Штогод, як прыходзіць вясна, у Беларусі чакаюць паводку. Яшчэ колькі тыдняў таму Міністэрства надзвычайных сытуацыяў папярэдзіла людзей, што ў гэтым годзе рэкі могуць затапіць 150 населеных пунктаў. Кожны год гэтая лічба розная: яна залежыць ад працягласьці зімы, колькасьці сьнегу, інтэнсыўнасьці пацяпленьня ды іншых чыньнікаў.

Вясна прыйшла – і прынесла першыя паведамленьні пра злую ваду. Рэкі выйшлі зь берагоў у Жыткавіцкім, Лоеўскім, Петрыкаўскім, Мазырскім ды Лельчыцкім раёнах. Там далі пра сябе ведаць Дняпро, Прыпяць, Пціч ды Убарць.

У Гомельскім абласным аддзяленьні МНС кажуць, што пакуль сытуацыя пад кантролем, на лодках ніхто не плавае. Рэкі набіраюць за суткі ў сярэднім па 2‑3 сантымэтры. Гэта значыцца, што пакуль хвалявацца рана. Хіба што Прыпяць, якая паднялася каля Турава ажно да 5 мэтраў, не дае слабінкі. Да адзнакі, зь якой фіксуецца затапленьне, застаецца 25 сантымэтраў. Ратаўнікі й мясцовыя жахары спадзяюцца, што рака супыніцца й ня пойдзе далей.

Тым ня меней ратаўнікі знаходзяцца ў поўнай гатоўнасьці. Па іхных прагнозах, у горшым выпадку на Гомельшчыне можа заліць 69 паселішчаў, дзе жыве пад 7 тысяч чалавек. У часе кульмінацыі паводкі ад дарог будуць адсечаныя блізу 100 населеных пунктаў.

На гэты выпадак ужо падрыхтаваныя 2 тысячы адзінак тэхнікі і 310 лодак. Назапашаны пясок, каменьне. Адметнасьць ратавальных апэрацыяў у гэтым годзе будзе ў тым, што поруч з прафэсійнымі ратаўнікамі дапамагаць людзям будуць хлопцы з добраахвотных пажарных дружынаў. Іх ужо навучылі дзейнічаць на вялікай вадзе.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Фота Анатоля Клешчуказ архіву «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0