Валерыя Навадворская нарадзілася ў Баранавічах, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехала ў Маскву. Яшчэ ў студэнцкія гады стала на чале групы моладзі, якая выказвалася за збройнае паўстаньне супраць камуністычнага рэжыму. Шмат разоў яе арыштоўвалі за антысавецкую прапаганду. З 1970 да 1972 году знаходзілася на прымусовым лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі. Аўтар некалькіх кніжак, вядомая сваімі радыкальнымі поглядамі адносна сучаснай палітычнай сыстэмы ў Расеі. Калісьці Навадворская заявіла, што калі Расея захоча акупаваць Беларусь, то яна стане пад бел‑чырвона‑белы сьцяг змагацца за вольную Беларусь.

Сп. Навадворская, ці адбыўся развод паміж Беларусьсю й Расеяй, пра які так шмат казалася ў СМІ абедзьвюх краінаў?

В. Навадворская: На шчасьце, адбыўся. На шчасьце, два драпежнікі й тыраны ня ўжыліся ў адным фляконе, як гэта ўжо было са Сталіным і Мао Цзэ Дунам, Сталіным і Бросам Цітам. Гаворка аб тым, што паміж камуністычнымі лідэрамі няма варожасьці, зьяўляецца толькі мітам. На шчасьце для народу Беларусі й Расеі, гэта адбылося, бо інакш беларускі народ чакаў бы аншлюс, а Расею – новыя злачынствы. Пакт Рыбэнтроп‑Молатаў, можна сказаць, не прайшоў. Дзякуй Богу, што па дарозе яны пачалі лічыць грошы, і выявілася, што Лукашэнка вельмі нахабны й пацягнуўся нават за расейскай каронай. Але Пуцін і ягоныя памагатыя ніколі гэтага не прабачаць. Так што ніякага Саюзу Беларусі й Расеі ня будзе, але й радыкальных спробаў прыбраць Лукашэнку таксама ня будзе.

Які ўплыў на Лукашэнку зараз аказвае Крэмль, якім чынам гэта адбываецца?

В. Навадворская: На Лукашэнку ня трэба ўплываць. Усё тое зло, якое можна зрабіць, ён зробіць і бяз гэтага. Яны цягаюць адзін аднаго за эканамічныя нітачкі. Лукашэнка б’е Пуціна па самалюбству, Пуцін хоча, каб Лукашэнка стаў банкрутам. Але паколькі ў пляны Пуціна дэмакратычная й свабодная Беларусь, якая таксама як і Ўкраіна пойдзе ў ЭЗ і NАТO, не ўваходзіць, то Пуцін ня надта зацікаўлены тым, каб замяніць Лукашэнку Мілінкевічам. Усё будзе адбывацца так як і зараз. Але ў гэтым выпадку сіла прыцяжэньня меншая, чым сіла адштурхоўваньня, таму самае галоўнае, што аншлюсу ня будзе.

Як вы лічыце, ці можна верыць словам Лукашэнкі пра тое, што Беларусь паварачваецца на Захад?

В. Навадворская: Гэта поўны абсурд. Гэта дурная хітрасьць. Ён нават палітзьняволеных ня вызваліў. Казулін яшчэ сядзіць у турме, а гэтая хатка ўжо хоча паварочвацца да Расеі задам, а да Эўропы перадам. Ён хіба думае, што ён самы хітры, і паўтарае гітлераўскі прыём: то супраць чырвоных разам з Захадам, то з чырвонымі супраць Захаду. Насамрэч, я ня ведаю, хто б мог купіцца на гэтыя словы. Ня ведаю, хто мог тады купіцца на гітлераўскія посулы, чаму быў магчымы Мюнхэн. Я ня думаю, што тады кагосьці падманулі. Яны з адчыненымі вачыма йшлі на гэтую подласьць, проста адзін клін выбівалі другім. Думаю, што Захад ужо навучыўся, ды й Лукашэнка – гэта ж не рэйхсфюрэр, таму яму ніхто не паверыць. Пасьля ўсяго таго, што зрабіў Лукашэнка, поруч зь ім проста непрыстойна паяўляцца. З Пуціным, дарэчы, таксама, але ў Пуціна ёсьць атамная зброя, нафта, газ і вельмі вялікая тэрыторыя, празь якую праходзяць трубаправоды, і мноства іншых рэчаў. А з Лукашэнкам можна разабрацца й захаваць сваю бясьпеку. Захад мог бы быць больш актыўным, каб вызваліць Беларусь ад Лукашэнкі. Павінна быць поўная эканамічная блякада, спыненьне палітычных дачыненьняў. Лукашэнку трэба прыбраць, інакш там можа загінуць мноства вельмі добрых людзей.

Вы лічыце, што эканамічная блякада нешта можа вырашыць?

В. Навадворская: Безумоўна. Лукашэнку трэба пазбавіць ягонага другога бюджэту. Ён абклаў увесь бізнэс і, дзякуючы гэтаму, плаціць «охласу», які за яго галасуе. Ён мусіць страціць гэтыя сродкі. Народ павінен зразумець, што заставацца з Лукашэнкам рызыкоўна, так як гэта зразумелі сэрбы, калі бамбілі іх Бялград. Калі б ня гэтыя бамбардаваньні, Мілошавіч мог бы застацца на месцы. Такім жа чынам калісьці японскі народ зразумеў, што імпэратарскі рэжым таксама небясьпечны для жыцьця. Інакш да народаў не даходзіць. Таксама адбылося ў Эўропе. Пакуль нямецкія самалёты не пачалі бамбардаваць эўрапейскія гарады, то ніхто не разумеў, што Гітлер – гэта дрэнна. Калі з Лукашэнкам цюцюкацца, то ён і далей будзе даваць народу падачкі з таго, што абкрадаў бізнэс, то ён і памрэ на гэтай пасадзе дыктатара.

