14 сакавіка стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пастанавіў не прымяняць памілаванне да асуджаных на смяротную кару за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. У сувязі з гэтым карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся ў мінчан, ці памілавалі б яны Канавалава і Кавалёва? Вось што яны адказалі:

«Я б памілавала. Хаця трагедыя, вядома, вельмі страшная для нашага народа. Пажыццёвае пакаранне больш суровае, чым смяротная кара, але пазбаўляць людзей жыцця, мне здаецца, не вельмі гуманна».

«Калі гэта сапраўды яны, то чаму б і не — за такое забойства, столькі ахвяраў. Трэба было б пакараць. Але калі яны невінаватыя, паводле чутак, навошта караць смерцю людзей ні за што?»

«Гэта людзі, як бы там ні было. Калі да канца не вядома, калі чалавек маўчыць, напэўна, трэба было разабрацца да канца».

«Я за тое, каб людзі жылі. Якія б учынкі яны ні рабілі».

«Не памілаваў бы, каб гэта быў добры прыклад для іншых сацыяльна небяспечных элементаў».

«Канавалава — не, а Кавалёва — так. Ён вінаваты ўскосна, таму што не паведаміў».

«Я б памілаваў. Патрэбны час, каб разабрацца. Пакараць іх можна заўсёды, а памілаваць — толькі цяпер».

«Я супраць смяротнай кары, але ў іх выпадку лічу, што прысуд справядлівы».

«А за што іх мілаваць? Яны падумалі? Яны ж забралі чалавечыя жыцці. Ці ж можна за гэта мілаваць? Нельга».

«Калі яны вінаватыя, не шкада іх забіваць. Але я не ўпэўнены, што яны вінаваты. Так што трэба разбірацца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?