У межах працы па арганізацыі эканамічнай бяспекі дзяржавы і спыненні злачынстваў, скіраваных на ўшчамленне законных правоў і інтарэсаў грамадзян краіны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі выяўлена і спынена незаконная дзейнасць на тэрыторыі рэспублікі фінансавай піраміды «МММ-2011». Пра гэта паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.

Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена дачыненне групы асоб да ажыццяўлення незаконных фінансавых аперацый і завалодання грашовымі сродкамі беларускіх грамадзян шляхам падману.
У прыватнасці, зламыснікі ад імя незарэгістраванай у падатковых органах і органах мясцовай выканаўчай улады арганізацыі «МММ-2011» ажыццяўлялі на тэрыторыі Беларусі дзейнасць па прыёме ўкладаў і ставок на выйгрыш ад насельніцтва, спалучаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры. Выплата працэнтаў па ўкладах або вяртанне укладзеных грашовых сродкаў з улікам абумоўленай узнагароды (выйгрышу) ажыццяўлялася членамі групы за кошт прыцягнення новых укладаў (ставак) грамадзян, якіх наўмысна ўводзілі ў зман наконт законнасці і эканамічнай мэтазгоднасці правядзення такіх аперацый.

У КДБ паведамілі, што ў выніку незаконнай дзейнасці «МММ-2011» уцягнутымі ў фінансавыя махінацыі былі некалькі тысяч грамадзян Беларусі, а даход кампаніі склаў больш за 500 мільёнаў рублёў.

КДБ у межах правядзення даследчых дзеянняў затрыманы асобы, якія маюць дачыненне да дзейнасці фінансавай піраміды, накладзены арышт на банкаўскія рахункі, камп’ютары і офісную тэхніку.
Праводзяцца мерапрыемствы па выкрыцці злачынных фінансавых схем. Арганізавана ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі і спецслужбамі краін СНД, з тэрыторыі якіх зламыснікамі ажыццяўлялася супрацьпраўная дзейнасць у дачыненні да беларускіх грамадзян.

КДБ папярэджвае жыхароў рэспублікі, што фінансавыя схемы, якія рэалізуюцца «МММ-2011», скіраваны на супрацьпраўнае завалоданне грашовымі сродкамі грамадзян, у тым ліку з прымяненнем новых тэхналогій у сферы інфарматызацыі і псіхалогіі.

Варта адзначыць, што яшчэ 13 сакавіка беларускія праваахоўныя органы не мелі прэтэнзій да офіса «МММ-2011» у Мінску.

«Пакуль у нас няма інфармацыі, што чыё-небудзь права парушана, — паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуард Нікіцін. — Але мы будзем прапрацоўваць гэту тэму з фінансавымі, падатковымі органамі, крэдытнымі ўстановамі. Неабходна прааналізаваць, што гэта такое. Каму наносіцца шкода, і калі яна будзе, калі будзе?»

Кажучы пра з’яўленне ў Беларусі структуры, Нікіцін адзначыў: «Калі асацыяваць яе канкрэтна з Маўродзі (Сяргей Маўродзі — заснавальнік фінансавай піраміды «МММ» у Расіі ў 1990-х гадах. — БелаПАН.), то спачатку ён прыцягваўся да адказнасці за пірацкі выраб відэакасет, потым за фальшывы пашпарт, потым за махлярства і крадзяжы, звязаныя з «МММ».

Гэты офіс, паводле слоў прадстаўніка МУС, — «незразумела, што гэта». «Там няма статусу, я не бачыў ніякіх дакументальных абавязацельстваў. Усё будуецца на даверных адносінах. Яны быццам бы нікога і не ашукваюць, але ніякіх гарантый. Натуральна, гэта піраміда. Няма звестак аб тым, што яны вядуць фінансавую дзейнасць, куды ўкладваюць грошы з атрыманнем потым дывідэндаў, каб выплачваць працэнты», — падкрэсліў Нікіцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?