Пра гэта паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Святлана Рыбакова.

Месячная тэмпература паветра ў красавіку павышаецца ў параўнанні з сакавіком на 7–8 градусаў і складае ў сярэднім плюс 5,8 градуса. У сёлетнім красавіку тэмпература паветра чакаецца каля кліматычнай нормы, а колькасць ападкаў у межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. Паводле прагнозаў, сярэдняя тэмпература першай дэкады красавіка складзе плюс 3,1 градуса, другой — плюс 5,8 градуса, трэцяй — 8,5 градуса цяпла.

Апошнія сем гадоў красавік быў на 1–3 градусы цяплейшы, чым звычайна.
Самым халодным быў красавік у 1955 годзе — сярэдняя тэмпература склала 2,5 градуса цяпла, а самым цёплым аказаўся красавік 2000 года — тэмпература паветра была амаль 11 градусаў цяпла. Абсалютны максімум тэмператур у красавіку склаў плюс 30,7 градуса і быў адзначаны ў Брэсце 24 красавіка 1950 года. У Мінску ў гэты дзень было плюс 26 і гэта была самая высокая тэмпература красавіка ў беларускай сталіцы за ўвесь перыяд назіранняў. Самыя халодныя дні ў красавіку былі зарэгістраваны 5 красавіка 1956 года ў Азярышчы — 20,8 градуса марозу, а ў Мінску ў 1923 годзе — мінус 18,4 градуса. У красавіку ў сярэднім выпадае 44 мм ападкаў, што адпавядае кліматычнай норме. Але ў красавіку 1975 года выпала 83 мм (амаль дзве месячныя нормы), а красавік 1974 года быў самым сухім — 9 мм ападкаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?