26 сакавіка адзначае
* * *
Прыснілася: я ладным дзецюком
Бягу па жыце лёгка і прыгожа.
Ды раптам бліснула, і грымнуў гром,
І хлынуў дождж, і затраслося збожжа.
І ў міг адзін лягло яно пластом.
У полі штось нячыстае вілося:
Ляцеў віхор з валошкамі, з лісцём,
І ўшчэнт з зямлёй змяшалася калоссе.
І адняло мне мову, і я змоўк,
І так стаяў, напоўнены трывогай.
А гром грымеў, і вуркатаў прарок:
— Яшчэ наперадзе твая дарога.
* * *
Нізінны край, мой кут абраны.
Тут цішыня, хоць вудай вудзь.
Сівыя наміткі туману
Чарот чапляючы, плывуць.
Свае, чужыя тут драпежылі.
Шапталі: «Кінь свой край, забудзь».
Мне ж сняцца тут пад Белавежаю
Кушляны, Вязынка, Альбуць.
Зямля для песні набалелая.
Зямля азёр і курганоў.
Ці не таму завешся Белаю
Між гэтых белых туманоў?
* * *
Не, я не ўмёр, я ў глыб сябе зашыўся.
І слухаў свет, дзівосны, дасканалы.
Я ў Пушкіна эпітэтам вучыўся,
А болю і любові — у Купалы.
* * *
Не, я не з тымі, хто куе
Сваё жалеза ў банк швейцарскі,
Душу хто лёгка прадае
За лыжку нейкай там мачанкі.
Хто за цярновы выдае
Ганебны свой вянок з гароху…
Я з тымі, хто жыццё пяе,
Йдучы за праўду на Галгофу.
* * *
Выйду ў вечаровае сутонне
І пачую — ў небе крык плыве.
Раскажыце, што за сум вас гоніць,
Бежанцы нябесныя мае?
Можа вы сабраліся зарана?
І каму яна адрасавана
Гэтая жалоба
Можа вам было тут нелюдзіма
І са мной вы долі аднае?
Можа вы галёкалі Радзіме,
А яна ваш крык не прызнае?
* * *
Цаню спакой і шішыню.
У вёсцы болей сонца, неба.
Ля печы сядзеш, ля агню, —
Ніякіх скарбаў і не трэба.
Не думайце, што я астыў,
Што крах, закончана дарога.
Манаха кліча манастыр,
А мне вось тут бліжэй да Бога.