Я — баязлівец, і адно магу сказаць пра сябе з упэўненасцю, што ўсё маё жыццё было адной суцэльнай памылкай. Я кажу сабе, суцяшаючыся, што ў мяне ёсць дастаткова мужнасці, каб адкрыта вызнаваць сваю ўласную баязлівасць. Тым не менш, мне здаецца, што за гэтым хаваецца таксама страх, страх перад людзьмі, якія чакаюць ад мяне прызнання маіх він. Я мяркую, што

я ніколі ў жыцці на напісаў бы гэтых словаў, каб не мая хвароба.
Я нават дзякую Богу за яе, таму што, прынамсі, у мяне ёсць яшчэ шанец на выратаванне сваёй душы. Я зноў сказаў «сваёй»? Так, нават перад белым і касцяным абліччам смерці я больш думаю пра сябе, а не пра людзей, жыццё якіх я сапсаваў.

Я баюся многіх рэчаў, але перадусім баюся смерці. Не ведаю, што мяне чакае пасля яе, але давяраюся Богу і спадзяюся на Яго міласэрнасць.

Некалькі месяцаў таму я быў зусім здаровы. Ніхто б нават не падумаў, гледзячы на мяне, што дзесьці ў сярэдзіне я нашу зародак смяротнай хваробы, што недзе ўнутры мяне схавалася і дрэмле злаякасная пухліна.

Я займаўся спортам, хадзіў у качалку, але гэта мне не дапамагло. Хваравітыя аднакласнікі, з якіх я заўсёды здзекаваўся, што яны на ўроках фізкультуры не маглі нават мяч злавіць, цяпер маюць поўнае права смяяцца з мяне.

Мой бацька быў старшынём калгаса, маці працавала бухгалтаркай у тым жа калгасе. У сваёй вёсцы я лічыўся багачом і шчаслівым чалавекам. Я заўсёды быў пад’еўшы, добра апрануты.

У школе я не вельмі прыкладаўся да навукі, але ўсё ж меў прыстойныя адзнакі. Спрацоўваў аўтарытэт бацькі-старшыні.
Сваю ролю адыгрывала таксама тое, што часцяком мужыкі маіх настаўніц працавалі ў тым самым калгасе, дзе старшыняваў мой бацька. Усё было павязана.
У мяне было шмат сяброў, але я не цаніў іх, гэта былі ў большасці падлізы, якія павінны былі толькі адценьваць мой бляск.
За іх «службу і дружбу» я частаваў іх даражэйшымі цыгарэтамі і крамным алкаголем.

Пасля школы бацькам з цяжкасцю ўдалося прасунуць мяне на вучобу ў сталічны ўніверсітэт. Цяпер я мог яшчэ больш задавацца перад сваімі аднагодкамі, для якіх паступленне ў сельскагаспадарчы тэхнікум было запаветнай марай. Я памятаю, што я яшчэ больш задзёр нос і заўсёды хадзіў з высока паднятай галавой, адчуваючы павагу з боку многіх, нават сталага веку аднавяскоўцаў.

Я быў зусім пусты. Для мяне не існавала веры, надзеі, любові, сяброўства… Больш каштоўным для мяне быў сэкс, цыгарэты, гарэлка…
У сталіцы ўдалося паспрабаваць наркотыкі. Усяго хапала. Усё было добра, як казалі хлопцы — «зашыбіся». Які Бог? Якая Радзіма і мова? Гэта было для мяне бязглуздзіцай. Я не разумеў, што бязглуздым быў я сам. Я цешыўся са сваёй бяздумнасці, быў шчаслівы. Дзяўчыны былі без галавы ад мяне. Кожная была даступная для мяне…

Раз у выходныя, калі я прыехаў дадому ў вёску з універа, я пайшоў, як звычайна, на дыскатэку. Я хацеў пакрасавацца ў сваіх новых, купленых нядаўна ў сталіцы модных джынсах і белых красоўках. Такіх шыкоўных красовак не меў ніхто ў ваколіцы. Яны былі сапраўдны клас, як я тады лічыў.

Цяпер тыя белыя красоўкі падаюцца мне сімвалам глупства, але тады мяне разносіла ад зайздрасці і подзіву ў вачах маіх аднагодкаў. Зноў жа, гарэлка, тытунь… захацелася чагосьці новага.
Я агледзеў залу вясковай дыскатэкі. Каля дзвярэй я заўважыў гарбаценькую Тэньку. Гэта была маладая дзяўчына, якая крыху сутулілася, за што яе і празывалі «гарбаценькай». Яна была вядомая ў нашай вёсцы сваёй пабожнасцю. Кожны дзень яна была ў касцёле, не прапускала ніводнага набажэнства. Яе лічылі крыху ненармальнай і пакрыёма насміхаліся з яе. Я не ведаю, што яна рабіла тым вечарам на дыскатэцы, бо ніколі раней я яе там не бачыў. Мабыць, яна кагосці шукала. Нядоўга думаючы я падышоў і запрасіў яе на танец. Якраз грала нейкая рамантычныя павольная мелолыя. Тэнька насцярожылася, але, відаць, не хацела мяне пакрыўдзіць адмовай і таму згадзілася. Падчас танца я моцна прыціскаў яе да сябе, яна нават некалькі разоў спрабавала вызваліцца з маіх абдымкаў, але, відавочна, была задаволеная, што нехта звярнуў на яе ўвагу.

