Мінгандаль сумесна з МУС будуць праводзіць рэйды па выяўленні нелегальных станцый тэхнічнага абслугоўвання (СТА). Пра гэта на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка ў Мінску паведаміла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.

Яна зазначыла, што «рэйды будуць раптоўнымі, пра іх не будуць інфармаваць мясцовыя ўлады».

Паводле звестак Наркевіч, да 50% паслуг па рамонце аўтамабіляў ажыццяўляюць нелегальныя СТА. «Мы ў апошнія два гады кансалідавалі намаганні ўсіх зацікаўленых дзяржорганаў для вырашэння праблемы нелегальных СТА», — сказала яна.

У 2011 годзе розныя кантрольныя органы правялі 3.630 праверак. Яны таксама адсочвалі дзейнасць СТА, інтэрнэт-магазінаў і праводзілі маніторынг рэкламы паслуг станцый тэхабслугоўвання. «У кожным другім выпадку выяўлены парушэнні», — сказала яна.

Паводле слоў намесніка міністра, «шмат зроблена ў сферы нарматыўнага рэгулявання гэтага сегмента: створаны правілы абслугоўвання, у прыватнасці вызначаны правілы аказання тэхпаслуг на дарозе (хуткая дапамога), створаны стандарты па абслугоўванні транспартных сродкаў, што дазволіла арганізоўваць СТА не толькі дылерам тых ці іншых аўтамабільных марак». «Але гэта дазволена пры наяўнасці кваліфікаваных кадраў і адпаведнага абсталявання. Апрача таго, распрацаваны будаўнічыя нормы праектавання СТА», — падкрэсліла Наркевіч.

Яна таксама паведаміла, што будзе працявацца растлумачальная праца супраць шэрых СТА. «Гэта бяспека грамадзян. Калі чалавек аддае ў падвал або нейкі гараж свой аўтамабіль, гэта не гарантуе яго бяспеку, могуць адмовіць і тармазы», — зазначыла намеснік міністра.

Паводле ацэнкі экспертаў, сёння ў Беларусі легальна аказваюць паслугі СТА 3.419 ІП і 2.600 юрасоб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?