Са сведак, якія бяруць удзел 19 сакавіка ў паўторным судовым працэсе па справе Аляксандра Крутога, узята падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў судовага разбору. Не мае права нічога гаварыць і адвакат падсуднага Наталля Мацкевіч. Варта зазначыць, што пры першым разглядзе справы 6 снежня такія меры адносна сведак не прымаліся.

Паводле непацверджанай інфармацыі, на ранішнім пасяджэнні суд вывучыў матэрыялы справы па абвінавачанні Крутога ў хуліганстве, заслухаў сведак. Адвакат заявіла хадайніцтва аб прыцягненні да працэсу незалежных экспертаў. Хутчэй за ўсё, пасля перапынку на абед працэс адновіцца абвяшчэннем рашэння суда па гэтым хадайніцтве абароны.

Паўторны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Крутога, які спрабаваў мінулай восенню прадстаўляць у судзе па тэракце ў метро інтарэсы сваёй пацярпелай дачкі Інэсы, але ўзятага пад варту па абвінавачанні ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК), праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Судовы разбор праводзіцца без Крутога і, як і першы раз, у закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Хаткевіч задаволіў хадайніцтва аб гэтым дзяржабвінаваўцы Ваньковіча і пацярпелай галоўнага ўрача паліклінікі № 32 Валянціны Чупрык. Пацярпелая заявіла, што закрыць працэс неабходна ў мэтах прадухілення абвяшчэння звестак, якія ўшчамляюць яе годнасць.

Нагадаем, справа была накіравана зноў у раённы суд Мінскім гарадскім судом пасля разгляду 10 лютага касацыйнай скаргі на прыгавор, вынесены 6 снежня. Мінгарсуд адмовіў у вызваленні Крутога з-пад варты, і ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА № 1 МУС.

20 верасня Аляксандр Крутой, які актыўна выступаў на працэсе па тэракце, быў затрыманы міліцыяй у Мінску.

22 верасня старшыня суда Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Крутой «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем нормамі маралі». Гэта выразілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў — вадкасць з пахам мачы — на галоўнага ўрача. Па накіраванні пракурора Крутой быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза ўстанавіла, што ён не помніў сябе ад гневу.

6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў прымяніць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, затым быў пераведзены ў СІЗА № 1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?