Заніжэньне свайго багацьця зноў у модзе ў сацыяльнай гульні, дзе ідзе барацьба за прызнаньне і сэксапіл. Кампутарная рэвалюцыя цяпер дазволіла весьці інтэлігенцкае жыцьцё і бяз сталай працы. Таксама лічыцца прывабным нейкі час жыць ніжэй за свой матэрыяльны статус, затое належаць да асяродку людзей культуры, мастацтва ці мэдыяў.

Тыя, хто належыць да «пакаленьня практыкантаў» у Нямеччыне, адбываюць незьлічоныя практыкі і стажыроўкі, дарэмна скардзяцца на эксплюатацыю і тужліва чакаюць на працу сваёй мары. Шмат хто зь іх можа сабе гэта дазволіць — урэшце, яны жывуць за кошт сваіх бацькоў. Бо пакаленьне практыкантаў — гэта таксама і пакаленьне спадкаемцаў.

У апошні час усё больш актуальнай тэмай у Нямеччыне зьяўляецца спадчына. Маладыя людзі неахвотна кажуць пра грошы, што маюць ад бацькоў. Колькі дзён таму мне давялося пагутарыць з Андрэасам з Кёльну. Андрэас вывучаў гісторыю мастацтва — з захапленьнем, але задоўга. Пасьля ён быў заняты напісаньнем доктарскай працы, жывучы з розных часовых заробкаў. У крызісных сытуацыях заўсёды мог разьлічваць на бацькоў. Цяпер яму 31, і ён шукае працу. У яго ўжо нават ёсьць пэўныя ўяўленьні на гэты конт: можна было б працаваць у мэдыях ці ў музэі, дзе ён праходзіў слаўную практыку на пасадзе асыстэнта выставы. Ці, можа, выбраць унівэрсытэцкую кар’еру? Ну калі і так, то толькі за мяжой. «Жыцьцё — гэта мора магчымасьцяў, — кажа ён з энтузіязмам. — У найгоршым выпадку зноў пайду куды‑небудзь на практыку».

Адкуль жа бярэцца такая бестурботнасьць? Сям’я Андрэаса належыць да тыповай сярэдняй клясы: яхты, што праўда, ня маюць, аднак жывецца ім заможна. Ці атрымае Андрэас у спадчыну іх маёмасьць? Ці ягоныя бацькі таксама атрымалі ў спадчыну маёмасьць сваіх бацькоў?

Паводле словаў Андрэаса, бацькі атрымалі ў спадчыну ад дзеда, які працаваў пасьля вайны стэльмахам, прадпрыемства, што спачатку здавалася ў арэнду, а пасьля было прададзена. На пытаньне, колькі яны за яго атрымалі, Андрэас з дакорам кажа: «Пра гэта размовы не вядзецца». Зрэшты, у ягонай сям’і ўвогуле не размаўляюць пра грошы. Ён сам ня можа ацаніць маёмасьці сваіх бацькоў.

Два заробкі: з працы і ад бацькоў

27‑гадовы Штэфан Орт спачатку вывучаў англістыку ў Вупэрталі, пасьля журналістыку ў Аўстраліі. Падчас вучобы ён пісаў артыкулы ў мясцовыя газэты. Калі вярнуўся з Аўстраліі з замежным досьведам, веданьнем замежных моваў і двума дыплёмамі магістра, пачаў шукаць стажыроўку. «Папраўдзе, я ўжо раней разумеў, што мяне ня возьмуць», — кажа ён. Цяпер ён адбывае практыку ў «Forum Online», за што атрымлівае штомесяц 350 эўра. Без дапамогі бацькоў Стэфан ня здолеў бы забясьпечыць сябе. «Мой бацька працуе выкладчыкам і ведае сытуацыю з працай для студэнтаў, — кажа Стэфан. — Ён не тэлефануе мне штотыдзень і не пытаецца, чаму я яшчэ не зарабляю». Стэфан ведае, як яму пашчасьціла зь ягонай адносна забясьпечанай сям’ёй. І ўсьведамляе, што пакаленьне практыкантаў здолее пражыць гэтак доўга, як доўга іх бацькі будуць пераказваць грошы ім на рахункі.

