Пераможцы Конкурсу маладых літаратараў, прысьвечанага 100-годзьдзю “Нашай Нівы”, адбылі майстар?клясы ў Вільні й зладзілі энэргетычную прэзэнтацыю ў Менску.

Ад 2003 году, ад першага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай мінулі чатыры гады. Сёлетні, 4-ы конкурс быў прысьвечаны 100-годзьдзю «Нашай Нівы».

6 сакавіка адбылася выніковая вечарына пераможцаў. Ад суботы 3 сакавіка маладыя літаратары знаходзіліся ў Вільні, дзе ўласна і праходзілі майстар-клясы, чыталіся творы. У Менску ж зладзілася невялікая прэзэнтацыя для грамадзкасьці.

Слухаючы творы маладых літаратараў, можна было чарговы раз пераканацца, што Беларусь сапраўды – гэта нацыя паэтаў. Большасьць пераможцаў чыталі вершы. Тонкія і інтымныя, сьцёбныя і экспрэсіўныя, вялікія і малыя, у рыфму і вэрлібры, па-беларуску і па-расейску.

Гледзячы на некаторых паэтак, амаль адвольна згадалася пра прапанову Алеся Аркуша – зьмясьціць эратычныя здымкі маладых паэтак у часопісе «Калосьсе».

Хлопцаў-паэтаў таксама было многа. Калі мазырчук Валянцін Бойка прачытаў свой верш пра Вільню, то здалося, што гэты літаратар бліжэйшым часам можа скласьці сурёзную канкурэнцыю Андрэю Хадановічу. Сяржук Семянюк быў ляканічным, але трапным. Хуліганскія фразы зь ягоных вершаў, кшталту «ў адной руцэ трымаю чэлес, у другой – мабільны тэлефон», ня раз зрывалі аплядысмэнты гледачоў.

У перапынках паміж выступамі пераможцаў конкурсу іграў гурт «Індыга». Вакалістка Руся прызналася, што вельмі задаволеная, што трапіла на такую вечарыну, а то ўсё рокеры і рокеры.

Сярод пераможцаў быў і супрацоўнік «Нашай Нівы» Алесь Кудрыцкі. Ён прачытаў невялічкі ўрывак зь дзіцячай кнігі пра хлопчыка Казіка, які трапіў у дзівосную краіну. Кудрыцкі прызнаўся, што напісаў такую кнігу, якую б хацеў прачытаць у маленстве, а зараз, магчыма, марыць прачытаць сёньняшняя малеча. Пасьля Алесь прадэманстраваў невялікі мульцік пра Капітана Танаку, героя «нашаніўскай» «Газэткі дзеткам».

Раздваеньне асобы адбылося ў берасьцейскага літаратара Сяргея Прылуцкага. Ён выходзіў чытаць свае творы двойчы. Першы раз у іпастасі «рэальнага пацана» Сірожы Пістончыка, які працуе ў каўбасным цэху, а другі раз, як берасьцейскі паэт Сяргей Прылуцкі. Абодва разы ягоныя выступы праходзілі «на ўра».

«Чалавек-аркестар» Віктар Ываноў, так яго назваў яго Андрэй Хадановіч, выканаў уласную песьню, якая была напісаная ў гэты самы дзень. Некалькі літаратараў выступілі не зусім у звыклай для сябе ролі. Так, Сяржук Мядзьведзеў заявіў пра сябе ня толькі як пра перакладчыка «Байцоўскага клюбу», але і, як пра тонкага паэта, а Наталька Харытанюка – ня толькі, як крытыка і літаратуразнаўцу, але і, як празаіка.

Адзін зь нешматлікіх расейскамоўных творцаў Кірыла Дубоўскі зачытаў чатыры караценькія гісторыі пра мабільныя тэлефоны. Заканчваў жа выступы пераможцаў магілёвец Віталь Рыжкоў.

Андрэй Хадановіч прызнаўся, што яшчэ год назад ня ведаў такога паэта, а цяпер для яго Віталь Рыжкоў – адзін зь лідэраў маладой беларускай паэзіі. Рыжкоў не падкачаў, ён быў эмацыйным і пранікнёным. Апошнімі прачытаныя ім словы маглі датычыць усіх пераможцаў конкурсу: «Мы яшчэ пажывём хістаньнямі».

ПЭН-Цэнтар у сваю чаргу не зьбіраецца жыць хістаньнямі, а абяцае ладзіць такія конкурсы і надалей.






Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?