«Тут і цяпер» паспрабавала скласці рэйтынг пяці самых паспяховых беларусаў у расійскім шоу-бізнесе.

Задачка гэта, шчыра кажучы, аказалася не з лёгкіх.

Першы момант

Многія памятаюць, як 

пасля таемнага прымусовага ўвядзення ў радыёэфіры 75-працэнтнай квоты песень беларускіх артыстаў вынаходлівыя музычныя рэдактары запісалі ў беларусы ўсіх, каго толькі здолелі: ад Юрыя Антонава, які ў свой час вучыўся ў Маладзечанскай музычнай вучэльні, да Андрэя Макарэвіча,
бабуля і дзед якога родам з Гродзеншчыны.

У Дзіяны Арбенінай і сёння тут жыве бацька.

А 

Барыс Маісееў у кожны прыезд прыгадвае ўсё новыя падрабязнасці свайго магілёўскага дзяцінства.

Чарговы муж Лаліты таксама беларус. І нават у самой Прымадонны стрыечная цётка з нашых…

Карацей, пры жаданні ці не палову расійскага шоу-бізнесу можна запісаць у «сваякі».

Другі момант

У чым вымяраць поспех сучаснага артыста? Гэта раней прэстыжныя музычныя ўзнагароды можна было па пальцах пералічыць, а цяпер іх як бразготак у немаўляці. Нават

тытул заслужанага артыста сёння ні аб чым не сведчыць. Колькасць прададзеных альбомаў абясцэнілася колькасцю праглядаў на YouTube ды запампоўваннем з торантаў.
Дый сумы ганарараў многія артысты «засвечваюць» неахвотна, паводле старажытнай традыцыі «маўчы, будзь хітрым»: ці то падатковай асцерагаюцца, ці то злодзеяў, ці то банальнай чорнай зайздрасці з боку былых суайчыннікаў.

Апытваць мінакоў на маскоўскіх вуліцах — «Каго з беларускіх артыстаў вы ведаеце?» — мы не сталі, а вось у адной з самых папулярных расійскіх пошукавых сістэм у інтэрнэце пацікавіліся, колькі вынікаў (старонак, публікацый, навін) яна выдасць на розныя імёны. Вось што выйшла.

«Бі-2» — 8 млн вынікаў;

Дзмітрый Калдун — 4 млн (столькі ж — у Барыса Маісеева);

«Ляпіс Трубяцкі» -3 млн;

Анжаліка Агурбаш — 1 млн;

Дзмітрый Шэпелеў — 646 тысяч;

Вадзім Галыгін — 593 тысячы.

1. Усе любяць «Ляпісаў»

Гэта практычна даслоўная цытата супрацоўнікаў «Нашага радыё», у чартах якога трывала прапісаўся беларускі гурт.

Са статусам бяскрыўдных эстрадных блазнаў гурт «Ляпіс Трубяцкі» развітаўся пяць гадоў назад, з выхадам у свет альбома «Капітал».

Стылістыка сацыяльнай сатыры а-ля Маякоўскі і імідж барацьбітоў як з рэжымам, так і з «памяркоўнасцю» мела эфект выбуху бомбы —
гурт адзначылі і ўзнагародзілі літаральна ўсюды, ад «Рок-каранацыі» да RAMP (Расійская альтэрнатыўная музычная прэмія). Нядаўна гурт зноў вызначыўся — атрымаў галоўную расійскую рок-прэмію «Чартавы тузін», дзе перамог адразу ў трох намінацыях, уключаючы «Гурт года». Увесь сакавік і красавік у «Ляпісаў» ужо распісаны гастролямі па Расіі і Украіне.
Ганарары музыкаў, па розных звестках, складаюць ад 3 да 15 тысяч даляраў,
пры гэтым лідар гурта Сяргей Міхалок у інтэрв’ю падкрэслівае: «У мяне няма ўласнасці — ні машыны, ні кватэры. Гэта дзіка зручна! Асабліва ў Беларусі. Я адчуваю сябе свабодным чалавекам». Зрэшты,
на радзіме «свабоднага чалавека» летась унеслі ў чорныя спісы забароненых выканаўцаў, канцэрты былі адменены, а сам Міхалок трапіў пад пільную ўвагу пракуратуры.

Дыскаграфія: сёлета выйдзе 13-ты, або 6-ты ў новым вобразе альбом (пачынаючы з 2007 года. — Рэд.).

2. Суслік с*** папулярны

«Стрэліўшы» ў 2001 годзе чэмпіёнствам у Вышэйшай лізе КВЗ, гулец беларускай зборнай вясёлых і знаходлівых Вадзім Галыгін праз некалькі год перабраўся ў Маскву і хутка паказаўся публіцы ўжо ў новай якасці — гумарыста-рэзідэнта скандальнага Comedy Club.

