«Бура ў бляшанцы, або Як развеяўся чарговы міф пра тэрарыстаў у Беларусі» — так называўся артыкул у «СБ» за 29 кастрычніка 2005, прысвечаны выбухам у Віцебску. З моманту апошняга выбуху прайшло трошкі больш за месяц, а газета ўжо пісала пра тое, што падазраваных у злачынстве «хутка вылічылі, знайшлі, і яны ўжо распавялі, дзе бралі порах і як жадалі папалохаць людзей у двух месцах». Прыводзім артыкул цалкам.

«Аб выбухах у Віцебску напэўна не ведаюць толькі грудныя немаўляты і слепаглуханямыя старэчы — гэтыя здарэнні апісвалі і агучвалі шматлікія СМІ. Падзеі 14 і 22 верасня для многіх з іх сталі ўлюбёнай тэмай. Версіі даходзілі да фантастычных — накшталт ісламскіх экстрэмістаў з чачэнскім следам.

Усё апынулася куды больш празаічна. «Міжнародны тэрор» у нас быў прадстаўлены двума маладымі стварэннямі, якія не разлічылі велічыню ўласнай сваволі (або глупства) з бляшанкамі з-пад газіроўкі.

Аб раскрыцці «выбуховага» злачынства ўпершыню краіна даведалася ад Прэзідэнта. Тыдзень таму на адкрыцці газаправода ў Лоеве А.Г. Лукашэнка, выкарыстоўваючы вельмі трапны эпітэт, супакоіў людзей:

— У Віцебску гэтыя два ахламоны падарвалі імітацыйнае прыстасаванне і думалі, што іх не знойдуць. Іх хутка вылічылі, знайшлі, і яны ўжо распавялі, дзе бралі порах і як жадалі папалохаць людзей у двух месцах.

Гэтай мінімальнай інфармацыі, аказалася дастаткова, каб ад версіі аб дамарослых тэрарыстах застаўся пшык.

І ўсё ж па цяжкавытлумачальнай логіцы некаторыя начальнікі з праваахоўных органаў працягваюць трымаць «віцебскую справу» ў сакрэце. Вось і нашай газеце канкрэтна адмовілі ў каментары, што, мякка кажучы, выклікае здзіўленне ... Затое «неафіцыйная» інфармацыя працягвае паступаць і шпацыраваць па СМІ. Вось на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, а потым і ў прыватных газетах затрыманых назвалі братамі, нават паведамілі іх імёны. Яшчэ адзін партал «выкінуў» у «сусветнае павуцінне» навіну, што абодвум ужо прад'яўлена абвінавачванне, а другі нават кваліфікаваў склад злачынства: «замах на забойства двух і больш асоб хуліганскім спосабам».

Дакладна вядома, што выбухі адбываліся ў месцах скаплення не самай узорнай моладзі. Таму версія аб хуліганстве ўяўляецца самай верагоднай. Тым больш што размоў аб «змове экстрэмістаў» ужо даўно не чуваць».

* * *

Аўтар артыкула не памыліўся, калі казаў, што 2005-м у прэсу трапілі звесткі пра затрыманне братоў. Гаворка пра братоў Мурашак, якіх праз паўгода следчых мерапрыемстваў вызвалілі. І хоць з іх знялі абвінавачванні, адзін з іх, Віталь, дагэтуль збірае чэкі ў крамах.

«Вельмі трапны эпітэт» Лукашэнкі ўзору кастрычніка 2005 нагадвае іншыя ягоныя словы, прамоўленыя 16 красавіка 2011, праз колькі дзён пасля выбуху ў мінскім метро.

«Фотаздымкі вам паказвалі, а пройдзе следства, і мы вам наогул усю карцінку пакажам, мы вам распавядзем, як гэта ўсё раскрывалася і адкрывалася і гэтак далей. Але цяпер следства ідзе, мы ж усё не можам вам сказаць. Калі мы сёння раскрыем нейкі факт — разбягуцца суўдзельнікі. А ўжо адзін суўдзельнік знойдзены. Круціўся, круціўся, але прызнаўся. Другі — таксама там »падвешаны».

Дзяўчынка гэтая, якую затрымалі, быццам бы нічога не бачыла, а потым кажа: »Так, бачыла». Не магу сказаць што, але, так, ужо прызнаецца».

Нагадаем, што Яня Пачыцкая, якая па словах Лукашэнкі ў першыя дні следства «прызнавалася», у судзе была сведкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?