Успамін дзяцінства: з вокладкі сакавіцкага нумару жаночага часопіса, які выпісвала маці, мякка ўсьміхаецца Зінаіда Бандарэнка. Тады, ў 60-я, маладая тэлевядоўца стала сымбалем новага лёсу беларускай жанчыны.

Сама тэлевізія выглядала авангардам высокіх тэхналёгіяў. "Рэкорды" і "Нёманы", гэтыя грувасткія скрыні з маленькімі пукатымі экранамі, толькі заваёўвалі побыт беларусаў (гэтак сама на мяжы 21-га стагодзьдзя ў наша жыцьцё ўварвуцца кампутары).

Зінаіда Бандарэнка, без перавелічэньня, стаяла ля вытокаў айчыннай тэлевізіі. Першая абласная студыя БТ адкрылася ў 1957-м у Гомлі. А юная Зіна вучылася там на мэдычную сястру і плюс займалася ў тэатральнай студыі. Пару разоў пашчасьціла трапіць са спэктаклямі ў жывы этэр мясцовай тэлевізіі. (Зрэшты, тады ўсё трансьлявалі жыўцом: тэхнікі для запісу яшчэ не было :) Яе хвалілі рэжысэры.

Спазнаўшы слодыч артыстычнай славы, вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе на дыктараў. Тым болей што адной з умоў было добрае веданьне беларускае мовы. А яна яшчэ ў школе найлепей дэклямавала Коласа ды Купалу.

А вось як прыйшла на іспыт, стала трошкі ніякавата.

"Рэч у тым, што вакол Гомлю тады было багата вайсковых гарадкоў, — распавядала мне праз шмат гадоў спадарыня Зінаіда. — І кінулася ў вочы, што ў конкурсе ўдзельнічае процьма прывабных, шыкоўна апранутых маладых кабет — афіцэрскіх жонак. Тады ж афіцэры на агульным фоне былі надта забясьпечанымі людзьмі. А ўжо калі афіцэрскай жонцы пашчасьціла з мужам і за мяжой пабыць — вы ж разумееце, якімі каралеўскімі ўборамі маглі ўразіць канкурэнткі!

Карацей, калідор поўны, гудзе як вулей. Потым мне сказалі, што на адно дыктарскае месца прэтэндавалі ці то 140, ці то 150 чалавек.

І вось ля вялікага акна стаяць побач са мной дзьве вельмі прыгожыя маладыя жанчыны. Я паўтараю сама сабе маналёг, падрыхтаваны для іспыту, а неўпрыкмет на іх вокам кідаю. Чарнабуркі на шыях, сукенкі пераліваюцца, завіўкі-пэрманенты — на той час крык моды. Карацей, дагледжаныя з галавы да ног.

А я — у сьціплай цёмна-сіняй сукенцы з манішкай і чорным гальштучкам-матыльком.

Чую незнарок іхнюю гамонку. Адна другой кажа:

— Ведаеш, мой сусед Шпанаў працуе на студыі рэжысэрам. Ён так сказаў: калі прыдзе Бандарэнка, дык вам, дзяўчаты, на тым конкурсе рабіць няма чаго. Але яна, здаецца, болей цэліць у медінстытут. Так што калі перадумае і ня зьявіцца, то вы маеце нейкі шанец.

У мяне зусім настрой прапаў. Ну, усё, яшчэ і нейкая недасяжная Бандарэнка на маю галаву! Нашто я сюды прыйшла?

Разумееце, нават і ня сьцяміла, што гэта менавіта пра мяне гаворка!

Потым, калі дома распавяла пра гэты эпізод маці, тая доўга сьмяялася.

А ў той момант мне было зусім не да смеху. Але сабралася з духам і нырнула ў пакой, дзе сядзела журы, нібы ў ледзяны Сож...".

Рэжысэр Шпанаў не памыліўся. Бандарэнка бліскуча перамагла. Неўзабаве яна ўжо працавала на гомельскай тэлевізіі.

Распавядае:

"Як прынесла дадому першы заробак — недзе 1 300 рублёў на старыя грошы — маці аж заплакала.

Для нас гэта былі шалёныя грошы. Ды яшчэ заробленыя такой інтэлігентнай працай!

Быў жа час, калі маці, напрыклад, рабіла дэзінфектаркай чыгуначных вагонаў, а я ёй дапамагала. Заходзілі ў вагон, залеплівалі ўсе шчылінкі паперай, а потым разводзілі куродым пры дапамозе адмысловага прыстасаваньня. Абкурвалі вагон серай, каб не заставалася ніякіх кузурак.

Усяго, карацей, хапіла. І таму маці была такая шчасьлівая, калі пачалася гэтая паласа маіх поспехаў".

Але ў другой палове 90-х у жыцьці Бандарэнкі, на той час мастацкай кіраўнічкі дыктарскага аддзелу Белтэлерадыёкампаніі, надыдзе іншая паласа.

Магчыма, пачалося з таго, што не захацела весьці чарговыя "Дажынкі". Душа не прымала той безгустоўнасьці ды фальшывай пампэзнасьці.

Аднойчы ж будынак на вуліцы Макаёнка наведаў Самы Вялікі Начальнік. На сустрэчу сабралі калектыў. Народная артыстка Беларусі, натуральна, прамаўляла па-беларуску. Яшчэ болей, мела неасьцярожнасьць выказацца ў тым сэнсе, што і высокаму начальству не зашкодзіла б часьцей карыстацца матчынай мовай...

Гэта быў рубікон.

Хто-кольвек адразу запісаў яе ў апазыцыю.

І сапраўды! Ёй слова даюць — дык не каб культурна паразважаць на якія-небудзь гендэрныя тэмы!.. У нас жа бліскуча вырашаюць "жэнскі вапрос". Вунь нават у ААН даводзяць пра ўзорны адсотак кабетаў з мандатамі :) Але "надта разумных" ня любяць. Асабліва калі яны яшчэ і па-беларуску...

Неўзабаве апальная народная артыстка мусіла сысьці з тэлевізіі, а потым — і з аркестру Фінбэрга, дзе трохі падрабляла як вядоўца.

Нават не запрасілі на 50-годзьдзе БТ (у нас, маўляў, "карпаратыўнае мерапрыемства").

А яна не здаецца. Ня хоча жыць толькі ўспамінамі пра зорны час. Увайшла ў Раду беларускай інтэлігенцыі. У 2004-м спрабавала прабіцца ў дэпутаты, але — самі разумееце... Належны адсотак "кабет з мандатамі" забясьпечваецца за кошт трохі іншага кантынгенту.

Цяпер вось Зінаіда Бандарэнка разам з паплечнікамі штурмуе бюракратычныя бастыёны, спрабуючы зарэгістраваць грамадзкае аб'яднаньне пэнсыянэраў.

Голас нашай легендарнай артысткі па-ранейшаму звонка гучыць на імпрэзах нацыянальных сілаў.

25-га яна мае быць на плошчы Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?