Студыя, дзе здымаецца «Время Союза» месціцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ — адносна невялікае памяшканне, разлічанае на чалавек 30 масоўкі. Сёння тэлеканал саюзнай дзяржавы здымае тут некалькі выпускаў праграмы запар, аднак галоўны з іх той, які прысвечаны дню аб’яднання 2 красавіка. «А калі адкінуць палітычную тэрміналогію, — кажа вядучы Ігар Угольнікаў, памятны па гумарыстычнай перадачы «Оба-на», то проста Дзень народзінаў саюзнай дзяржавы».

Праверка мікрафона

Для такой урачыстасці

студыю аформілі ў адпаведным стылі — самавары, сушкі, абаранкі, снапы жыта
і іншая больш дробная атрыбутыка, якая мусіць ствараць святочную атмасферу. Перад пачаткам здымкаў вядоўцы —
Ігар Угольнікаў і афіцыйны твар Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева — рэпетавалі, як будуць спяваць песню «Две сестры — Беларусь і Россія» пад акампанемент гітары і акардэона.

Госці студыі — драматург Андрэй Курэйчык, спевакі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, і футбалісты Юрый Пудышаў і Анатоль Байдачны. Спіс удзельнікаў некалькі разоў змяняўся.

За некалькі дзён да здымкаў у ім фігураваў, напрыклад, Уладзімір Цэслер. Аднак на перадачы яго не было.

У невялікі прамежак часу, калі госці праграмы пачалі прыходзіць, а здымкі яшчэ не пачаліся,

можна было назіраць дзіўную карціну — як жывыя людзі, якія размаўляюць і жартуюць, ператвараюцца ва «ўрачыстых» гасцей,
якія пасля з прыдыханнем пачнуць прамаўляць панегірыкі саюзнай дзяржаве.
«Баранаў ні ў чым не вінаваты!» — прамаўляе Паплаўская, падчас праверкі мікрафона.

«Давайце праспяваем што-небудзь з нашых супольных культурных здабыткаў», — начытвае Угольнікаў.

«Шызгару, напрыклад» — прапануе Паплаўская.

«Шампанскае сапраўднае, я нюхаў»

Масоўка, якая ходзіць на «Время Союза» — прафесійная. Яны абмяркоўваюць, «ці здымаемся мы ў кіно на выходных», «а вось гэты валасаты тут быў, а цяпер няма — а грошы ж за абедзьве праграмы атрымае», «тут вось Ціхановіч і Паплаўская — не так сумна будзе, як на папярэдняй».

Асаблівую ўвагу масоўшчыкаў (дарэчы, не студэнтаў, а людзей гадоў за сорак) прыцягнула падрыхтоўка «святочнага стала» —
перад гасцямі перадачы паставілі шклянкі з шампанскім («яно сапраўднае, я нюхаў» — зазначыў адзін з масоўшчыкаў), салаты і дранікі («там ёсць яшчэ з грыбамі, а смятану я знайду»). Пакуль госці рэпетуюць спевы песні «Старый клён», масоўшчыкі перамаўляюцца.

«А давайце нашу праспяваем!»

«Гэта якую — нашу?».

«Ну «Ляпісаў», гэтую, дзе «ўсё, атработалі лавэ».

Здымкі пачынаюцца.

Угольнікаву смешна ад мітынгаў

Угольнікаў і Дарафеева пачынаюць святочны эфір песняй «Шумел камыш, деревья гнулісь».
Пасля чаго вядоўцы абяцаюць песні, тосты і анекдоты.

«Спадзяюся, не палітычныя» — удакладняе Дарафеева.

«Канечне, не, — кажа Угольнікаў і пачынае хахміць пра апазіцыю. — У краіне, дзе ідзе дэмакратызацыя, не існуе палітычных анекдотаў. Іх замяняюць мітынгі. Асабліва ў Маскве нядаўна смешна было».

Асістэнтка на мігах паказвае масоўцы, што трэба апладзіраваць удаламу жарту. Тым часам жаночы голас з трэцяга шэрагу прамаўляе

«Ага, смешна. У нас па серадах нядаўна таксама смешна было?».

А эфір ідзе далей.

