Міністэрства адукацыі плануе з новага навучальнага года ў два разы павысіць аплату на тых спецыяльнасцях, дзе назіраецца лішак спецыялістаў і няма адпаведных заявак ад прадпрыемстваў. Пра гэта сёння ў рамках прамой лініі, арганізаванай газетай «Рэспублiка», распавёў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

«Плануецца, што на спецыяльнасці, дзе ў нас зашмат потым незапатрабаваных выпускнікоў, павысіцца кошт навучання. Зараз дзяржава на кожны мільён рублёў, які плаціць студэнт-платнік, выдзяляе ВНУ дадатковы мільён», — расказаў міністр.

Менавіта гэтыя датацыі збіраюцца прыбраць.
Кошт пры гэтым можа вырасці з цяперашніх 6–12 млн да 12–24 млн рублёў.
«На маю думку, гэта ў асноўным юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці, некаторыя з якіх зараз не запатрабаваныя»,
 — падкрэсліў Маскевіч. Пры гэтым ён адзначыў, што павышэнне кошту навучання закране толькі тых, хто стане студэнтам у новым навучальным годзе.

Што тычыцца коштаў у ВНУ ў гэтым годзе, то ў Міністэрстве адукацыі разлічваюць іх больш не павышаць. «Спадзяемся, дзяржава дапаможа ВНУ і кошты больш не прыйдзецца ўздымаць», — адзначыў Маскевіч.

Нагадаем, віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Анатоль Тозік на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі некалькі тыдняў таму прапанаваў павялічыць плату за навучання на самых папулярных спецыяльнасцях: «Давайце з вамі дамовімся на наступны навучальны год: па тых спецыяльнасцях, дзе назіраецца перавытворчасць кадраў, але моладзь гэта акалічнасць мала хвалюе, пралічваць сабекошт падрыхтоўкі, дадавайце працэнты прыбылі, якія самі палічыце правільнымі, і называйце суму. Мы ўсе жывем ва ўмовах рынку. І калі малады чалавек, нягледзячы ні на што, хоча вучыцца менавіта на гэтай спецыяльнасці, дык няхай будзе гатовы выкласці названую суму. А вось тыя спецыяльнасці, выпускнікі па якіх у наймальнікаў літаральна нарасхват, трэба падтрымліваць і часткова кампенсаваць кошт платнай падрыхтоўкі спецыялістаў з дзяржаўнага бюджэту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?