Вы сказалі, што паяўляцца поруч з Лукашэнкам непрыстойна. Апошнім часам значная частка беларускай апазыцыі запрапанавала Лукашэнку дапамогу, паколькі паявілася рэальная небясьпека акупацыі Беларусі Расеяй. Яго нават запрасілі на дэманстрацыю з нагоды гадавіны абвяшчэньня беларускай незалежнасьці. Ці з такім партнэрам, як Лукашэнка, можна «зварыць кашу»?

В. Навадворская: Гэта вельмі небясьпечныя гульні, і дарма Мілінкевіч гэта робіць. Нельга верыць ніводнаму слову Лукашэнкі, нельга яму прабачаць тое, што ён зрабіў. Расея ніколі не пачне акупацыі Беларусі пры такім настроі Лукашэнкі, калі і ён супраць, і дэмакраты супраць. Расея бярэ тое, што, як кажуць, дрэнна ляжыць. У Абхазіі зараз выдаюць пашпарты, гэтак жа адбываецца ў Асэціі. Расея ня можа сабе дазволіць сёньня акупаваць кагосьці з выкарыстаньнем грубай вайсковай сілы. Пуцін ня ў стане гэтага зрабіць. Я ніяк не магу прыняць «круглага стала» ў Польшчы. Гэта была вялікая слабасьць апазыцыі, менавіта таму сёньня Ярузэльскі застаецца яшчэ непакараным. Калі б зь ім ня селі за стол, то зараз ён сядзеў бы за кратамі за свае злачынствы. Такія рэчы немагчыма прабачыць, і ня можна брудзіцца. Свабода павінна быць чыстай. Я б параіла Мілінкевічу ня йсьці на такія кампрамісы. Я думаю, што ў Беларусі знойдуцца жадаючыя, каб і безь мяне гэта сказаць.

А якія зараз рычагі ўплыву на Беларусь мае Расея?

В. Навадворская: Перш за ўсё эканамічныя, пагрозы ў бок Лукашэнкі, што ён больш не атрымае падтрымкі. Калі Расея зьніме зь яго рукі, то ён вельмі хутка разьвітаецца са сваёй пасадай, і тады прэзыдэнтам можа стаць хаця б і Мілінкевіч.

А калі Расея прасуне свайго «прапуцінскага» кандыдата?

В. Навадворская: Расея такая ж несвабодная як Беларусь, але ў нас гэта ажыцьцяўляецца трохі інакш. Перш за ўсё, трэба вызначыцца, што азначае выраз «прапуцінскі». Калі кандыдат у Беларусі будзе адкрыта казаць пра страту незалежнасьці, ён ніколі ня пройдзе ў выбарах.

... але Лукашэнка калісьці ўносіў у парлямэнт бел‑чырвона‑белы сьцяг.

В. Навадворская: Але Лукашэнка з самага пачатку не казаў пра аншлюс, для яго гэта было выгодна пры Ельцыне, пры папулярным дэмакратычным лідэры, пры якім ён мог разьлічваць на тое, каб захапіць уладу. Пры Пуціне й яго чэкістах яму нічога ня сьвеціць, і ён гэта цудоўна разумее. А самае галоўнае, што гэта разумее Пуцін. Пры такім узаемаразуменьні ніякія радыкальныя рухі немагчымыя. Прапуцінскі кандыдат можа проста вельмі чула размаўляць з Расеяй і ня браць грошай за транзыт. Лукашэнка зразумеў, што ў выпадку аб’яднаньня ён стане губэрнатарам. Любы іншы прэзыдэнт гэта таксама зразумее. Гледзячы на Расею, можна сказаць, што й народу гэтая ідэя з аб’яднаньнем ужо абрыдла. У нас рэформы пайшлі далей, у нас ня кормяць за так, тым, хто сам сябе ня можа пракарміць, прадстаўлена магчымасьць паміраць з голаду. Я ня думаю, што расьпешчанаму падачкамі Лукашэнкі беларускаму народу гэта спадабаецца.

Зараз у Беларусі склалася ўнікальная сытуацыя – яна пасварылася з Масквою, але ў сваю чаргу і з Захадам у яе не найлепшыя стасункі. Дык як Беларусь будзе разьвівацца?

В. Навадворская: Апазыцыя павінна дабівацца датэрміновых выбараў. Дзеля гэтага неабходна капаць і капаць на народ. Калі народ расчаруецца ў Лукашэнку, тады можна будзе вярнуцца да ранейшай Канстытуцыі. Без падману й асьляпленьня народу ён ня мог бы рабіць таго, што ён зараз робіць.

Праблема аднак заключаецца ў тым, што пры кожнай такой спробе размовы народу й апазыцыі апоўшняя нядоўга можа размаўляць, паколькі міліцыя й спэцслужбы неадкладна рэагуюць.

В. Навадворская: Тады гэта яшчэ адзін доказ для народу, што ў краіне нешта ня так. Нам увесь час кажуць: а хто ж вам што забараняе, вы маеце «Эхо Москвы», калі ласка, рабіце, проста народ за вамі ня йдзе. Вядома, што Лукашэнка не аддасьць СМІ апазыцыі. Такога ў гісторыі ніколі не было, тым ня менш жнівень 1991 году ў Расеі адбыўся. І не таму, што мэдыі былі ў руках народу, наадварот. Калі ўсё пазачынялі й паставілі танкі, вось тут і прыйшоў канец рэжыму. Спадзяюся, што таксама будзе і ў Беларусі.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

Фота grani.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?