23 сакавіка: палітвязні сядзяць, Еўрасаюз пашырыў свой чорны спіс на 29 кампаній і 12 асобаў.
Гэтае рашэнне прыняла Рада міністраў замежных справаў ЕС сёння. Як можна меркаваць па заявах прэзідэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце, гэта не эканамічныя санкцыі, а проста новыя абмежаванні супраць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Паводле нашай інфармацыі,
на цвёрдым падыходзе да Мінска настойвае Германія — краіна, якая мае галоўны голас у вызначэнні палітыкі ЕС на ўсходзе.

У лік новых 12-ці асобаў у чорным спісе ўваходзяць суддзі, пракуроры, якія, паводле ЕС, уцягнутыя ў рэпрэсіі ў Беларусі, а бізнэсоўцы, якія спансаруюць Лукашэнку або з'яўляюцца бэнэфіцыярамі ўлады Лукашэнкі.

Новыя дадаткі да візавага «чорнага спісу» яшчэ не апублікаваныя, аднак удзельнікі паседжання паведамілі, што ў спіс трапілі толькі 2 бізнэсоўцы — Анатоль Тарнаўскі і Юрый Чыж.
У спісе фірмаў — кампанія Тарнаўскага «Юнівест-М», сярод астатніх — тыя, што належаць Чыжу і Пефціеву. Аднак у спіс не трапілі кампанія Чыжа, якая супрацоўніцае са Славеніяй, і тры кампаніі, якія маюць бізнэсовыя сувязі з Латвіяй.

Меры без надзеі

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі не хавае, што не звязвае з новымі захадамі вялікіх надзеяў: "Гэта выказванне нашай салідарнасці з беларускім грамадствам і негатыўнай ацэнкі таго, што робяць улады»,— цытуе Сікорскага агенцтва ПАП.

Польскі міністр падкрэсліў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі горшае: «Некаторыя палітычныя зняволеныя знаходзяцца на мяжы смерці. Гэта не можа быць пакінута без адказу».

На мінулым тыдні прамільгнула надзея, што Беларусь адмовіцца ад палітыкі супрацьстаяння і канфрантацыя аслабне. Еўрапарламент мусіў прыняць рэзкую рэзалюцыю па Беларусі. У тэксце гаварылася пра эканамічныя санкцыі і заклік да адмены Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Вядома, заявы Еўрапарламента маюць хутчэй сімвалічнае значэнне, але яны таксама ўплываюць на далейшыя рашэнні.

Дык вось, рэзалюцыю не прынялі.

Балгарскі дэпутат Крысціян Вігенін прапанаваў адкласці яе, каб даць магчымасць Беларусі выправіць сітуацыю. «Мы атрымалі інфармацыю пра станоўчыя зрухі», — сказаў Вігенін.

Паслы не вернуцца?

Іншы пазітыўны сігнал быў дасланы з Брусэля вуснамі Кэтрын Эштан. Кіраўнічка замежнай палітыкі ЕС заклікала паслоў вярнуцца ў Мінск на працягу тыдня. Тым самым яна паказала, што Еўропа не зацікаўленая ў паглыбленні канфлікту.

«Аб якім вяртанні еўрапейскіх паслоў сёння можа ісці гаворка, калі Еўрасаюз не стамляецца пагражаць нам увядзеннем новых санкцый 23 сакавіка? Давайце спачатку дачакаемся гэтай даты, а ўжо потым мы будзем вызначацца, у тым ліку і адносна вяртання паслоў», — такая пазіцыя беларускага МЗС.

З гэтай нагоды нават анекдот з’явіўся. Паслы ЕС вернуцца ў Мінску толькі пры выкананні аднаго патрабавання: каб іх пусцілі.

Аднак нічога гэтага не здарылася: пасля не вярнуліся, палітвязні сядзяць, а з Адміністрацыі прэзідэнта дэманстратыўна злілі паперку з парадкам дня нарады, на якім першымі пунктамі разглядаліся захады ў адказ і толькі 4-м — закулісныя прапановы Сікорскага-Кульчыка.

Спіс заложнікаў

Пусцяць назад у свае рэзідэнцыі паслоў ці не, пакуль не вядома, а вось канстытуцыйнае права беларускіх грамадзянаў аб свабодзе перамяшчэння парушаецца. Ужо з дзясятак палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў не змаглі выехаць з Беларусі.

Іх здымаюць на мяжы з рэкамендацыяй звярнуцца ў Аддзел па грамадзянству і міграцыі МУС па месцы жыхарства. Афіцыйныя прычыны гучаць даволі смешна. Кагосьці не пусцілі за мяжу за «няяўку ў ваенкамат». Супраць старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў нібыта пачатая справа аб яе банкруцтве. А Анатоль Лябедзька «ўхіляецца ад абавязкаў, накладзеных на яго судом». «Створаны спіс заложнікаў», — рэзюмуе Андрэй Дынько, шэф-рэдактар «Нашай Нівы», які таксама апынуўся ў спісе невыязных.

У інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу Russia Today Лукашэнка не толькі прызнаў існаванне чорнага спісу, але і паабяцаў яго пашырэнне.

Ад лабістаў не адбіцца

Ёсць імавернасць, калі санкцыі будуць прынятыя, то яны могуць зачапіць людзей, якія скалацілі за апошнія гады капітал. Гэта ўладальнік «Трайпла», бярозаўскіх заводаў і мінскага «Дынама» Юрый Чыж, кіраўнік «Санта-Імпэкс Брэст» і «Савушкавага прадукту» Аляксандр Машэнскі, старшыня «Амкадора» Аляксандр Шакуцін, кіраўнік «Тытунь-Інвеста» і ўладальніка сеткі гіпермаркетаў «Карона» Павел Тапузідзіс.

Па неафіцыйнай інфармацыі, беларускія ўлады паставілі замежных бізнесменаў перад фактам, што ў выпадку санкцый супраць беларускіх калег яны могуць згарнуць свой бізнэс у нашай краіне.
Шэраг літоўскіх палітыкаў, што маюць бізнэс у Беларусі, цяпер рашуча выступаюць супраць новых санкцый. Падобныя настроі ёсць у Латвіі і Славеніі.

«Вы не паверыце, колькі чалавек змагло сюды прабіцца», — напісала брусэльскае выданне Euobserver аб лабістах беларускіх бізнесменаў, якія дабіваюцца неўключэння ў спіс неўязных у ЕС.

Да эканамічных санкцый нядаўна заклікаў экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус. «Пераканаўча прашу вас праявіць мудрасць, цвёрдасць і рашучасць, каб дапамагчы выратаваць краіну ад далейшага падзення», — напісаў Ус да Кэтрын Эштан.

Прашэнне Саннікава «разглядаецца»

Вядома, што крокам добрай волі з боку Мінска магло б стаць вызваленне палітвязняў. Аднак

улады ўсяго толькі паведамілі, што прашэнне аб памілаванні Саннікава і Бандарэнкі ўсё яшчэ разглядаецца. Маўляў, была інфармацыя аб тым, што выбівалася падпіска сілай.

Такую інфармацыю можна трактаваць як нейкую «нажыўку», на якую хочуць злавіць еўрапейцаў. Нічога канкрэтнага не зроблена, але намёкі шматабяцальныя.

Адзіным пакуль «пазітыўным сігналам» служыць хіба дазвол шэсця на Дзень Волі ад Акадэміі навук да Бангалор. Летась не дазволілі і гэтага. Цяпер жа дэманструюць, што гатовыя да мірнага шэсця, без разгону і затрыманняў.

Адклалі на 2015

Лукашэнка ж у чарговы раз наведаў Маскву, дзе праходзіла пасяджэнне Міждзяржаўнай рады Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Бакам так і не ўдалося дамовіцца аб падпісанні Еўразійскага саюза, які вырашылі адкласці на 2015 год.

Зноў выявіліся дробныя супярэчнасці ў пазіцыі Масквы і Мінска па рэарганізацыі ЕўрАзЭС. Не ўдаецца Крамлю завабіць у Еўразійскі саюз і Украіну, нягледзячы на высокія цэны на газ і еўрапейскі крызіс.

«Можа, падышах памрэ, а можа, асёл здохне»

Што будзе азначаць для дзяржаўнасці, эканомікі, культуры Беларусі далейшая эскалацыя з Еўрасаюзам? Мы папрасілі пракаментаваць гэта аналітыка Аляксандра Класкоўскага.

«Нічога добрага. Адзінае выйсце для Лукашэнкі застаецца ісці на ўсход, у пастку еўразійскай інтэграцыі.

На Захадзе гараць масты, якія падпаліў сам беларускі кіраўнік.
Масква ж будзе настойліва патрабаваць ад Беларусі новых прадпрыемстваў і адзінай валюты».

Дагэтуль Лукашэнка, было такое ўражанне, наўмысна абвастрае адносіны з Еўропай, каб за гэты кошт стрыгчы купоны ў Расіі. У выніку

справа зайшла так далёка, што, калі, скажам, заўтра Масква пачала б рабіць з Беларуссю ўсё, што заўгодна, Еўрасаюз проста прамаўчаў бы.

Застаецца адкрытым пытаннем, якія захады ў адказ на рашэнне ЕС ад 23 сакавіка прыме Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?