Кіраўнік інфармацыйна-асветнай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка ўключаны ў спіс невыязных з Беларусі за «ўхіленне ад яўкі на мерапрыемствы па прызыву на вайсковую службу ў рэзерве». Як паведаміў Бандарэнка, аб гэтым яму паведамілі ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Мінска 16 сакавіка.

Нагадаем, 15 сакавіка Бандарэнку не выпусцілі з Беларусі, калі ён ехаў цягніком у Варшаву на канферэнцыю.

У тры гадзіны ночы ў Брэсце ў яго забралі пашпарт, а праз паўгадзіны да яго падышоў прапаршчык і сказаў, што яго здымаюць з цягніка, бо ён унесены ў спіс невыязных.

Бандарэнка, які, паводле яго слоў, не атрымліваў ніякіх позваў або паведамленняў, пацікавіўся ў ваенкамаце, што ўсё гэта значыць. «Мне адказалі, што ніякіх дзеянняў па маім прызыве ваенкамат не ажыццяўляў, што гэта наогул недарэчнасць, што гэтага не можа быць, і што я, афіцэр запасу, проста дуру галаву работнікам ваенкамата», — сказаў Бандарэнка.

«Калі супрацоўнікі ванкамата называюць рашэнне ўлад недарэчнасцю і лухтой, гэта паказчык узроўню развіцця гэтых структур, гэта поўная дэградацыя. Але

я б з задавальненнем з`ездзіў на месяц-другі на службу, заадно праінспектаваў бы ўмовы, у якіх жывуць абаронцы айчыны, у тым ліку і афіцэры.
Так што няхай шлюць позвы і чакаюць мяне ў арміі.
Толькі прашу не забываць, што пасля майго вызвалення з калоніі № 2 адміністрацыя калоніі святкавала мой ад`езд некалькі дзён. Думаю, што пасля майго дэмбеля ваенная часць сап`ецца», —
сказаў Бандарэнка.

Інфармацыйна-асветная ўстанова «Платформа» афіцыйна зарэгістравана 16 чэрвеня 2011 года і займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў папраўчых установах.

У лютым гэтага года «Платформа» аб`явіла аб пачатку рэалізацыі новага праекта — «Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі». Мэтай маніторынгу з`яўляецца «атрыманне дакладнай інфармацыі аб стане спраў з правамі зняволеных у следчых ізалятарах і папраўчых калоніях Рэспублікі Беларусь, інфармаванне адпаведных органаў і міжнародных структур».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?