25 сакавіка група сяброў КХП-БНФ на чале з намеснікам старшыні партыі Юрасём Беленькім а 13-й гадзіне прынеслі букет кветак і ліст з віншаваннямі для Сяргея Каваленкі з нагоды Дня Волі.
Супрацоўнікі адміністрацыі «Валадаркі» пасля шматлікіх званкоў усё ж такі адчынілі дзьверы і паразмаўлялі з прадстаўнікамі партыі, але не дазволілі перадаць кветкі і ліст. Букет актывісты пакінулі на лаўцы перад ізалятарам.
«Сяргей Каваленка — гэта гонар нацыі. Мы і зараз ганарымся гэтым чалавекам, і заўсёды будзем ганарыцца ім і такімі, як ён. Ён нам дэманструе, як трэба змагацца за вольную, незалежную Беларусь», -- сказаў Юрась Беленькі.
Жонка Сяргея Каваленкі Алена Каваленка выступіла на мітынгу на Бангалор. Фота Сяргея Гудзіліна.
Сяргей Каваленка трымае галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, прысуду. Актывіста пакаралі 2 гадамі і месяцам зьняволення за парушэнне парадку адбыцця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.