«Таксама і працадаўцы зыходзяць з таго, што выпускнікі ВНУ паходзяць з добра забясьпечаных сем’яў», — кажа 27‑гадовая Вэрэна Шарштайн. Нядаўна яна атрымала дыплём музыказнаўцы і хацела працаваць музычным драматургам на прэстыжным музычным фэстывалі. Ёй прапанавалі працу на дзевяць месяцаў з заробкам у 800 эўра «бруднымі».

Калі яна запыталася ў свайго шэфа, як ёй пражыць на гэтыя грошы, у адказ пачула: «А гэта Вы павінны абгаварыць з бацькамі». Тыя ж, канечне, былі гатовыя дапамагаць дачцэ. Нягледзячы на гэта, Вэрэна хацела дамагчыся вышэйшага заробку. Хутка яна атрымала адмоўны адказ разам з абгрунтаваньнем, што яна, відаць, недастаткова матываваная да гэтай працы. Таму цяпер яна шукае далей.

Падчас сустрэчы з Аннай мы таксама размаўлялі пра грошы. Цалкам няблага атрымалася. Відаць таму, што лягчэй размаўляць пра грошы, калі іх няма. Анна ня хоча называць свайго прозьвішча. Яна распавядае пра нядаўняе сьвяткаваньне ў пабе: адзін зь яе сяброў атрымаў сталую працу на паўстаўкі ў бэрлінскай PR‑агенцыі. Толькі герой вечару асабліва ня радаваўся. Як падсумаваў адзін з прысутных на вечарынцы, гэта быў адзіны чалавек за сталом, які мае сталую працу. Чацьвёра астатніх зь цяжкасьцю жывуць ад замовы да замовы. Незалежны журналіст змагаецца за напісаньне чарговага артыкулу, тэатральны харэограф чакае на новую п’есу, дзьве астатнія асобы адбываюць практыку — менавіта так выглядае тыповае жыцьцё выпускнікоў ВНУ — між практыкамі, замовамі і дамовамі на акрэсьлены час. Апроч таго, на другім пляне яшчэ ёсьць бацькі, якія выступаюць у якасьці страхаваньня ад рызыкі страты працы.

Прэстыжная практыка лепшая за абы‑якую працу

У Нямеччыне ў надта цяжкой сытуацыі знаходзяцца ня тыя, хто залічвае сябе да пакаленьня практыкантаў, а тыя, хто ня можа сабе дазволіць раскошы да яго належыць.

Напрыклад, Анна зь Ляйпцыгу, бацькі якой не былі ў стане фінансаваць зацягнуты пэрыяд жыцьця дачкі паміж заканчэньнем вучобы ва ўнівэрсытэце і пачаткам працоўнай дзейнасьці. Пасьля вучобы па спэцыяльнасьці «мэдыязнаўства» яна працуе ў цэнтры апрацоўкі тэлефанаваньняў. «Толькі гэта і застаецца, калі ты ня можаш дазволіць сабе праходзіць практыку», — кажа яна. Без усялякай злосьці яна гаворыць пра тое, што нехта ж павінен браць адказнасьць за ўтрыманьне ейных аднагодкаў. «Пакаленьню практыкантаў таксама патрэбныя грошы на вопратку, кампутар і піва», — кажа яна.

