і Беларусі сваёй энергетычнай зброяй, яна раптам заўважае: «...хаця Беларусі не вельмі шкада...»

Еўропу шкада, Украіну шкада, а Беларусь — не вельмі...

Дурная справа — чакаць ад расійскіх лібералаў шчырага спачування незалежніцкім пакутам Беларусі ды шкадавання аб імперскіх адносінах да яе крамлёўскіх уладароў. Яшчэ дурнейшая — вінаваціць іх у гэтым ды намагацца паразумення.
А ўсё ж прыкра, крыўдна — чаму не шкада?..

«...Ведаеце што? — Саша нахіліўся да майго вуха і горача зашаптаў: — Калгас расійцам прадалі, гавораць, за дваццаць мільёнаў... Пачалося...»

Саша — мой добры знаёмы з Камароўскага рынку. Калгас, дзе шафёрыў, кінуў яшчэ гадоў з дзесяць таму, завёў невялічкі статак кароў, разам з жонкай пачаў вырабляць уласны сялянскі прадукт і два разы на тыдзень вазіць на Камароўку. Я быў у тым калгасе — руіны... Чаму ж не прадаць? Хоць расійцам, хоць кітайцам, хоць якому іншаму меху з грашыма...

Але Саша аж змяніўся ў твары: «Вы што, яны ж адбяруць у мяне пашу ці такія за яе грошы заломяць... Дзе кароў пасвіць буду?! А вы думаеце, Камароўку пакінуць? Паадчыняюць тут казіно з бардэлямі, панабудуюць гатэляў... Дзе гандляваць буду?! Вось паглядзіце, распрадасць краіну, ці ж толькі Дразды застануцца... Народ? А што народ? Народу да лямпачкі...» — «Вам жа вось не да лямпачкі...» — «Дык то мне. А народу... Пойдзем, запытаемся ў народа», — і Саша, падхапіўшы мяне пад руку, павёў праз мітуслівы натоўп...

«Народ» у бялюткім фартуху паверх спраўнай дублёнкі і ў гэткіх жа бялюткіх нарукаўніках узвышаўся над пірамідамі шклянак з мёдам і выглядаў вельмі здаровым, кроў з малаком. Я ўспомніў, як жонка вучыла мяне выбіраць мёд. Глядзі не на мёд, гаварыла яна, а на прадаўца. Калі кроў з малаком, дык і мёд будзе сапраўдны, без цукру...

«Слухай, — незаўважна падміргнуў мне Саша, — вось ты гаварыў, што табе ўсё роўна, пад кім жыць: ці то пад Расіяй, ці то пад Польшчай...» — «Пад Польшчай не гаварыў», — адгукнуўся «народ», кінуўшы ў мой бок насцярожаны позірк. «Гаварыў, гаварыў, — няўмольна настойваў Саша. — А краіны не шкада?» — «Якой краіны?» — не зразумеў «народ». «Тваёй, роднай тваёй краіны!» — пайшоў Саша белымі з чырванню плямамі. «А чаго яе шкадаваць? Жылі ж пад Расіяй, і няблага, лепш за расійцаў. А зараз у асноўным расійцы мёд у мяне купляюць... Багатыя...» — «Ну а калі рэферэндум правесці, — улез я ў размову, — пад Расію пайсці ці самім гаспадарыць, як адкажыце?» — «Трэба падумаць», — буркнуў «народ»...

Дурная справа — думаць, калі трэба рабіць.

А што? Што рабіць? Можа, тое, што зрабіў на маіх вачах у нейкі брэжнеўскі год знакаміты старшыня знакамітага калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык?

«Лазню, гарэлку, абед і бабу!» — уваліўся да Калачыка заезджы чын з маскоўскай цэкоўскай газеты... Увечары Калачык выцягнуў непрытомнага «госця» з-пад ложка, дзе той спагадліва паскульваў, пагрузіў у «газік» і павольнай хуткасцю адправіў светлым шляхам у Маскву...

А мы ўсё думаем, думаем... Усё разважаем ды ўзважваем, што будзем мець, калі так, а што, калі гэтак...

Толькі што можна мець, згубіўшы краіну?!

У Калачыка для пачуцця чалавечай годнасці быў галоўны падмурак — напрацаваная ўласным гарбом незалежнасць, падмацаваная, што ні гавары пра калгас, падтрымкай людзей...

А куды падзеўся падмурак у сённяшняга «народа»? Чаму яму «ўсё роўна» і «не шкада»?

Ці не таму, што аднойчы паставіў сябе ў залежнасць ад «галоўнадумаючага», а той, уславіўшы «чарку і шкварку», прывёў яго да залежнасці ад расійцаў, кітайцаў, катарцаў і гэтак далей?.. «Багатыя...»

Не, не ў тым усё ж справа, як купляюць яны сёння нашыя пашы, нашу «кроў з малаком»... А ў тым справа, як мы іх прадаём.

Не, «мы» — гэта не пра нас. Ён...

Дзеля нас, думаеце? Не, дзеля захавання ўласнай улады.

Але ці разумее ўладар, што застанецца ў рэшце рэшт сам-насам са сваімі зняслаўленымі ў свеце Драздамі, са сваёй тамтэйшай прэзідэнцыяй?

Зрэшты, заўсёды, ад самага пачатку свайго ўладарання ён блытаў краіну з Драздамі...

Глядзець таксама:

Невядомая гісторыя

Забаронцы Айчыны

Чорная дзіра

Рукі дзеда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?