Пасля дыскатэкі я праводзіў яе дадому. Для мяне гэта было вясёлай забавай.

Мне было цікава, колькі мне спатрэбіцца часу, каб заваяваць сэрца гэтай вясковай дзівачкі. Аказалася, што нядоўга.
Не маючы ніякага жыццёвага вопыту, будучы самай наіўнай дзяўчынай ў свеце, яна хутка закахалася ў мяне і была гатовая на ўсё, млеючы ад ласкавых слоў, што я ёй шаптаў на вуха. Я быў яе першым мужчынам, яна ж была для мяне чарговай цацкай.

Праз некаторы час яна прыйшла да мяне і сказала, што цяжарная. Я не смяяўся так гучна ніколі ў маім жыцці. Яе трэба было бачыць — з пахіленай галавой. Яна прыйшла, нібы маленькая дзяўчынка, цярэбячы за край падола.

«Твая віна, чувіха! Я не ведаю, пра што ты кажаш і не хачу нават чуць пра гэта!» — такім быў мой адказ.
Цяпер я магу толькі ўяўляць, як ёй было балюча.
Я думаў, што яна заплача, але яна толькі нахілілася і пацалавала мне руку.
Я збянтэжыўся тады, бо не ведаў, як расцаніць ейны жэст. Тлумачыў сабе, што гэта была чарговая праява яе дзівацтва. Зараз жа мне не хапае смеласці, каб запытацца ў яе пра гэта. Не хачу вярэдзіць незагоеныя раны.

Неўзабаве на іншым канцы вёскі разнесліся крыкі і плач яе бацькоў, калі яна сказала ім, што чакае дзіця. Казалі, што

бацька накруціў яе доўгія каштанавыя валасы сабе на руку і цягнуў яе па зямлі да дубовай калоды на падворку, каб адсекчы ёй галаву.
Яна нема плакала, толькі маці галасіла штомоцы і заступалася за дачку. Уся вёска пра гэта гудзела, бо, вядома, такая пабожная, штодзень у касцёле, а тут байструка чакае.
Тоны бруду выліліся на Тэню. Яна знесла ўсё і не прызналася, што я быў бацькам яе дзіцяці. Сям’я прасіла, каб яна сказала, што яе нехта згвалціў, але яна катэгарычна адмовілася.
Яе сілай прымусілі пазбавіцца ад дзіцяці. Як яна прасілася, як яна не хацела, але запрасілі знахарку аднекуль з-пад Жупранаў. Тая наварыла пачварнага зелля, што сілай улілі Тэньцы ў рот. Параніла, дактары афіцыйна сцвердзілі — выкідыш. Так памёр мой сын.
Я смяяўся з гэтага, калі хлопцы пры танным віне, нібы жарт, расказвалі пра гэты выпадак. Мне было ўсё роўна.

Праз некаторы час я даведаўся, што ў мяне рак. Магчыма, гэта было пакаранне за маё лёгкае стаўленне да жыцця. Кажуць, што Бог ніколі не карае, таму я лічу, што я сам пакараў сябе. Я павольна паміраю, а Тэня прыходзіць да мяне кожны дзень, распавядае смешныя гісторыі, спрабуючы мяне суцешыць. Бядачка, пасля зелля знахаркі яна не зможа, хутчэй за ўсё, больш мець дзяцей. Я ніколі не размаўляў з ёй пра гэта. Я ведаю, я — падонак. Яна ж — анёл. Яна залатая. Не дарую сабе ніколі, што зламаў ёй лёс, а яна, нявінная, не перастае маліцца за мяне. Прыйшоў мой час цалаваць ёй рукі і абмываць сваімі слязьмі.

Да гэтага часу маё жыццё была марным, поўным пустой фанабэрыі і імкнення адно да прыемнасцяў. Ад Тэні я даведаўся крыху больш пра Бога, але баюся, ці не надта позна цяпер да яго звяртацца.

Я быў пустышкай у модных белых красоўках. Я не пакінуў пасля сябе нічога.
Мой ненароджаны сын мог быць памяццю пра мяне, але ў тым якраз заключаецца іронія лёсу, трагічны парадокс майго няўдалага жыцця, што я сам быў прычынай яго смерці.

Аднойчы Тэня сказала мне: «Пацалуй яго ад мяне»… «Каго?» — я не зразумеў просьбу. «Нашага сына», — сказала і пачала ціхенька плакаць. Я не змог нічога больш з сябе выдушыць, нейкі камяк заткнуў горла. Я маўчаў, нарэшце пакорна, як і Тэня, схіліўшы галаву.

Я малюся за сына і мне страшна ўвесь час.

Я баюся сустрэцца з ім пасля смерці і паглядзець яму ў вочы. Дзе мне знайсці словы, каб апраўдацца перад малым і бязвінным чалавечкам?

Пасля свайго горкага вопыту магу сказаць толькі адно: «Людзі, хай жа вам будзе не ўсё роўна!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?