Вядоўцы і госці крацінна прызнаюцца ў любові да саюзнай дзяржавы, уздымаюць келіхі, і жадаюць, каб «уся наша сям’я — ад Ціхіага акіяна да Прыбалтыкі, аб’ядналася і была разам».

Акцэнт перадачы паступова змяшчаецца ў бок святкавання —

увесь час гучыць заклік «наліваць, каб градус не зніжаўся»,
бо гэта «наша беларуская і расійская традыцыя». Кожны з гасцей мусіць падняць тост за нешта. У адрозненне ад вядучых, госці самі прыдумляюць тэкст. Андрэй Курэйчык, які, дарэчы, фігуруе ў «чорным спісе» дзеячоў культуры, асцярожна фармулюе пра тое, што «культура не мае межаў», расказвае пра свае сустрэчы з Алегам Табаковым і жадае і надалей супрацоўнічаць з расійскімі артыстамі.

Футбалісты ж Байдачны і Пудышаў, якія самі прыехалі з Расіі, прызнаюцца, што лічаць сябе грамадзянамі СССР, і вельмі радыя, што Беларусь з Расіяй яднаюцца.

«Гэта вельмі добра і вельмі важна, што вы лічыце сябе грамадзянамі СССР. — кажа Угольнікаў, які дасягнуў у той момант найвышэйшай кропкі замілавання.
— Бо 
мы маленькімі крокамі рухаемся да нашай супольнай радзімы, і не важна, як яна называецца, галоўнае каб яна была вялікай».

Пасля гэтага Байдачны расказаў анекдот пра матч па водным пола паміж камандамі Беларусі і Грузіі, у фінале якога грузінскі спартовец Гіві, якому не перадавалі мяч, патануў.

«Гэта вельмі правільна і важна, што Беларусь і Грузія», — ацаніў Угольнікаў.

Лукашэнка і «Брэсцкая крэпасць»

Пасля вядучы сам расказаў гісторыю пра тое, як паказваў фільм «Брэсцкая крэпасць» Лукашэнку.

«Прэзідэнту вельмі спадабалася, ён нават выцер слязу.
І гэта вельмі важна. А пасля падышоў да мяне і сказаў — там у пачатку фільма можна ўбачыць рапсавае поле, а ў Беларусі ў 1941-м рапс не сеялі».

Ціхановіч і Паплаўская падымаюць тост за «нашую супольную сям’ю» (маючы на ўвазе ці то Беларусь і Расію, ці то саміх сябе). Пасля разам з гасцямі пачынаюць спяваць пра «малінаўкі галасок».

Дарафеева і Угольнікаў пачынаюць гайдацца ў такт, а Дарафеева імкнецца рукой раскачваць Курэйчыка.

Паміж прамовамі на экране транслюцца сюжэты пра саюзныя дасягненні — сустрэчы пісьменнікаў і журналістаў (асноўная ідэя гэтага сюжэта — «беларускія кнігі не перакладаюць на расейскую мову»), замену соі лубінам, а таксама хроніка падпісання саюзных дамоваў. Тым часам

асістэнтка са здымачнай групы далівае «шампанскае» з бутэлькі дарыдаўскай «Крэм-соды» гасцям, чым трошкі супакойвае масоўку,
якая ўвесь час перамаўляецца пра ежу і алкаголь на стале гасцей.

Юрый Пудышаў віншуе жанчын яшчэ раз з 8 Сакавіка і кажа, што на свята ўзяў скрыню шампанскага і выпіў за Клару Цэткін і Розу Люксембург. «Усю скрыню?» — удакладняе Угольнікаў. «А колькі там той скрыні», — ці то жартуе, ці то сур’ёзна адказвае Пудышаў і адразу, ужо жартам, удакладняе што мог бы і кожны дзень браць па скрыні. Гэты момант узрушыў масоўку.

У канцы перадачы, перад тым, як прагучыць песня «Дзве сястры — Беларусь і Расія»,

Угольнікаў заклікае тэлегледачоў выпіць за свята,
бо «гэта наша традыцыя», чым канчаткова стварае чарачна-скварачную атмасферу ўсяму шоу.

Пасля харавых спеваў,

масоўка чамусьці скандуе «Горка!»
і пачынае абмяркоўваць, як трапіць за стол, накрыты для гасцей. Канец фільма.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?