У найбольш масавых месцах нерасту судака 1 красавіка забараняецца аматарская лоўля гэтай рыбы і выкарыстанне спінінга. Адпаведная пастанова прынята Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведаміла начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю — прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь.

Забарона будзе дзейнічаць да 30 мая. Яна выклікана жаданнем прадухіліць урон папуляцыі судака, які наносіць рыбная лоўля ў перыяд нерасту. Ахоўваючы ікру і лічынак ад ворага, судак актыўна кідаецца на любы прадмет, які з’яўляецца каля гнязда, у тым ліку на блешні. У выніку вытворцы судака траўмуюцца і не могуць актыўна ахоўваць ікру і малявак, смяротнасць асобінаў гэтага віду павялічваецца.

Забарона на аматарскую лоўлю судака і аматарскае рыбалоўства з выкарыстаннем спінінга ўстаноўлена,
у прыватнасці, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці на працягу 2,5 км уверх па Мікашэвіцкім канале ад месца яго ўпадзення ў раку Прыпяць і на Прыпяці на адлегласці 500 м уверх і ўніз па цячэнні ракі ад месца ўпадзення ў яе Мікашэвіцкага канала.

У Гродзенскім раёне аматарская лоўля рыбы забаронена на Аўгустоўскім канале ад шлюза каля вёскі Немнава да месца ўпадзення канала ў раку Нёман; у пойменных вадаёмах Нёмана, такіх як Келбаская затока каля вёскі Келбаскі і Беражанская затока каля вёскі Беражаны. У Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці закрыты для рыбалоўства пойменныя вадаёмы ракі Нёман: возера Стары Нёман-1 каля вёскі Харціца, возера Вінабойскае і возера Новае блізу вёскі Навінка, затон без назвы каля вёскі Дубна.

У Магілёве і Магілёўскім раёне — на ўчастку ракі Дняпро і сумежных пойменных вадаёмах у межах ад водазабора ТАА «Магілёўскі аўтамабільны завод імя Кірава» да вусця ракі Дзебра.

Як адзначыла Пенязь, названыя ў пастанове ўгоддзі з’яўляюцца месцамі найбольш масавага нераставання судака. Тут штогод у перыяд вясновага нерасту збіраецца вялікая колькасць рыбаловаў, якія масава вылоўліваюць судака і тым самым падрываюць папуляцыю гэтага віду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?