У судзе над Аляксандрам Крутым, які спрабаваў восенню мінулага года прадстаўляць на працэсе па тэракце ў мінскім метро інтарэсы сваёй пацярпелай дачкі Інесы, аб’яўлены перапынак да 20 сакавіка.

Сведкі, у тым ліку дачка абвінавачанага, якія далі падпіску аб невыдаванні матэрыялаў судовага разгляду, не здолелі паведаміць, што паслужыла нагодай для працягу працэсу. Першы суд, які адбыўся 6 снежня 2011 года, завяршыўся за адзін дзень. Падобных мер у дачыненні да сведак не прымалася.

Інеса Крутая лічыць, што прысуд будзе аб’яўлены 20 сакавіка, і здзіўляецца, навошта трэба было рабіць пасяджэнне суда закрытым для грамадскасці і браць падпіску аб невыдаванні, калі нічога новага ў параўнанні з тым, што паведаміў у судзе па тэракце пра яе бацьку першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў, яна не пачула.

Паводле непацверджанай інфармацыі, на ранішнім пасяджэнні суд вывучыў матэрыялы справы па абвінавачанні Крутога ў хуліганстве, заслухаў сведак,
адвакат Наталля Мацкевіч заявіла хадайніцтва аб прыцягненні да працэсу незалежных экспертаў. Вынікі разгляду судом гэтага хадайніцтва невядомыя.

Паўторны разгляд справы ў дачыненні да Крутога, змешчанага пад варту паводле абвінавачвання ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК), праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Судовы разбор адбываецца без Крутога і, як і першы раз, у закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Хаткевіч задаволіў хадайніцтва аб гэтым дзяржабвінаваўцы Ваньковіча і пацярпелай — галоўнага ўрача паліклінікі № 32 Валянціны Чупрык. Пацярпелая заявіла, што закрыць працэс неабходна з мэтай прадухілення выдавання звестак, якія ўшчамляюць яе годнасць.

Нагадаем, справа была зноў накіравана ў раённы суд Мінскім гарадскім судом пасля разгляду 10 лютага касацыйнай скаргі на прыгавор, вынесены 6 снежня. Мінгарсуд адмовіў у вызваленні Крутога з-пад варты, і ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА № 1 МУС.

20 верасня Аляксандр Крутой, які актыўна выступаў на працэсе па тэракце, быў затрыманы міліцыяй у Мінску. 22 верасня Аляксандр Федарцоў, які быў старшынёй на працэсе, часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Крутой «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем нормамі маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў — вадкасць з пахам мачы — на галоўнага ўрача. Паводле накіравання пракурора Крутой быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза прызнала ў яго стан поўнай адсутнасці памяці.

6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў прымяніць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, затым быў пераведзены ў СІЗА № 1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?