Практыка ёсьць і заўсёды была пэрыядам аптымізацыі, што служыць для дасягненьня прафэсійнай мэты. У цяперашні час на шляху да пачатку прафэсійнага жыцьця моладзь, аднак, не займаецца абы‑чым. На імпрэзах дваццаціпяці‑ і трыццацігадовых можна часта пачуць: «Цяпер толькі праходжу практыку». Як высьвятляецца — чарговую. Маладыя немцы наважваюцца на практыку ня дзеля таго, каб пазьбегнуць беспрацоўя, што пагражае ім. Проста больш прэстыжна прайсьці стажыроўку ў вядомым выдавецтве «Suhrkamp», чым атрымаць сталую працу ў спэцыялізаваным выдавецтве ў Штутгарце, што выдае кніжкі на тэму дашкольнай пэдагогікі. Праца ў апошнім пазбаўленая бляску. Цытуючы сацыёляга П’ера Бурд’ё, пра гэтыя «тонкія розьніцы» ў спосабе мысьленьня ўжо доўгі час сыгналізуе не гадзіньнік «Ролекс», а пастава і стыль жыцьця, што ўжо не вызначаюцца выстаўленьнем напаказ свайго багацьця».

Сёньня можна паходзіць з заможнай сям’і і, нягледзячы на гэта, жыць па студэнцкіх кватэрах ці запісацца на другі кірунак навучаньня, дзякуючы чаму можна танна езьдзіць на гарадзкім транспарце. Заніжэньне вартасьці свайго багацьця сёньня ёсьць адным з элемэнтаў сацыяльнай ролевай гульні, дзе ідзе барацьба за прызнаньне і сэксапіл. Асабліва вытанчанай формай какецтва пры гэтым ёсьць сэнтымэнтальнасьць і плаксівасьць.

Адукаваныя зь вялікімі чаканьнямі

Пакаленьне практыкантаў само спрычыняецца да свайго стану балючай няпэўнасьці. У пэўны момант зьяўляецца прадчуваньне, што і дзясятая практыка не прывядзе да атрыманьня жаданай сталай працы ў прэстыжнай фірме і што, можа, большы б сэнс мела якая‑небудзь менш захапляльная, але праца. Аднак практыкантам няма падставаў так баяцца беспрацоўя, як дзецям зь іншых сацыяльных праслоек: за апошнія 30 год ніводнага разу колькасьць беспрацоўных выпускнікоў ВНУ не перавысіла 5 %. Апошнім разам гэты паказчык склаў 3,8 %. За той самы час з прычыны эканамічнага крызісу беспрацоўе сярод асобаў без прафэсійнага дыплёму ўзрасло ў чатыры разы. Калі ж неспрыяльная сытуацыя на рынку працы ў вялікай ступені закранула б і выпускнікоў ВНУ, то і ў такім выпадку яны б мелі найлепшыя ўмовы для таго, каб падрыхтавацца да такога кшталту сацыяльных зьменаў. Як пішуць Голм Фрыбэ і Саша Лоба ў сваёй кніжцы «Wir nennen es Arbeit» («Мы называем гэта працай»), калі зьмяншаюцца шанцы на атрыманьне сталай працы, на дапамогу прыходзіць лічбавая рэвалюцыя, што дае магчымасьць весьці «інтэлігенцкае жыцьцё бяз сталай працы».

Пакаленьне практыкантаў, аднак, ня толькі вельмі добра адукаванае (вучоба за мяжой, веданьне замежных моваў, практыкі), але і мае большыя жыцьцёвыя чаканьні, чым усе папярэднія пакаленьні. Аднак гэтыя чаканьні не зьвязаныя з капіталістычным імкненьнем да прыбытку, а перадусім зь імкненьнем да самарэалізацыі і ўнутранай сьпеласьці. Іх дэвіз: ніякай нуднай офіснай працы, ніякай працы ў цэнтрах апрацоўкі тэлефанаваньняў — нават часова. На думку пакаленьня практыкантаў, нашмат больш прывабна нейкі час жыць ніжэй за свой матэрыяльны статус, затое належаць да асяродку людзей культуры, мастацтва ці мэдыяў.

