Сёньня ў італьянскім мястэчку Мадона дзі Кампілья пачынаецца чэмпіянат сьвету па фрыстайле.

Напачатку меркавалася, што чэмпіянат пройдзе ў канцы студзеня, але праз татальную адсутнасьць сьнегу ў Эўропе першынство перанесьлі аж на сакавік.

Беларусы традыцыйна зьвязваюць вялікія спадзевы з гэтым некалі экзатычным відам спорту. Яшчэ за савецкім часам Беларусь абралі экспэрымэнтальнай пляцоўкай па разьвіцьці фрыстайлу. Экспэрымэнт атрымаўся ўдалым. Нашы фрыстайлісты стабільна займаюць высокія месцы на міжнародных спаборніцтвах і тры алімпіяды запар заваёўвалі мэдалі. У 1998 г. «бронзу» атрымаў Зьміцер Дашчынскі, у 2002 таксама «бронзу» ‑‑ Аляксей Грышын, летась «срэбра» зноў Дашчынскі.

Праўда, сёлета нашы суайчыньнікі зорак зь неба не хапалі. Можна адзначыць толькі другія месцы маладых Дзяніса Восіпава і Цімоха Сьліўца на этапах Кубку сьвету. Найлепшым сярод беларусаў у агульным заліку Кубку сьвету пакуль зьяўляецца Цімох Сьлівец — ён знаходзіцца на сёмым радку. Ня лепш справы і ў жанчын, толькі аднойчы сёлета Ала Цупер змагла ўзысьці на п’едэстал.

Трэнэраў зборнай такія вынікі не засмучаюць. Яны заплянавалі прывесьці зь Італіі два мэдалі. Варта адзначыць, што ў Беларусі культывуецца толькі адна дысцыпліна фрыстайлу – небясьпечная для жыцьця акрабатыка. Апроч акрабатыкі, мэдалі на чэмпіянаце будуць разыграныя ў скай‑кросе, могуле і паралельным могуле.

Па‑ранейшаму знаходзіцца ў больніцы фрыстайліст Зьміцер Рак, які ў сьнежні 2006 г., выконваючы трэніровачны скачок, атрымаў вельмі цяжкую траўму галаву.

Кваліфікацыя ў акрабатаў пройдзе ў пятніцу 9 сакавіка, а фіналы назаўтра.

На жаль, чэмпіянат сьвету ня будзе трансьляваць ні «Эўраспорт», ні БТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?