11 сакавіка ў Вільні скончылася двухдзённая сустрэча‑канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкасьці, якую правёў Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў пры дапамозе Рады Эўропы.

У першы дзень удзельнікі, а іх было больш за 40 асобаў, працавалі ў трох сэкцыях, дзе абмяркоўваліся галоўныя дакумэнты, якія рыхтуюць дэмакратычныя сілы. Гэта – малая Канстытуцыя, эканамічная плятформа і стратэгія дзеяньняў. Затым адбыліся пленарныя паседжаньні.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька так камэнтуе гэтую працу: «Я думаю, што мы сталі больш моцнымі перад Палітрадай і перад Кангрэсам. Я маю на ўвазе тых, хто выступаюць за правядзеньне Кангрэсу і аб’яднаньня вакол пазытыўнай альтэрнатывы, зь якой трэба ісьці да насельніцтва».

А сёньня ў Вільні прайшоў круглы стол, прысьвечаны новаму Кангрэсу дэмсілаў. Бальшыня з тых, хто ўдзельнічаў у дыскусіі, выступае за правядзеньне гэтага форуму, паколькі разглядае яго, «як вышэйшы і стала дзеючы орган прыхільнікаў пераменаў».

Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка у сустрэчы ўдзелу ня бралі: Мілінкевіч з-за хваробы, а Вячорка з-за сойму БНФ

З выкарыстаньнем інфармацыі Радыё Свабода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0