28 лютага

Аштрафавалі на паўтара мільёна

В.а. кіраўніка гомельскай абласной арганізацыі Сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Алега Шабетніка з Рэчыцы суд пакараў штрафам у 50 базавых велічыняў – 1 мільён 550 тысячаў рублёў. Яму па пошце прыйшла пастанова судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомелю Марыны Дамненкі аб прызнаньні яго вінаватым ў незаконным перамяшчэньні празь мяжу друкаваных выданьняў. Паведамленьне пра суд у Рэчыцу прыйшло праз два тыдні пасьля судовага разбору. Судзьдзя Дамненка аштрафавала спадара Шабетніка завочна. У сьнежні летась на памежнай беларуска‑ўкраінскай станцыі Церуха Алег Шабетнік разам з аднапартыйцам Сяргеем Старычэнкам быў затрыманы беларускімі мытнікамі. Яны вярталіся цягніком у Гомель з Чарнігава, дзе бралі ўдзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых сіл Беларусі. Тады беларускія мытнікі і канфіскавалі ў сп. Шабетніка матэрыялы ўстаноўчай канфэрэнцыі, а таксама пяць асобнікаў брашуры пра культ асобы Аляксандра Лукашэнкі.

«Бобруйский курьер» на вадзе

Гарвыканкам запатрабаваў ад недзяржаўнай газэты «Бобруйский курьер» стварыць нізавую арганізацыю Беларускага рэспубліканскага таварыства ратаваньня на вадзе колькасьцю, роўнаю штатнаму складу. Да 1 траўня трэба адправіць у аддзел ідэалёгіі гарвыканкаму справаздачу аб афармленьні інфармацыйнага стэнду ды зборы грашовых «сяброўскіх унёскаў» у памеры адной тысячы рублёў на кожнага працоўнага. Такія ж загады атрымалі ўсе суб’екты гаспадараньня ў Бабруйску.

«МФ» абараняе музэй

1 сакавіка спаўняецца год, як быў зачынены Жлобінскі краязнаўчы музэй. Мясцовая філія незарэгістраванага «Маладога фронту» распачала збор подпісаў у падтрымку краязнаўчага музэю. У райвыканкам будуць накіраваныя адпаведныя дакумэнты з трыма асноўнымі патрабаваньнямі: аднаўленьне працы Жлобінскага краязнаўчага музэю, рэканструкцыя новага будынку музэю, прывядзеньне ў належны стан усіх вайсковых могілак, помнікаў і пахаваньняў.

Арыштаваная маёмасьць грамадзкага аб’яднаньня «Дапамога дзецям Чарнобылю»

Мытнікі наклалі на вядучую дабрачынную структуру Гомельшчыны 330‑мільённы штраф. Яшчэ ў 100 мільёнаў рублёў абыдзецца ўтылізацыя сапсаваных прадуктаў, што па віне мытнікаў так і не дайшлі да зоны. Згнілі яны на складах, арэнда якіх каштавала 50 мільёнаў. У выніку набягае каля 200 тысяч эўра.

1 сакавіка

Выхад з галадоўкі Казуліна мусіць быць працягнуты

Рэжым выхаду з галадоўкі экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, які адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі «Віцьба‑3», павінен быць працягнуты. Такую думку выказаў адвакат палітыка Ігар Рынкевіч пасьля сустрэчы з падабаронным. Гэты рэжым азначае вызваленьне ад працы і спэцыяльнае харчаваньне. Паводле словаў Рынкевіча, датуль, пакуль мэдыкі не дазволяць Казуліну перайсьці на агульны рэжым утрыманьня ў калёніі, ён будзе знаходзіцца ў рэжыме выхаду з галадоўкі.

Дзяўчыну вэрбавалі

1 сакавіка студэнтцы Пэдунівэрсытэту Тацяне Ўсіновіч патэлефанавалі з КДБ і выклікалі на допыт. Студэнтка ў сваю чаргу зрабіла адзнаку ў пратаколе пра тое, што падчас гутаркі кадэбісты нецэнзурна лаяліся. На гэтым іхняя сустрэча і скончылася. Дагэтуль супрацоўнікі КДБ двойчы мелі размову зь дзяўчынай — 16 і 23 лютага. Падчас гутарак прадстаўнікі спэцслужбаў настойліва прасілі аказваць садзейнічаньне ў перадачы інфармацыі пра дзейнасьць «Маладога фронту» і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, а таксама абяцалі паспрыяць у разьмеркаваньні, паколькі сёлета Тацяна заканчвае вучобу.

2 сакавіка

Пікет ля беларускага пасольства ў Кіеве

Ля будынку пасольства Беларусі ў Кіеве адбыўся пікет беларускіх жанчын, чые сваякі асуджаныя ў Беларусі па крымінальных, грамадзянскіх і маёмасных справах. Восем беларусак разгарнулі плякаты з патрабаваньнямі адстаўкі генэральнага пракурора і старшыні Вярхоўнага суду Беларусі, а таксама зь лёзунгам «Улада – гэта народ, а не службоўцы».

Дашкевіча наведаў пасол АБСЭ

Кіраўнік місіі АБСЭ пасол Оке Пэтэрсан меў размову з палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам у кабінэце кіраўніка шклоўскай папраўчай калёніі. Спадар Пэтэрсан запэўніў, што пра яго памятаюць і спадзяюцца на хуткае вызваленьне. Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч ужо паўгоду адбывае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Яшчэ год яму давядзецца правесьці за кратамі.

Яшчэ адзін штраф за чарнігаўскую канфэрэнцыю

Аляксандар Дзенісенка атрымаў паведамленьне з суду Цэнтральнага раёну Гомеля, згодна зь якім яму неабходна ў 15‑дзённы тэрмін аплаціць штраф. Калі ён вяртаўся 17 сьнежня з канфэрэнцыі «Саюзу левых сілаў» з Чарнігава праз памежны пераход «Новая Гута», увагу мытніка прыцягнулі кнігі «Аб кульце асобы Лукашэнкі», якія ляжалі на заднім сядзеньні аўтамабіля. Усяго было знойдзена і канфіскавана 17 асобнікаў. 8 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомелю прыйшоў да высновы, што «інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў друкаваных выданьнях, можа нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», і пастанавіў прыцягнуць Дзенісенку да адміністрацыйнай адказнасьці ў памеры 50 базавых велічынь за парушэньне ч.1 арт 193‑9.

Экс‑кандыдаты ў абарону маладзёнаў

Са зваротам у сувязі з парушэньнямі правоў чалавека да старшыні Берасьцейскага аблсавету зьвярнуліся экс‑кандыдаты ў дэпутаты аблсавету Ўладзімір Малей, Сяргей Вакуленка і Ўладзімір Вялічкін. Падстава: падчас студзеньскай выбарчай кампаніі міліцыя затрымала групу маладзёнаў, якія трымалі ў руках па аркушу паперы, на кожным зь якіх было па адной літары. Затрыманыя былі адміністрацыйна пакараныя штрафамі ад 620 000 да 1 550 000 рублёў судзьдзёй Ленінскага раёну Берасьця. Экс‑кадыдаты ў Берасьцейскі абласны Савет дэпутатаў лічаць, што санкцыі, выкарыстаныя супраць моладзі, надзвычай суровыя. Выканаць пастанову яны ня ў стане, бо зьяўляюцца навучэнцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?