Безумоўна, пакаленьню практыкантаў недаспадобы быць на ўтрыманьні бацькоў, якія сваёй грашовай дапамогай падаўжаюць час маладосьці сваіх дзяцей. Аднак іх слушна называюць прагматыкамі і безыдэйнымі. Яны ведаюць, што ім ніколі не наэканоміць гэтулькі, колькі яны атрымаюць у спадчыну. Бацькі і дзеці сваёй цеплынёй, любоўю і клапатлівай увагай ахвотна маскуюць той факт, што згода, якая пануе між імі, мае таксама і эканамічныя прычыны.

Спадчына не для дзяцей

Існавалі пакаленьні, што лепш сабе ўсьведамлялі гэтую залежнасьць. З пакаленьня’68 у выніку нават выйшлі актывісты. Спэцыяльны прадстаўнік ААН у Афганістане Том Кёнігс у 1973 г. падараваў атрыманую частку спадчыны Народнаму Фронту Вызваленьня Паўднёвага Віетнаму, а таксама змагарам чылійскага руху супраціву. Пра гэтае радыкальнае адмаўленьне ад багацьця бацькоў сёньня нагадвае рух «Attac», што аб’ядноўвае групу маладых спадкаемцаў, якія прызначаюць частку сваіх грошай на фінансаваньне праектаў праціўнікаў глябалізацыі, складаючы гэтым самым пераважную меншасьць. Парадаксальным чынам іхны прыклад да перайманьня — Эндру Карнэгі — жыў у ЗША. Напрыканцы ХІХ ст. ён быў адным з найбагацейшых людзей таго часу. Карнэгі падараваў звыш 350 млн. даляраў грамадзка карысным арганізацыям, упарта падаючы толькі адно абгрунтаваньне свайго рашэньня: «Досьвед вучыць, што абцяжарваньне дзяцей спадчынай не прыносіць ім нічога добрага». На ягоную думку, гэта паслабляе іх волю да дзеяньняў. У такім самым духу дзейнічаюць два найбагацейшыя людзі сьвету — Ўорэн Бафэт і Біл Гейтс. Яны публічна заявілі, што пераважную частку сваіх грошай пакінуць у спадчыну дабрачынным арганізацыям, а не сваім дзецям.

«Грамадзкая няроўнасьць у Нямеччыне ўзьнікае ня толькі з прычыны розьніцы заробкаў, але таксама — і ўсё часьцей — у выніку атрыманьня спадчыны», — кажа сацыёляг Енс Бэкерт, які выконвае функцыю дырэктара Інстытуту грамадзкіх дасьледаваньняў імя Макса Плянка (Max‑Planck‑Institut fьr Gesellschaftsforschung) у Кёльне. Нямецкае грамадзтва доўгі час дбала пра празрыстасьць розьніцы ў заробках. Нізкі падатак ад спадчыны ў параўнаньні зь іншымі дзяржавамі сьвету сёньня ў сваю чаргу ёсьць выразам дбаньня пра няроўны падзел дабрабыту.

Спадчына да 250 тыс. эўра не абкладаецца падаткамі, у выпадку вышэйшых сумаў неабходна заплаціць падатак ад спадчыны ў памеры 7 — 17 % ад ейнай вартасьці ў залежнасьці ад падатковай клясы. У ЗША стаўка параўнальнага падатку складае амаль 30 адсоткаў вартасьці спадчыны.

Спадчына — шчасьце ці пакута?

Падчас маёй трэцяй гутаркі з Андрэасам ён нарэшце наважыўся закрануць пытаньне грошай. Ён лічыць, што нават калі ягоная сям’я іх мае, дык і так яны яму нічога не прыносяць. Гэта самае датычыць спадчыны. Тое, што нехта паходзіць з добра забясьпечанай сям’і, неабавязкова значыць, што ён здольны надаць сэнс свайму жыцьцю. Гэтае ўменьне нельга атрымаць у спадчыну. Аднак спадчына дапамагае прафінансаваць каштоўны пэрыяд арыентацыі, якога часам патрабуе ад пакаленьня практыкантаў ужо зусім непразрысты прафэсійны сьвет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?