Маналогі «злоснага сусліка з Беларусі» Вадзіка з абавязковым нецэнзурным слоўцам выклікалі ў расійскай тусоўкі не меншую сарамлівую і нястрымную папулярнасць, чым парнаграфічны часопіс у мужчынскім манастыры.
Замацоўваючы поспех, Галыгін адкрыў уласны бізнес, дадаўшы да працы шоумена амплуа акцёра і прадзюсара. Зняўся, прадзюсіраваў, пісаў сцэнарыі і агучваў герояў у больш чым дзесяці фільмах.

Ад 2007 года ён яшчэ і зорка рэкламы.

Як сцвярджаюць маскоўскія выданні,

ганарар Вадзіма толькі за адну з рэкламных серый склаў 300 тысяч даляраў.
Не дзіўна, што ў роднай Беларусі паслугі Галыгіна цяпер могуць «пацягнуць» хіба адзінкавыя кампаніі-гіганты з замежным капіталам.

3. Мой рок-н-рол: «Бі-2»

Ці не самым звілістым атрымаўся шлях да славы ў гурта «Бі-2». Але затое слава гэтая атрымалася трывалай і з гадамі, як каньяк, толькі набывае новы смак і адценні.

У Маскву беларусы Лёва і Шура перабраліся праз Ізраіль, Аўстралію і… інтэрнэт, які ў 1999 годзе вымусіў віртуальных зорак радыёэфіру прыехаць у Расію і паказацца аўдыторыі «жыўцом».
Потым быў культавы для цэлага пакалення «Брат-2» Аляксея Балабанава, дзе музыканты сыгралі саміх сябе і запісалі саўндтрэк, і вось ужо больш як 10 год яны застаюцца ў трэндзе, не сыходзяць з эфіраў і не знікаюць з афіш як у Расіі, так і на ўсёй постсавецкай прасторы.

Адзначацца ў сінявокай з канцэртамі гурт не забываецца і летась, нягледзячы на цэны ад 90 да 225 тысяч рублёў, даваў у Мінску чарговы аншлагавы канцэрт.

Ганарары ж беларускага гурта на маскоўскіх карпаратывах, як сцвярджаюць дасведчаныя крыніцы, складаюць ад 5 да 15 тысяч даляраў.

Дыскаграфія: больш як 20 выданняў. Цяпер «Бі-2» працягваюць «катаць» па Расіі леташні альбом «Спірыт», неўзабаве прывязуць яго і ў Эстонію, Латвію і Украіну.

4. Наш адказ Урганту

Выпускнік беларускага падлеткавага тэлешоу «5×5» Дзмітрый Шэпелеў перайшоў з катэгорыі пачаткоўцаў у катэгорыю маладых «зорак» досыць хутка. Атрымаўшы ў 2004 годзе,

у свае дваццаць з «хвосцікам», запрашэнне ад украінскага тэлеканала, Шэпелеў пераехаў працаваць у Кіеў, дзе палюбіўся гледачам як вядучы мясцовай «Фабрыкі зорак».
Ужо ў 2009-м таленавітага хлопца пераманіў у Маскву Эрнст, і ў той жа год беларус стаў лаўрэатам прэміі «Тэфі». Вызначыўся як адзін з сувядучых «Еўрабачання-2009», праграмы «Достояние Республики», цяпер таксама адзін з самых запатрабаваных вядучых як канцэртаў у Крамлі і на іншых буйных пляцоўках, так і прыватных мерапрыемстваў.
Падагравае цікавасць публікі і раман Шэпелева з Жаннай Фрыске (альбо чуткі пра яго).
Аднак сёлета парачку «застукалі» ў Маямі папарацы.
Асобныя расійскія тэлевізійныя крытыкі сцвярджаюць, што свой першы мільён у далярах Шэпелеў ужо зарабіў.

5. Хай і каўбасная, затое каралева

«Міс Беларусь-1988», «Міс Фота СССР-1991», салістка «Верасоў» Ліка Ялінская — гэта ўсё ў Анжалікі Агурбаш у мінулым. А ў бягучым часе

свецкія хранікёры называюць галоўным шчаслівым білецікам спявачкі яе мужа, расійскага бізнесмена, уладальніка каўбаснай імперыі Мікалая Агурбаша.
Шмат у чым дзякуючы менавіта яму прыгожая жанчына, якіх у Расіі і так хапае, стала пераможцай конкурсу прыгажосці «Місіс Расія», прадстаўніцай Беларусі на «Еўрабачанні-2005» (пра вынікі таго выступлення сціпла прамаўчым), дый, што грахі ўтойваць, заслужанай артысткай Беларусі і пастаяннай госцяй пафасных свецкіх мерапрыемстваў, тэлешоу і канцэртаў у Расіі.

