Чаканае галасаванне па ўзгодненым усімі палітычнымі групамі праекце рэзалюцыі па Беларусі не адбылося.

Сацыяліст Крысціян Вігенін, старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па Еўранэсце, прапанаваў вярнуцца да пытання праз 2 тыдні.

«Перанос прыняцця рэзалюцыі на наступную міні-пленарную сесію ў Брусэлі прапануецца з дзвюх асноўных прычынаў: даць беларускім уладам час абдумаць і зрэагаваць на сітуацыю, і каб прагаласаваць па змененым тэксце рэзалюцыі ў святле хуткіх новых падзеяў», — сказаў Вігенін.

Еўрадэпутат мае на ўвазе рашэнне Савета ЕС 23 сакавіка. Нагадаем, еўрапейскія міністры збіраюцца пашырыць «чорны спіс», у тым ліку дадаўшы туды новых бізнесменаў, калі да гэтага часу не вызваляць палітычных зняволеных. Беларускія ж улады абяцаюць жорстка адказаць на далейшае пашырэнне спісу.

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі запярэчыў, што адмова ад прыняцця рэзалюцыі 15 сакавіка будзе расцэнена Мінскам як праява слабасці.
А таму, асабліва ў святле адмовы Лукашэнкі памілаваць асуджаных Канавалава і Кавалёва (мінулая рэзалюцыя заклікала да памілавання), рэзалюцыю трэба прымаць неадкладна, заявіў Мігальскі. Аднак большасць еўрадэпутатаў пагадзіліся з прапановай аб пераносе.
Прыняцце рэзалюцыі чакаецца на пленарнай сесіі ў Брусэлі, якая пройдзе 28–29 сакавіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?