У чорны спіс ЕС трапіў беларускі бізнесмен Юрый Чыж і яго канцэрн «Трайпл», у якога літоўскія прадпрымальнікі куплялі дызельнае паліва. «Трайпл» — адзін з найбуйнейшых у Беларусі экспарцёраў гаручага ў краіны ЕС, піша Delfi.lt са спасылкай на Lietuvos rytas.

Літоўскія прадпрыемствы наўпрост і праз пасрэднікаў куплялі гаручае ў гэтага канцэрна.

Калі «Трайпл» не зможа прадаваць дызельнае паліва ў ЕС, то літоўскім прадпрымальнікам прыйдзецца шукаць іншых пастаўшчыкоў. Некаторыя літоўскія прадпрыемствы купленае ў «Трайпла» дызельнае паліва прадавалі іншым краінам.

Цяпер у Літву каля 10% дызельнага паліва завозяць з Беларусі.

«Нашы прадпрыемствы купляюць шмат дызельнага паліва ў канцэрна Чыжа. У яго гаручае таннейшае, чым на Orlen Lietuva. Таму цяпер нашым прыйдзецца шукаць іншых прадаўцоў у Беларусі», — сказаў старшыня Саюза літоўскіх АЗС Рамандас Садаўскас.

Паводле яго слоў, ёсць іншы спосаб абысці санкцыі. «Аб гэтым могуць паклапаціцца самі беларусы. Скажам, у кампаніі зменяцца акцыянеры, назва, і ўсё вернецца на свае месцы», — сказаў Садаўскас.

Паводле неафіцыйных звестак, ЕС пайшоў на саступкі ў дачыненні да кампаній Чыжа. Латвія і Славенія аказвалі націск на Брусель, каб у чорны спіс не ўносілі некалькі кампаній, якія належаць гэтаму алігарху. Намаганні гэтых краін не былі марнымі — тры кампаніі не былі ўключаны ў спіс, адзначае літоўскі інтэрнэт-рэсурс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?