Летась, паводле ацэнак прэсы, адбыўся вельмі паспяховы сольны канцэрт Анжалікі ў Крамлі (з квіткамі ад 1700 да 15 000 расійскіх рублёў, што параўнальна з «таксай» Дзімы Білана).

Дыскаграфія: 19 выданняў.

Спрэчны момант

Каго яшчэ называюць у ліку 10 самых паспяховых беларусаў у расійскім шоу-бізнесе:

— заслужанага артыста Расіі Барыса Маісеева,

— пераможца «Фабрыкі зорак-6» Дзмітрыя Калдуна,

— жонку Уладзіміра Прэснякова-малодшага Наталлю Падольскую,

— ансамбль «Беларускія Песняры»,

— пераможцу шоу «Народны артыст» Руслана Аляхно.

Перспектыўнымі для раскруткі расійскія крытыкі лічаць таксама клубны гурт «Срэбнае вяселле» і альтэрнатыўшчыкаў «Drum Extasy».

Зрэшты, многае ў гэтых ацэнках залежыць ад асобы каментатара. Заўсёднік «Славянскага базару ў Віцебску» скандальны музычны гей-крытык Сяргей Саседаў хоць і добра ведае беларускіх артыстаў, але называе іх не інакш, як «эстрадай» і вялікай будучыні ў шоу-бізнэсе не прагназуе:

«У нас ведаюць Паплаўскую, Ціхановіча, „Сяброў“, „Песняроў“, астатніх — нашмат горш.
Моладзь таленавітая ёсць, асоб няма. Асабліва сярод спявачак — ва ўсіх сярэднестатыстычны макіяж, нешта лялькавае ў паводзінах, жывасці не хапае. Перспектыўных хлопцаў намнога больш: асабіста мне падабаюцца „J:Mopc“, „Litesound“, ёсць іншыя фактурныя выканаўцы».

«Сапраўды, у тутэйшай тусоўцы шоу-бізнэсу на слыху ад сілы 3–5 імёнаў нашых выканаўцаў, — пагаджаецца маскоўскі прадзюсар і шоумэн МС Shamah. — Калі маніторыць свецкія мерапрыемствы, то частым заяўленым госцем бывае наш Дзіма Калдун, які ўдзельнічае практычна ва ўсіх зборных канцэртах.

Пра Агурбаш чуваць менш, калі яна і наведвае музычныя мерапрыемствы, то толькі пафасныя
і сур’ёзнага статусу. Пра Аляхно ўвогуле ніхто асабліва не памятае — пасля ўдзелу ў праекце Першага канала „Спецыяльнае заданне“ нічога рэальна цікавага ў яго не было. Затое за каго ахоплівае пачуццё гонару, дык гэта за Дзіму Шэпелева — ён і тэлевядучы, і выдатны канферансье, і гумарыст, якіх яшчэ пашукаць трэба, карацей, вельмі запатрабаваны хлопец, ды яшчэ ва ўсіх на вуснах яго раман з Жаннай Фрыске…».

«Насамрэч, практычна кожны артыст, папулярны ў Беларусі, можа прабіцца і ў Расіі, — мяркуе беларускі кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік. — Усё ж на беларускай сцэне вельмі мала людзей, якія атрымалі незразумелыя рэгаліі незразумелым чынам, і то гэтыя артысты нецікавыя ні там, ні тут. Ва ўсіх астатніх магчымасці ёсць. Больш шансаў, зразумела, у моладзі, якая не звязана сямейнымі ці працоўнымі стасункамі, а самая спрыяльная сітуацыя ў тых з нашых артыстаў, хто трапіў у расійскія тэлепраекты, бо яны змогуць умацавацца менавіта ў шоу-бізнэсе. Хоць зарабляць значна больш, чым у Беларусі, здолеюць нават рэстаранныя і клубныя артысты. Літаральна днямі мы запісалі новую песню з Русланам Аляхно. Дык вось, ён не вылазіць з гастроляў. Усё ж

Расія вельмі і вельмі вялікая краіна, і ў ёй хапае гарадоў-здабытчыкаў, якія „сядзяць“ на прыродных рэсурсах, і людзі з лёгкімі грашыма там значна лягчэй з імі развітваюцца, чым наша публіка. Так што самабытны і прабіўны артыст, які мае ў Беларусі хаця б тысячу прыхільнікаў, можа праехаць 700 км і памножыць гэтую лічбу на расійскую нафту і на колькасць насельніцтва ў краіне».

Што адметна: для «тутэйшай» публікі і прэсы ўсе згаданыя і многія іншыя неназваныя артысты ды шоумэны — «зоркі-зоркі». У гэтым

вялікая загадка беларускага менталітэту: прызнаць і пахваліць сваё, калі хто іншы пахваліць. А калі не хваляць, то лепш аблаяць — на ўсякі выпадак.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?