Сяргея Каваленку, які не спыняе галадоўку пратэсту супроць прысуду, могуць пачаць прымусова карміць. Тым часам грамадзкі камітэт «За волю» зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і прэм’ера Ўладзімера Пуціна з заклікам паўплываць на пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі адносна Сяргея Каваленкі.

16 сакавіка маці галадоўніка Лідзіі Каваленцы паведамілі ў адміністрацыі ізалятара на Валадарскага, што сёньня ж «зоймуцца яе сынам, пачнуць яго лячыць». Лідзія Каваленка мяркуе, што гаворка ідзе пра прымусовае харчаваньне сына. Яна гэтага апасаецца, бо, паводле яе, у турэмным шпіталі недастаткова кваліфікаваныя дактары, а фізычны стан яе сына вельмі слабы:

«У яго ж толькі косьці ды скура, цягліцаў пад скурай амаль не засталося. Ці можна ж яго ў такім стане прымусова карміць? Яму ж пэўна не падыдзе лячэньне ў турэмным шпіталі, а тут абмежаванае лячэньне. Яму патрэбная кваліфікаваная мэдычная дапамога, якую тут забясьпечыць ня могуць».

Лідзія Каваленка даводзіла адміністрацыі «Валадаркі», што як маці чалавека ў вельмі дрэнным стане яна мае права патрабаваць тэрміновай шпіталізацыі сына, але ёй адмовілі. Яшчэ да абеду Лідзія Каваленка аднесла заяву на шпіталізацыю ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. «Паперу прынялі, але рабіць нічога не абяцаюць», — пазьней паведаміла пра вынікі візыту Лідзія Каваленка.

16 сакавіка грамадзкі камітэт «За волю» падрыхтаваў і адправіў зварот на імя прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і прэм’ера Ўладзімера Пуціна з просьбай заступіцца за Сяргея Каваленку перад Аляксандрам Лукашэнкам.

«Грамадзкасьць Беларусі вельмі перажывае за Сяргея Каваленку. Тэлеграмы, скаргі, прашэньні і звароты ў Генэральную пракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў ды іншыя дзяржаўныя органы з просьбай ня быць абыякавымі, ня быць удзельнікамі забойства чалавека, просьбы аб дапамозе тысяч і тысяч беларусаў не даюць ніякіх вынікаў. Сяргей павольна гіне»,
— патлумачылі аўтары звароту тое, чаму яны зьвяртаюцца за межы сваёй краіны.

Сябра грамадзкага камітэту «За волю» Ганна Шапуцька кажа, што прыкладам для іх былі падзеі 1996 году, калі пасьпяхова скончылася галадоўка беларускіх апазыцыянэраў у той жа «Валадарцы»:

«Тады прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын заклікаў Лукашэнку вызваліць Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыку, і іх жыцьці былі ўратаваныя. Таму мы вырашылі зьвярнуцца да цяперашніх кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі з падобнай просьбай.

«З 8 лютага 2012 году Сяргей зноў не прымае ежы, ён страшэнна схуднеў, вельмі слабы, пры росьце 182 сантымэтры ён важыць ужо 51 кіляграм, зь цяжкасьцю рухаецца. Дарагая кожная хвіліна», — паведамляюць заяўнікі.

Жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі Алена кажа, што Сяргей пачаў галадаваць яшчэ 19 сьнежня мінулага году і пратрымаўся месяц. Пасьля гэтага ён пад ціскам адміністрацыі Віцебскага ізалятара пачаў адзін раз на дзень прымаць ежу, каб паступова выйсьці з галадоўкі. Тым часам міліцыянты зьнялі яго на камэру і выклалі відэа ў інтэрнэт, заявіўшы, што Каваленка падманваў людзей, калі казаў пра галадоўку. На знак пратэсту з 8 лютага Сяргей аднавіў галадоўку і цяпер не саступае. Паводле жонкі Каваленкі, ён ня верыць апошнім абяцаньням міліцыянтаў пакласьці яго ў шпіталь, калі ён спыніць галадоўку.

«Учора на спатканьні ён ужо ня мог нават сядзець, клаў галаву на рукі, гаварыў ледзь чутна. Майго сына трэба тэрмінова класьці ў шпіталь пад нагляд дактароў», — кажа маці вязьня Лідзія Каваленка.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця хатняй хіміі, якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?