У ходзе паводкі верагоднасць падтаплення існуе для тэрыторый у 13 раёнах Беларусі, паведаміў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Шамко 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, у прыватнасці, ёсць верагоднасць падтаплення гаспадарчых аб’ектаў, жылых дамоў і падворкаў у 

Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці; Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці; Чачэрскім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Лельчыцкім, Петрыкаўскім, Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці; Стаўбцоўскім і Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці; Бабруйскім, Слаўгарадскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці. У зону падтаплення трапляе каля 50 населеных пунктаў, каля 6 тыс. чалавек.

Пры гэтым Шамко падкрэсліў, што для мінімізацыі рызыкаў МНС уключае ў прагноз аб магчымым падтапленні пры паводцы нават тыя тэрыторыі, пагрозы для якіх мінімальныя.

Паводле яго слоў, сёння пагрозы падтаплення шмат у чым зніжаныя дзякуючы правядзенню інжынерных мерапрыемстваў: пабудаваны сотні дамб, ад паводкі абаронена больш чым 50 населеных пунктаў, а таксама сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

Паводле слоў намесніка міністра, гатоўнасць органаў і падраздзяленняў МНС да ліквідацыі наступстваў вясновай паводкі ацэньваецца сёння на «даволі высокім узроўні». У раёнах прайшлі пасяджэнні камісій па надзвычайных сітуацыях, на якіх былі звераныя планы рэагавання. Створаны зводныя атрады для рэагавання на паводку у выпадку ўскладненняў сітуацыі. У гатоўнасці знаходзіцца неабходная тэхніка як падраздзяленняў МНС, так і дзяржаўнай сістэмы папярэджання ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Праводзяцца вучэнні.

Як паведаміў Шамко, вялікая ўвага таксама надаецца інфармаванню ўладаў і жыхароў раёнаў, якія трапляюць у зону падтаплення. Кожны раён праінфармаваны аб тэрмінах ускрыцця рэк ад лёду. Праведзены гутаркі з жыхарамі небяспечных раёнаў па тлумачэнні сітуацыі з паводкай. «Жыхары прыпяцкага рэгіёну і Палесся дакладна разумеюць сітуацыю і ведаюць, як на яе рэагаваць», — заявіў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, таксама штодзённа адсочваецца ўзровень вады ў рэках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?