«Можаш атрымаць 82 тысячы даляраў, а можаш усё страціць»
«МММ» працягвае дзейнічаць, нягледзячы на рэйд КДБ.
Пасля пятнічнага налёту на мінскі офіс піраміды «МММ-2011» не думалася, што нехта з яе арганізатараў пойдзе на кантакт. Таму, калі набіраў нумар аднаго з прадстаўнікоў (тэлефон убачыў на вялікай абвестцы-рэкламе ў Заслаўі), асабліва ні на што не спадзяваўся. Але пасля непрацяглых гудкоў адказаў мужчынскі голас.
«Добры дзень. Я тэлефаную па абвестцы наконт укладаў пад 60 працэнтаў у месяц. Можам сустрэцца, каб абмеркаваць?» — «Так. Вы ў Заслаўі?» — «Не, але часта бываю там». —
«Тады пад’язджайце ў любы дзень».
Дамовіліся сустрэцца на вакзале чыгуначнай станцыі «Беларусь» — так называецца яна ў Заслаўі.
Да мяне падышоў малады чалавек гадоў 25-ці. Назваўся Раманам.
Адразу ўручыў буклет «Мы можам многае!» з прыкладнай табліцай росту ўкладаў, якая за год са $100 пры самых высокіх працэнтах абяцала суму, у восемсот разоў большую — $82510.
Але малады чалавек паспяшаў прагаварыць, што
«МММ-2011» — гэта фінансавая піраміда, а таму ў любы момант можна ўсё страціць, а не толькі зарабіць. Гэтыя словы, праўда, не ўспрымаюцца, калі ў галаве ўжо круцяцца сумы з пяццю нулямі.
«На сайт Маўродзі заходзіў?» — «Заходзіў, але там шмат літар — чытаць лянота». Раман пачаў тлумачыць сістэму працы. «Я — сотнік. Грошы можаш мне на рахунак пакласці. Але ў такім выпадку я павінен буду з гэтай сумы сплаціць 12 працэнтаў падатку. Лепш, каб мне на рукі грошы перадаў». — «А нейкія дакументы будуць афармляцца, гарантыя якія?» — «Ніякіх дакументаў.
Хіба толькі чэк магу даць, які пацвярджае, што грошы я паклаў сабе на рахунак. Усё будуецца на даверы.
Я вось машыну прадаў за $2500 і ўсё паклаў на розныя ўклады. І цяпер маю $1500 штомесяц, гэта з рознымі бонусамі».
«А праблем не будзе? Тут жа супрацоўнікі КДБ узялі штурмам мінскі офіс „МММ-2011“?» — «Не будзе. КДБ уварваўся, людзей пахапаў, але нічога прад’явіць ім не могуць. Гэта было зроблена для таго, каб запужаць людзей, каб грошы не неслі». — «І на далейшую працу гэта ніяк не паўплывае?» — «Думаю, не. Хаця ўсё можа скончыцца і праз 3 месяцы, і праз 6. У 1994-м піраміда працавала паўгода. А мы ўжо дзейнічаем год і два месяцы. Пасля шуміхі з КДБ мы спынілі выплаты на 5 дзён, каб людзі ў паніцы не кінуліся забіраць уклады. Але заўтра [сустрэча адбылася 19 сакавіка — „НН“] аднаўляем выплаты. Вось я — фізічная асоба, незаконнай дзейнасцю не займаюся. Хаця ў нашай дзяржаве могуць пасадзіць ні за што».
«А на які тэрмін у асноўным кладуць грошы?» — «На тры месяцы».
— «Чым меншы тэрмін, тым меншая верагоднасць усё страціць?» — «Так, але тады і працэнты меншыя». І перад тым, як развітацца, Раман прывёў яшчэ прыклад нібыта сваіх сяброў. Яны паклалі 50 даляраў на тры месяцы і 50 на год. З першых яны маюць утрая большую суму. «Ужо ў плюсе. А з тымі, што ляжаць год… А хто ведае, што
бу-дзе праз год?»
***
На старонцы групы «МММ-2011 у Беларусі» «Вконтакте» размяшчаюцца нумары тэлефонаў так званых дзясятнікаў. Набіраем Антона з Мінска. Ён сказаў, што «праца прыпынена да лепшых часоў». Сяргей з Гомеля адзначыў, што «на шчасце ці на жаль, ужо не займаецца гэтым». А мінчук Павел быў здзіўлены, што яго кантакты яшчэ недзе ёсць, бо іх як дзясятнік нідзе не пакідаў. «Вы маеце дачыненне да «МММ-2011»? — «Так, але толькі як удзельнік». — «Праз Вас можна стаць таксама удзельнікам піраміды?» — «Не».
Кастусь Матушыч
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