16 сакавіка каля станцыі метро «Кастрычніцкая» людзі ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды ў памяць аб загінулых ад тэракта 11 красавіка 2011 года з патрабаваннем увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Ідэя аб такім ускладанні прагучала ў сацыяльных сетках. Паводле інфармацыі Charter97.org, з удзельнікаў, як мінімум, восем чалавек потым затрымалі. Сярод іх было 4 дзяўчыны, у тым ліку адна непаўналетняя, і чатыры хлопцы.

Маладую маму Алену Пашчэню затрымалі разам з сябром Аляксеем Рэневым. «Мы ўсклалі кветкі і ў нас ўзялі невялікае інтэрв’ю Потым мы назад зайшлі у метро, ​​там да нас падышлі трое ў цывільным і затрымалі нібыта для высвятлення асобы. У мяне на сумцы былі бел- чырвона-белыя стужачкі, і яны завастрылі на гэтым сваю ўвагу. У нас забралі дакументы. Так нас пратрымалі гадзіну. А мне дзіця з садка трэба было забраць да сямі, ніхто больш забраць не можа. А тэлефанаваць нам забаранілі. Потым нас вывелі з другога боку метро па два чалавекі, ля Дома прафсаюзаў, пасадзілі ў бус і адвезлі ў аддзяленне Цэнтральнага раёна. Я папрасіла патэлефанаваць, бо ў мяне дзіця ў садку і ніхто не ведае, дзе я. На што я пачула мала прыемнага і добрага», — распавяла жанчына сайту charter97.org.

«У аддзяленні ля сцяны стаялі ўжо чатыры хлопцы, рукі на сцяну, ногі па шырыні плячэй», — працягвае дзяліцца Алена. «Нам сказалі стаць таксама. Пачалі па адным выклікаць у кабінет, выварочваць усё з кішэняў, абшукалі, забралі ўсе рэчы і запісалі нашы дадзеныя. Затым сказалі выводзіць у калідор да сценкі ў ранейшае становішча. Размаўляць паміж сабой нам забаранялі. Таксама ў нас знялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. З мяне здзекаваліся, казалі, «дурніца, дома з дзіцем сядзі, а не лезь, куды не ведаеш». Казалі, што на нас трэба бацькоў загінулых напусціць, што мы абараняем вінаватых. Прыходзіў мужчына ў цывільным, крычаў на мяне. Сказаў, што яшчэ адно „пападанне“, і ты страціш працу і ўжо наўрад ці знойдзеш. Рукі здранцвелі вельмі. Калі я выйшла, на гадзінніку было 20.50».

Яшчэ адна затрыманая, Ганна Карэцкая, распавяла, што ў яе непаўналетняй сяброўкі таксама знялі адбіткі пальцаў: «За 15 хвілін да акцыі мы паклалі кветкі і запалілі свечкі. Спусціліся ў пераход і за намі пайшоў чалавек у цывільным з рацыяй, мы пачулі каманду «ўзяць». Нас завялі ў пакой міліцыі з металашукальнікам. Недзе праз гадзіну нас вывелі па два чалавекі праз іншы выхад з метро і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Ва ўсіх узялі адбіткі пальцаў, знялі на фота і відэа. Крыху пазней, чым праз тры гадзіны, нас сталі выпускаць па адным».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?